Лепшы вопыт – у практыку работы

11.3.2015

- Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення, абагульнення і сістэматызацыі вопыту лепшых педагогаў вобласці па арганізацыі героіка-патрыятычнага выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дашкольнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных і выхаваўча-аздараўленчых установах, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Л.І.Мемех. – Конкурс дазволіў творчым педагогам заявіць пра інавацыйныя ідэі, эфектыўныя формы, прыёмы і метады практычнай работы, а таксама пра дасягнутыя вынікі. Пры напісанні работ педагогі сістэматызавалі назапашаныя метадычныя матэрыялы, апрацоўвалі вялікую колькасць тэматычнай літаратуры, асэнсоўвалі і звяралі ўласны вопыт з патрабаваннямі нарматыўных прававых дакументаў у галіне выхавання. Усё гэта садзейнічала прафесійнаму росту педагогаў і павышэнню якасці адукацыйнага працэсу ў цэлым.

Па словах Л.І.Мемех, конкурс дазволіў метадыстам і спецыялістам раённых/абласных структур прааналізаваць і ацаніць стан дзейнасці педкалектываў і метадычных службаў на месцах. Гэта выявіла шэраг актуальных праблем. Акрамя таго, конкурс – выдатная магчымасць для трансляцыі каштоўнага вопыту лепшых педагогаў на шырокую педагагічную аўдыторыю і актыўнага прыцягнення аўтараў цікавых распрацовак да метадычнай работы з калегамі.

Аналіз конкурсных матэрыялаў ажыццяўляла экспертная група з ліку кандыдатаў педагагічных, філалагічных і псіхалагічных навук Брэсцкага абласнога ІРА і БрДУ імя А.С.Пушкіна. Па выніках экспертызы да ўдзелу ў ХVІ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, якая адбудзецца напрыканцы красавіка ў Мінску, дапушчаны 78 работ. Слабая выніковасць, лічыць Л.І.Мемех, тлумачыцца тым, што на першым і другім этапах конкурсу журы амаль не працуе, а работы не вычытваюцца і не карэкціруюцца належным чынам.

- Асноўнымі недахопамі конкурсных матэрыялаў з’яўляюцца няправільная пастаноўка мэт і задач работ, неадпаведнасць іх зместу заяўленым мэтам і задачам, - адзначыла Л.І.Мемех. – Змест многіх работ надзвычай аднастайны. Некаторыя аўтары выдавалі за ўласны чужы вопыт работы. Больш строга і ўважліва трэба падыходзіць да адбору змястоўнага матэрыялу сцэнарыяў мерапрыемстваў, бо ў шэрагу выпадкаў выкарыстоўваюцца недапушчальныя з педагагічнага пункта гледжання падыходы. Лепшыя конкурсныя работы ўвойдуць у анатаваны каталог.

Дыпломы І ступені атрымалі выхавальніца І.А.Воўчык і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці А.С.Вазнюк са спецыяльнага дзіцячага сада № 6 для дзяцей з парушэннем маўлення Пінска (намінацыя “Лепшая сістэма героіка-патрыятычнага выхавання дашкольнікаў і малодшых школьнікаў”), класны кіраўнік Т.В.Дарашэнка з сярэдняй школы № 2 імя Герояў Дняпроўскай флатыліі Пінска (намінацыя “Лепшая сістэма героіка-патрыятычнага выхавання ў рабоце класнага кіраўніка”), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Р.А.Савіцкая і кіраўнік краязнаўчага музея Н.Я.Бялевіч з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна (намінацыя “Лепшая сістэма работы ў галіне гісторыка-пошукавай дзейнасці”), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ж.М.Лапыка і настаўніца гісторыі А.М.Кітленка з сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата Брэста (намінацыя “Лепшая работа па героіка-патрыятычным выхаванні ў выхаваўча-аздараўленчых установах”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.