З улікам рэгіянальнай спецыфікі

09.04.2019
Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна адыгрывае важную ролю ў арганізацыі вольнага часу сельскіх школьнікаў, іх сацыялізацыі, выхаванні, развіцці творчых здольнасцей, далучэнні да грамадска значнай дзейнасці, фарміраванні эканамічнай культуры і інш. Вялікая працягласць раёна, аддаленасць ад большасці школ – не лепшыя ўмовы для паспяховай работы, але педагогам удалося выбудаваць сістэму супрацоўніцтва з установамі адукацыі і культуры, якая дазваляе даволі эфектыўна працаваць і даваць высокія вынікі.

- Аб’яднанні па інтарэсах дзейнічаюць нават у малакамплектных школах і ва ўстановах культуры, дзякуючы чаму цалкам задавальняюцца запыты дзяцей і іх бацькоў, - расказвае дырэктар цэнтра Ю.В.Вінаград. – Важна, што дадатковая адукацыя з’яўляецца практыка-арыентаванай. Заняткі вядуць майстры сваёй справы, якія ўмеюць зацікавіць выхаванцаў рознабаковай і карыснай дзейнасцю з улікам іх жаданняў і патрэб, стварыць умовы для фарміравання лідарскіх якасцей, развіцця творчага патэнцыялу і сацыяльных кампетэнцый. Працуючы пераважна з педагогамі-сумяшчальнікамі (94%), мы імкнёмся захаваць іх пастаянны склад, забяспечыўшы пераемнасць у навучанні.

Педагогі рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мастацкага, турыстычна-краязнаўчага, грамадска-гуманітарнага, фізкультурна-спартыўнага, эколага-біялагічнага, культурна-адпачынкавага, сацыяльна-педагагічнага і тэхнічнага профілю. На занятках па інтарэсах выхаванцы набываюць спецыяльныя веды і практычныя ўменні ў пэўных відах дзейнасці.

- Сёння ад цэнтра на базе ўстаноў адукацыі і культуры раёна працуюць 90 гурткоў, дзе займаецца каля 1,1 тысячы дзяцей (36% ад усіх вучняў), - гаворыць Ю.В.Вінаград. – Аб’яднанні па інтарэсах у цэнтры наведваюць 6 падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН, і 33 вучні з нядобранадзейных сем’яў. Найбольш шматлікі – мастацкі напрамак навучання (54 гурткі ахопліваюць каля 700 дзяцей). Школьнікі з задавальненнем займаюцца музычнай, выяўленчай, дэкаратыўна-прыкладной і харэаграфічнай творчасцю пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў, якія далучаюць іх да культурных здабыткаў і развіваюць творчыя задаткі. Многія адукацыйныя праграмы разлічаны на 3 – 5 гадоў. Сёння педагог дадатковай адукацыі А.В.Шмырына з Русіноўскай сярэдняй школы распрацоўвае аўтарскую праграму павышанага ўзроўню па выяўленчай творчасці, арыентаваную на высокаматываваных дзяцей і накіраваную на пашырэнне іх спецыяльных ведаў і ўдасканаленне адпаведных навыкаў. Навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці – актыўныя ўдзельнікі і пераможцы творчых выстаў, конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднага.

Шмат увагі ўдзяляецца стварэнню адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з АПФР. Педагогі развіваюць у іх камунікатыўныя навыкі, дапамагаюць ім асвоіць пэўныя ўменні ручной працы для далейшай прафесійнай дзейнасці. Так, з 2016 года на базе ЦКРНіР Баранавіцкага раёна дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах сацыяльна-педагагічнага профілю “Добрыя рукі” (кіраўнік А.М.Кісялёва), на занятках якога асаблівыя дзеці займаюцца выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Педагог працуе па індывідуальных праграмах дадатковай адукацыі для дзяцей з АПФР, створаных разам з педагогамі ЦКРНіР. У аснове праграм – прынцыпы адкрытых зносін і інтэнсіўнага ўспрымання, якія прадугледжваюць максімальнае выкарыстанне розных сенсорных каналаў у розным спалучэнні. Гэта дапамагае фарміраваць даверлівыя адносіны і ствараць сітуацыі поспеху. А.М.Кісялёва працуе ў цесным кантакце з педагогам-псіхолагам ЦКРНіР і бацькамі дзяцей, што дазваляе своечасова карэкціраваць работу па тэмах і раздзелах вучэбнага плана, дыягнаставаць дасягненні выхаванцаў, выпрацоўваць стратэгію далейшай дзейнасці.

- Работа аб’яднанняў па інтарэсах мае істотны адукацыйны, сацыяльны і нават тэрапеўтычны эфект, - адзначае Ю.В.Вінаград. – Даволі цікавым з’яўляецца вопыт дзейнасці педагога дадатковай адукацыі Г.М.Панарынай, якая ў мінулым годзе кіравала гуртком “Навуковае таварыства” на базе Гарадзішчанскай сярэдняй школы імя М.А.Скіпара. Работа гуртка вялася ў цесным супрацоўніцтве з БарДУ. Школьнікі былі частымі гасцямі і ўдзельнікамі пасяджэнняў студэнцкага навуковага таварыства, універсітэцкіх мерапрыемстваў, алімпіяды па псіхалогіі.

З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання на базе Жамчужненскай сярэдняй школы дзейнічаюць гурткі “Парадна-цырыманіяльны атрад барабаншчыц” (кіраўнік Н.В.Бадзеракова) і “Наследники.by” (кіраўнік Г.І.Багдановіч), а на базе Русіноўскай сярэдняй школы працуе гурток “Зарнічка” (кіраўнік В.В.Іванюк).

Выхаванцы аб’яднання па інтарэсах тэхнічнага профілю “Зрабі сам” (кіраўнік В.В.Андрэйчыкаў), створанага на базе Мірскай сярэдняй школы, - неаднаразовыя ўдзельнікі і прызёры абласнога адкрытага турніру робататэхнікі “Робафэст”, Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект” і Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

19 гурткоў працуюць па турыстычна-краязнаўчым напрамку. З мэтай актывізацыі турыстычнай і краязнаўчай работы штогод (з верасня па чэрвень) праводзіцца турыяда.

Ёсць што паказаць і пра што расказаць выхаванцам гуртка “Гісторыкі-краязнаўцы” (кіраўнік В.Р.Мініч), які дзейнічае на базе Карчоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Вучнёўскія даследаванні Туганавіцкага парка, каменя філарэтаў і жыццёвага шляху Марылі Верашчакі, а таксама археалагічныя раскопкі падмурка сядзібы Верашчакаў у Туганавічах леглі ў аснову многіх работ для навукова-практычных канферэнцый, мерапрыемстваў Рэспубліканскай акцыі дзяцей і навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, абласных і рэспубліканскіх краязнаўчых і патрыятычных акцый, пераможцамі якіх неаднаразова станавіліся карчоўскія школьнікі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.