75 гадоў разам з педагогамі

29.11.2019
У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды 75-годдзя ўстановы. Яе супрацоўнікаў павіншавалі з юбілеем начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.І.Васіленка, начальнікі рэгіянальных аддзелаў па адукацыі, загадчыкі вучэбна-метадычных кабінетаў.

- Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе ў Брэсце пры абласным аддзеле народнай адукацыі адкрыўся педагагічны кабінет, які ў студзені 1941 года быў пераўтвораны ў абласны інстытут удасканалення настаўнікаў. Яго работа спынілася з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны і аднавілася ў 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - расказаў рэктар Брэсцкага абласнога ІРА А.В.Машчук.

75-гадовая гісторыя інстытута неаддзельная ад пасляваенных пераўтварэнняў і здзяйсненняў у сістэме адукацыі Брэстчыны і ўсёй краіны. Пасля вайны ў школы вярнуліся тысячы настаўнікаў. Супрацоўнікам інстытута неабходна было аказаць ім неабходную метадычную дапамогу для паспяховага аднаўлення ў прафесіі.

У 60 – 70-ыя гады мінулага стагоддзя пашыралася сетка школ, прафесійна-тэхнічных вучылішч, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Супрацоўнікі інстытута актыўна дапамагалі педагогам удасканальваць прафесійныя веды.

За сваю гісторыю абласны ІРА змяніў не адзін адрас і перажыў не адну рэарганізацыю. Сёння ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых, якая дынамічна развіваецца і ідзе ў нагу з часам, штогод павышаюць прафесійную кваліфікацыю больш за 6 тысяч педагогаў Брэстчыны па розных актуальных напрамках (“Педагагічная дзейнасць у сацыяльна-педагагічных установах”, “Выхаванне прыёмных сем’яў”, “Выхаванне ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне”, “Рэзерв кіраўніцкіх работнікаў”, “Атэстацыя педагагічных работнікаў”, “Падрыхтоўка ІТ-цьютараў”, “Кіраўніцтва школьнымі метадычнымі аб’яднаннямі” і інш.).

Інстытут штогод праводзіць больш за 60 навукова-метадычных і іншых мерапрыемстваў. Сярод іх – рэгіянальны конкурс “Малады настаўнік Брэстчыны”, абласныя этапы рэспубліканскіх конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” і “Энергамарафон”, абласны фестываль педагагічнага майстэрства, панарамы вопыту эфектыўнай адукацыйнай практыкі і інавацыйна-эксперыментальнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, абласны конкурс “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, штогадовы фестываль школьных тэатральных калектываў “Асарці” на замежнай мове і інш. Акрамя таго, інстытут каардынуе работу больш за 1,7 тысячы метадычных фарміраванняў педагогаў: творчых і праблемных груп, школ маладога настаўніка, школ перадавога педагагічнага вопыту і інш. Наладжаны цесныя сувязі з Міжнароднай акадэміяй навук педагагічнай адукацыі (Масква), Роўненскім абласным інстытутам паслядыпломнай адукацыі (Украіна) і Магілёўскім абласным ІРА.

Вялікую работу ўстанова праводзіць у інфармацыйна-аналітычным суправаджэнні прафесійнай дзейнасці педагогаў, кіраўніцкай і інавацыйнай дзейнасці, інфарматызацыі і рэсурсным забеспячэнні ўстаноў адукацыі вобласці. У інстытуце дзейнічаюць музейна-педагагічны комплекс “Адукацыя Брэстчыны” і абнаўляльная галерэя вопыту “Эфектыўная адукацыя Брэсцкай вобласці”.

- Перспектывы далейшага развіцця інстытута звязаны з бесперапынным забеспячэннем якасці адукацыйных паслуг шляхам выкарыстання механізму сістэмы менеджменту якасці, бесперапынным кансалтынгам кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі на бязвыплатнай аснове, актывізацыяй міжнароднага супрацоўніцтва з установамі дадатковай адукацыі і ўдзелам у міжнародных і рэспубліканскіх адукацыйных праектах, - адзначыў А.В.Машчук. – Мы ганарымся сваёй гісторыяй і сённяшнім днём. Калектыў інстытута імкнецца знаходзіцца ў авангардзе дадатковай адукацыі дарослых, прапагандуе эфектыўны вопыт практычнай педагагічнай дзейнасці, развівае і стымулюе творчасць настаўнікаў і вучняў ва ўзаемадзеянні з галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама.

- За 75 гадоў у інстытуце назапашаны каштоўныя напрацоўкі па ўдасканаленні прафесійнага ўзроўню педагогаў. Новы час ставіць перад метадыстамі і новыя задачы. Можна не сумнявацца, што калектыў інстытута паспяхова справіцца з імі, бо заўсёды ідзе ў нагу з часам, - заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Шмат цёплых слоў у адрас інстытута прагучала з боку яго партнёраў – начальнікаў раённых (гарадскіх) аддзелаў па адукацыі, загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікоў школ і старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.І.Васіленкі. Шэраг супрацоўнікаў інстытута атрымалі з рук начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкага граматы за добрасумленную і выніковую працу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.