Да якаснай адукацыі праз эфектыўнае кіраванне

03.09.2019
Сёлетняя абласная жнівеньская канферэнцыя педагогаў Брэстчыны, прысвечаная міжведамаснаму ўзаемадзеянню, сабрала каля 240 удзельнікаў. Сярод іх былі намеснік міністра адукацыі Беларусі С.В.Руды і старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс.

Пленарнаму пасяджэнню, якое праходзіла на базе Брэсцкага раённага дома культуры, папярэднічала работа 4 секцый, арганізаваных у сярэдняй школе № 10 Пінска, сярэдняй школе № 1 Кобрына, Цэнтры бяспекі Столінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і ААТ “Белавежскі” Камянецкага раёна. Удзельнікі секцый абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з арганізацыяй інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, міжведамаснага ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства, супрацоўніцтва ССНУ і ПТНУ і арганізацый-заказчыкаў кадраў. На выставачнай экспазіцыі, размешчанай перад Брэсцкім раённым ДК, былі прадстаўлены дасягненні сістэмы адукацыі вобласці ў галіне прафесійнай падрыхтоўкі навучэнскай моладзі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі засяродзіў увагу на прыярытэтных напрамках развіцця адукацыйнай галіны ў новым навучальным годзе. Сёння ў вобласці працуюць каля 1,2 тысячы ўстаноў адукацыі. Колькасць дзяцей з году ў год павялічваецца. Актыўна будуюцца новыя ўстановы адукацыі: дзіцячыя сады ў Пінску, Баранавічах і Драгічыне, школа-сад і сярэдняя школа ў Брэсце. Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема, звязаная з недахопам месцаў у дзіцячых садах крокавай даступнасці, асабліва ў новых мікрараёнах (у іх маюць патрэбу 1730 дзяцей). Вырашыць гэтую праблему павінна аптымальнае выкарыстанне плошчаў існуючых устаноў, падвоз дзяцей, у тым ліку гарадскіх, у сельскія сады, наведванне ўстаноў па гібкім рэжыме (без харчавання) і інш.

- Кваліфікацыйны ўзровень педагогаў (а іх на Брэстчыне каля 29 тысяч) дазваляе паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – Так, каля 80% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Больш за ўсё іх у Баранавічах, Ляхавіцкім і Лунінецкім раёнах. Павялічваецца колькасць настаўнікаў-метадыстаў. 

Сярод актуальных праблем – якасць работы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Так, заслужаныя нараканні выклікае выніковасць цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяднага руху і навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў, нягледзячы на невялікую станоўчую дынаміку. Ю.М.Прасмыцкі лічыць, што для павышэння якасці адукацыі і эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці неабходна шырока выкарыстоўваць магчымасці сучасных ІКТ, у тым ліку “Электроннай школы”. Але невысокая ІТ-кампетэнтнасць педагогаў пакуль не дазваляе арганізаваць эфектыўную работу ў гэтым напрамку.

- Трэба стварыць сучасную сістэму навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, якая прапаноўвае педагогам эфектыўныя сродкі, тэхналогіі і методыкі навучання, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – Неабходна забяспечыць наяўнасць аўтаматызаваных сістэм кантролю і кіравання адукацыйным асяроддзем. Педагогі павінны мець магчымасць на аснове выкарыстання ІКТ аператыўна абменьвацца вопытам, наладжваць сеткавае ўзаемадзеянне, у тым ліку з бацькамі вучняў.

Што тычыцца нізкай выніковасці алімпіяднага руху, то адміністрацыі ўстаноў і органы кіравання адукацыяй недапрацоўваюць у стварэнні належных умоў для індывідуальнай работы са здольнымі вучнямі не толькі ў школах, але і ва УВА, рэсурсных цэнтрах, прычым на працягу ўсяго навучання. Неабходна ўдасканальваць работу з высокаматываванымі дзецьмі, павышаць кіраўніцкую культуру, шукаць новыя метады педагагічнай дзейнасці, паглыбляць узаемадзеянне з вышэйшай школай.

Па словах Ю.М.Прасмыцкага, у шэрагу гімназій і ліцэяў вобласці адсутнічае сістэмная работа з адоранымі вучнямі. Высокія вынікі ў алімпіядным руху паказваюць толькі 8 – 9 устаноў з 31: гімназія № 1 і ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, гімназіі №№ 1 – 5 Баранавіч, гімназія № 3 Пінска і Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава. На працягу апошніх 10 гадоў не падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды гімназіі №№ 3 і 4 Брэста, гімназіі Драгічына і Камянца. Даволі сціплыя вынікі ў гімназій Ляхавіч і Пружан, ліцэя Івацэвіцкага раёна. Далейшая немэтазгоднасць існавання некаторых устаноў у сённяшнім статусе відавочная.

- Неабходна прынцыпова змяніць падыход да планавання павышэння кваліфікацыі педагогаў, якое павінна адштурхоўвацца ад патрэб канкрэтнага работніка, - заўважыў Ю.М.Прасмыцкі. – Варта ўкараняць модульна-рэйтынгавую сістэму ў гэтай дзейнасці, якая будзе максімальна ўлічваць прафесійныя інтарэсы і цяжкасці педагогаў, дазволіць аб’яднаць павышэнне кваліфікацыі ў рамках курсавой падрыхтоўкі і ў міжкурсавы перыяд. Для гэтага трэба паляпшаць кадравы патэнцыял абласнога ІРА і рэгіянальных вучэбна-метадычных кабінетаў, пазбавіцца ад лішняга дакументаабароту, сістэматызаваць інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы.

Актуальны напрамак работы – стварэнне здароўезберагальнага і бяспечнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, якое ўключае арганізацыю якаснага харчавання, забеспячэнне належнага тэхнічнага стану будынкаў, прылеглай тэрыторыі, мэблі і абсталявання, а таксама прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з п’янствам, наркаманіяй і тытунекурэннем сярод падлеткаў, прадухіленне суіцыдальных паводзін і траўміравання дзяцей. Важную ролю ў гэтым адыгрывае цеснае ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі і ўстановамі аховы здароўя. Павышанай увагі патрабуюць пытанні, звязаныя з кібербяспекай і негатыўным уплывам інтэрнэту. Школа павінна займаць актыўную пазіцыю ў сацыяльных сетках.

- Выхаваўчыя мерапрыемствы ў школах, асабліва суботнія, трэба праводзіць без фармалізму, прапанаваўшы дзецям цікавыя і карысныя формы дзейнасці, - падкрэсліў Ю.М.Прасмыцкі. – Асаблівая ўвага – арганізацыі працоўнага і прафесійнага навучання, у тым ліку праз комплексную мадэрнізацыю сістэмы прафесійнай адукацыі. Неабходна стварыць аптымальную сетку ПТНУ для эфектыўнага выкарыстання працоўных, вытворчых, адукацыйных і фінансавых рэсурсаў. На базе шэрага ўстаноў арганізавана прафесійнае навучанне школьнікаў па запатрабаваных у рэгіёнах прафесіях. Вырашыць многія задачы немагчыма без належнага ўзроўню кіраўніцкай кампетэнтнасці, у тым ліку ў эканоміцы, і кадравай работы.

Кіраўнік Брэстчыны акрэсліў актуальныя пытанні далейшага развіцця адукацыйнай галіны. А.В.Ліс упэўнены, што падрыхтоўка выпускнікоў – задача не толькі школы, але і іншых зацікаўленых ведамстваў. Неабходна выпрацаваць праграму перспектыўнай падрыхтоўкі кадраў. Выклікае трывогу павелічэнне колькасці выпускнікоў, якія паступаюць у замежныя УВА (летась 573). Назіраецца пасіўнасць айчынных універсітэтаў у прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі павінна адпавядаць сучасным патрабаванням. Кіраўнікі і педагогі павінны адказна выконваць прафесійныя абавязкі. Існуюць пэўныя заўвагі па арганізацыі бяспекі адукацыйнага працэсу, якаснага харчавання, прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў і суіцыдальных паводзін сярод непаўналетніх, рабоце з сям’ёй, у тым ліку па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў дзяцей, аснашчэнні ўстаноў спартыўным інвентаром, павелічэнні заробкаў у галіне. Неабходна ствараць адпаведныя ўмовы для прафесійнага развіцця педагогаў, павышаць кіраўніцкую кампетэнтнасць кадраў.  

- Адукацыя Брэстчыны паспяхова развіваецца па многіх напрамках дзейнасці, нягледзячы на пэўныя недахопы і праблемы. Дзякуючы высокаму кадраваму патэнцыялу, які з’яўляецца адным з лепшых у краіне, педагогі вобласці здольны паспяхова вырашыць пастаўленыя задачы, - адзначыў намеснік міністра адукацыі Беларусі С.В.Руды.

Напрыканцы канферэнцыі лепшыя педагогі Брэстчыны былі адзначаны граматамі і падзячнымі пісьмамі Брэсцкага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Нагрудны знак Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі” атрымалі дырэктар Кобрынскай агульнаадукацыйнай спецыяльнай школы-інтэрната Т.І.Драгун, дырэктар гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста К.К.Калейчык, дырэктар Малецкай санаторнай школы-інтэрната Бярозаўскага раёна П.П.Крупскі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання А.П.Шарапа і намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання С.А.Грышко.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.