Рука ў руцэ
04.04.2019- На рахунку валанцёраў шмат рэалізаваных праектаў і акцый, - расказвае педагог-арганізатар В.А.Жыхарка. – Так, разам з ЦКРНіР Баранавіцкага раёна і Баранавіч ажыццёўлены праект “Благо Даря детям”. Школьнікі закупілі для асаблівых дзяцей развіццёвыя гульні, спецыяльную мэблю і цацкі на 1,5 тысячы рублёў. У рамках штогадовай акцыі “У школу з добрым сэрцам” вучні адпраўляюць канцылярскія прылады ў ЦКРНіР Баранавіцкага раёна і Баранавіч. З 2015 года праводзіцца дабрачынная акцыя па зборы сродкаў для цяжка хворых дзяцей “Дзеці дзецям”. Летась на гэтыя мэты было сабрана больш за 5 тысяч рублёў. Падчас акцыі “Цуды на Каляды” дзеці, якія знаходзяцца на дамашнім навучанні, атрымліваюць падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі. У рамках штогадовай акцыі “Нашы дзеці” валанцёры наведваюць дзіцячую бальніцу Баранавіч. Традыцыйнымі сталі акцыі “Ветэран жыве побач” і “5 бульбін”. Напярэдадні Пасхі ладзіцца акцыя “Рабіць дабро ўсім дадзена” ў Ляснянскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Вучні прывозяць ім не толькі падарункі, але і добры настрой і веру ў будучыню.
З мінулага года атрад носіць ганаровае званне “Лепшы сябар асаблівых дзяцей”. Сёння ў школе рэалізоўваецца праект “Асаблівы горад – горад шчасця”. Валанцёры арганізавалі з дзецьмі з АПФР тэатральную групу і ладзяць спектаклі. На сцэне няма адрозненняў паміж звычайнымі вучнямі і вучнямі з абмежаванымі магчымасцямі. Перад мастацтвам усе роўныя.
- Адзін з цікавых напрамкаў работы – клоўнатэрапія, - гаворыць В.А.Жыхарка. – Разам з клоўнамі працуюць дзеці, які па-майстэрску валодаюць пэндзлікамі і фарбай. На ўсіх святах і акцыях няма адбою ад тых, хто жадае ўбачыць на сваіх тварах дзіўныя малюнкі. Валанцёры-грымёры асвоілі тэхніку міхіндзі, дзякуючы якой на руках ажываюць традыцыйныя элементы беларускага арнаменту.
Яшчэ адзін цікавы напрамак работы – лялькатэрапія. У школе дзейнічае лялечны тэатр “Батлейка”, рэпертуар якога складаюць дзіцячыя казкі. Вучні не толькі глядзяць пастаноўкі, але і могуць бліжэй пазнаёміцца з валанцёрамі і лялькамі, прыдумаць для іх новыя гісторыі. Юныя акцёры – частыя госці ў дзіцячай бальніцы і дзіцячым сацыяльным прытулку Баранавіч, а таксама ў ЦКРНіР Баранавіцкага раёна і Баранавіч.
Шмат увагі ўдзяляецца навучанню па прынцыпе “роўны – роўнаму”. Валанцёры-інструктары праводзяць тэматычныя трэнінгавыя заняткі “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі сярод моладзі”, “Лідар. Лідарства”, “Я незалежны. А ты?”, “Туберкулёз – абарані сябе сам”, “Ён + яна = сям’я”, “Камп’ютарная залежнасць” і інш.
Атрадаўцы актыўна ўзаемадзейнічаюць з мясцовай царквой, дапамагаюць у яе добраўпарадкаванні. Не забываюць валанцёры і пра дзяцей з сем’яў бежанцаў.
У бягучым навучальным годзе школьнікі правялі акцыю “Вялікая дапамога маленькаму сябру” для жывёл, якія знаходзяцца ў прытулку. Дзеці сабралі для сабак і катоў сухі корм, прадметы догляду і медыкаменты.
Валанцёры не спыняюцца на дасягнутым, а пашыраюць сферу дзейнасці за кошт актыўнага ўдзелу ў новых конкурсах, сацыяльна значных праграмах і праектах.
- У кожнага чалавека – дарослага ці дзіцяці – свой шлях да дабрыні, доўгі і нялёгкі. Навучыцца быць па-сапраўднаму добрым вельмі цяжка. Таму трэба памятаць, што добрыя словы – гэта карані, добрыя думкі – кветкі, добрыя справы – плады, а добрыя сэрцы – сады. Клапаціцеся пра свае сады і не дазваляйце ім зарасці пустазеллем, напаўняйце іх сонечным святлом, добрымі словамі і добрымі справамі. І калі вы пачуеце ў адказ “дзякуй!”, увесь свет зайграе для вас новымі фарбамі, - адзначае В.А.Жыхарка.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.