Сучасныя падыходы да стварэння беларускамоўнага асяроддзя ва ўстанове дашкольнай адукацыі

02.12.2019
Ва ўмовах павышэння якасці дашкольнай адукацыі асаблівае значэнне набывае прафесійная кампетэнтнасць педагагічных кадраў устаноў дашкольнай адукацыі вобласці. Пытанні, звязаныя з фарміраваннем і ўдасканаленнем прафесійнай кампетэнтнасці кіраўнікоў і педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі патрабуюць пошуку найбольш эфектыўных форм метадычнай работы.

Для арганізацыі сістэмнай метадычнай работы з педагагічнымі работнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі ў 2019 годзе Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендавана мадэль работы сеткі метадычных фарміраванняў над адзінай метадычнай тэмай “Арганізацыя адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання”.

28 лістапада 2019 года на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі Баранавіцкага раёна адбыўся абласны семінар “Сучасныя падыходы да стварэння беларускамоўнага асяроддзя ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Удзельнікамі семінара сталі кіраўнікі метадычных фарміраванняў намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Аб асаблівасцях арганізацыі беларускамоўнага асяроддзя ва ўстановах дашкольнай адукацыі Баранавіцкага раёна паведаміла метадыст ДВМУ “Баранавіцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Палевікова Марына Антонаўна. Асаблівую цікавасць удзельнікаў семінара выклікаў прагляд сюжэтна-ролевых гульняў “Выратавальнікі”, “Пельменная фабрыка”, у ходзе якіх выхавальнікі дашкольнай адукацыі ДУА “Гарадзішчанскі яслі-сад” Цімошчык Ж.М. і Ломжа Т.М. прапанавалі вопыт стварэння беларускамоўнай камунікатыўнай прасторы праз гульнёвую дзейнасць выхаванцаў. Выхаванцы дадзенай установы дашкольнай адукацыі прэзентавалі атрыбуты да сюжэтна-ролевых гульняў, створаных ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

У ДУА “Жамчужненскі яслі-сад Жамчужынка” была арганізавана выстава беларускамоўнага камунікатыўнага асяроддзя ўстаноў дашкольнай адукацыі Баранавіцкага раёна. Загадчык ДУА “Навамышскі яслі-сад” Гаўрыльчык А.С. пазнаёміла гасцей семінара з вопытам работы па тэме “Стварэнне ўмоў для павышэння цікавасці дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай мовы праз устанаўленне ўзаемасувязі мінулага з сучаснасцю”.

Удзельнікі семінара мелі магчымасць прыняць удзел у свяце “Беларускі кірмаш”, арганізаваным намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Жамчужненскі яслі-сад Жамчужынка” Івановай А.В., а таксама пагуляць у гульню “Размаўляем па-беларуску”.

Матэрыял падрыхтаваны начальнікам вучэбна-метадычнага ўпраўлення
дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі на І ступені
ДУА “Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі” Лявіцкай А.Б.