Эфектыўныя кіраўнікі сучаснай школы

Эфектыўныя кіраўнікі сучаснай школы

На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу “Кіраванне сучаснай школай: адзінства, калегіяльнасць, эфектыўнасць”. Арганізатарамі спаборніцтва, фінальны этап якога прайшоў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, выступілі абласное ўпраўленне адукацыі і абласны ІРА.
- Сучаснае сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі патрабуе апераджальнага развіцця адукацыйнай галіны, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА В.Г.Строганава. – Галоўная задача нацыянальнай сістэмы адукацыі заключаецца ў забеспячэнні яе якасці. У вырашэнні гэтай задачы вядучая роля належыць кіраўнікам школ як менеджарам адукацыі.

Ролю дырэктара ў сучаснай школе цяжка пераацаніць. На ім ляжыць вялікая адказнасць за забеспячэнне якаснай і эфектыўнай работы калектыву, стварэнне і падтрыманне канструктыўнай, дзелавой і творчай атмасферы ў ім. Таму неабходна, абапіраючыся на дасягненні папярэднікаў і ашчадна захоўваючы лепшае ў існуючай практыцы, шукаць і ўкараняць сучасныя эфектыўныя прыклады прафесійнай дзейнасці як педагогаў, так і кіраўнікоў.

Дырэктар – ключавая фігура ў школе. Кампетэнтнасць кіраўніцкай каманды і зладжанасць яе работы з’яўляюцца вызначальным фактарам у забеспячэнні высокіх вынікаў дзейнасці навучальнай установы ў цэлым. Пералік штодзённых спраў сучаснага кіраўніка школы і неабходных кампетэнцый, пэўна, больш шырокі, чым у менеджара іншай сферы дзейнасці. Больш за тое, з цягам часу перад калектывамі школ паўстаюць новыя задачы, узнікаюць сітуацыі, якія даволі часта патрабуюць неардынарных рашэнняў.

Сёння ў полі зроку кіраўнікоў школ знаходзяцца пытанні, якія тычацца арганізацыйнай культуры ўстаноў адукацыі і іх знешніх сувязей, выкарыстання і развіцця чалавечых рэсурсаў і інш. Дырэктар павінен быць сапраўдным лідарам, умець матываваць супрацоўнікаў і весці за сабой.

Абласны конкурс задумваўся як сродак пошуку, вывучэння, прапаганды і папулярызацыі элементаў эфектыўнай кіраўніцкай практыкі ва ўстановах адукацыі Брэстчыны. Перад арганізатарамі спаборніцтва стаяла задача не толькі ў стварэнні ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі кіраўнікоў школ, але і ў павышэнні ўзроўню іх прафесійнай кампетэнтнасці. Назапашаны вопыт будзе запатрабаваны ў рабоце з кіраўнікамі адукацыйнай галіны.

У адборачных этапах конкурсу прынялі ўдзел 19 навучальных устаноў. У фінал выйшлі 7.

- У фінальным этапе конкурсу сабраліся адны з лепшых кіраўнікоў школ Брэстчыны, - адзначыла намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. – Спаборніцтва паказала, што эфектыўнае кіраванне немагчыма без зладжанай прафесійнай каманды. Конкурсныя работы абапіраюцца на выніковы вопыт устаноў адукацыі па розных напрамках іх дзейнасці. Сапраўдны кіраўнік ніколі не спыняецца на дасягнутым, а заўсёды знаходзіцца ў пошуку дзейсных шляхоў кіравання.

Эфектыўны вопыт работы прэзентавалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 16 Пінска (дырэктар Г.В.Тарэлкін), гімназіі № 5 Баранавіч (дырэктар Т.І.Шастак), дзіцячага сада – сярэдняй школы № 4 Кобрына (дырэктар А.В.Фігурына), Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна (дырэктар С.П.Высоцкі), Мотальскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іванаўскага раёна (дырэктар Г.Я.Хоміч), сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста (дырэктар А.П.Ульяніцкая) і гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна (дырэктар С.У.Саўко). Кіраўнікі навучальных устаноў гаварылі пра ўлік псіхалагічных фактараў пры ажыццяўленні кантролю за дзейнасцю падначаленых, асаблівасці кіравання прафесійным ростам педагогаў, стварэнне аптымальнай мадэлі адукацыйнай прасторы ВПК “дзіцячы сад – сярэдняя школа”, кіраванне інавацыйнай дзейнасцю, выкарыстанне матрычна-праектнай мадэлі кіравання працэсам стварэння эколага-дружалюбнага адукацыйнага асяроддзя і інш.

Па рашэнні журы пераможцай конкурсу стала гімназія № 5 Баранавіч. Дыпломы ІІ ступені атрымалі дзіцячы сад – сярэдняя школа № 4 Кобрына і гімназія Белаазёрска Бярозаўскага раёна. Дыплом ІІІ ступені дастаўся Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.

Последние изменения