Па дарозе ў школу

09.01.2020
Неўзабаве старшыя дашкольнікі пойдуць у 1 клас. У сувязі з гэтым іх бацькі хвалююцца, перажываюць і шукаюць адказы на пытанні: “Ці трэба рыхтаваць дзяцей да школы?”, “Калі трэба, то дзе і як гэта можна зрабіць?”, “Што дзеці павінны ведаць перад школай?”, “У колькі гадоў аддаваць у школу – у 6 ці 7?” і г.д. Універсальных адказаў на іх няма. Кожны выпадак індывідуальны. Так, некаторыя дзеці ўжо ў 6 гадоў цалкам падрыхтаваны да школы, а іншыя і ў 7 зусім не гатовы.

Рыхтаваць дзяцей да школы трэба абавязкова. Гэта аблягчае адаптацыю і навучанне ў 1 класе. Па словах рускага псіхолага Л.А.Венгера, быць падрыхтаваным да школы не азначае ўмець чытаць, пісаць і лічыць, а азначае быць падрыхтаваным усяму гэтаму вучыцца.

Адносіны дзяцей да школы фарміруюцца задоўга да таго, як яны туды пойдуць. І тут важную ролю адыгрывае інфармацыя пра ўстанову адукацыі, спосаб яе падачы з боку бацькоў, выхавальнікаў, настаўнікаў. Ужо 3 гады ў нашай школе дзейнічае гурток “Па дарозе ў школу” па падрыхтоўцы малышоў да будучай вучобы. Сёлета яго наведваюць 10 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Усе шумныя, жвавыя, дапытлівыя! Будучыя першакласнікі прыходзяць па суботах. Для іх арганізоўваюцца двое паўгадзінных заняткаў у гульнявой форме з захаваннем санітарна-гігіенічных патрабаванняў. На іх дзеці знаёмяцца са школай, кабінетам, першай настаўніцай, атрымліваюць агульнаадукацыйныя веды, уменні і навыкі – вучацца вучыцца.

Малышы з задавальненнем працуюць у сшытку “Падрыхтоўка да школы”, рэкамендаваным Міністэрствам адукацыі Беларусі. Заняткі ў школе – гэта працяг заняткаў у дзяцячым садку па развіцці маўлення, абагачэнні слоўнікавага запасу, развіцці матэматычных уяўленняў. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікае экскурсія па новым будынку школы, дзе створаны камфортныя ўмовы для навучання.

Вольга ПІЎНЮК,

кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў

Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.