Баранавічы, Магілёў, Орша, Пінск…

05.02.2020
Пінск перадаў статус культурнай сталіцы Лідзе і атрымаў новы – маладзёжнай сталіцы. З гэтай нагоды ў горадзе над Пінай адбыліся ўрачыстыя і тэматычныя мерапрыемствы з удзелам міністра адукацыі І.В.Карпенкі і лепшай моладзі з усёй краіны.

Шматдзённая праграма рэспубліканскага свята “Пінск – маладзёжная сталіца Беларусі – 2020” атрымалася надзвычай цікавай і насычанай. Яму папярэднічалі прафарыентацыйныя і спартыўныя майстар-класы ўдзельнікаў 55-га інтэрнацыянальнага “Зорнага паходу” студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ імя Максіма Танка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, прысвечанага 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пляцоўкай для іх сталі Пінская дзіцячая школа мастацтваў, Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Пінскі дзяржаўны ПТК лёгкай прамысловасці і ПалесДУ. У наступныя дні майстар-класы, аб’яднаныя тэмай “Праз мастацтва – да ўстойлівага развіцця грамадства”, праходзілі на базе іншых устаноў адукацыі горада.

Пасля ўрачыстага мітынгу і ўскладання кветак да мемарыяльнага комплексу вызваліцелям Пінска ўдзельнікі мерапрыемстваў разам з міністрам адукацыі наведалі выставу-прэзентацыю “Дасягненні моладзі сёння – паспяховае развіццё і працвітанне Беларусі заўтра!”, арганізаваную ў Пінскім гарадскім доме культуры. Тут былі прадстаўлены інавацыйныя распрацоўкі і праекты ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай, дадатковай і вышэйшай адукацыі Брэстчыны.

На сцэне дома культуры быў дадзены старт новаму этапу рэспубліканскага праекта. Ва ўрачыстай атмасферы міністр адукацыі І.В.Карпенка перадаў сімвалічны ключ і сімвалічную талерку маладзёжнай сталіцы ад Оршы Пінску. У цырымоніі іх перадачы ўдзельнічалі намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама В.С.Калачоў і старшыня Пінскага гарвыканкама І.Р.Рэбкавец. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці В.А.Лісковіч зачытаў прывітальны зварот удзельнікам ад старшыні Савета Рэспублікі Н.І.Качанавай.

Затым творчая моладзь Піншчыны прэзентавала культурную прастору сталіцы Палесся. Добрым дапаўненнем да гэтага сталі адкрыццё Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі – 2020” і анонс конкурсу “Песні маёй краіны”. Канцэртная праграма, пабудаваная ў форме творчага стартап-падарожжа па часе (ад старажытнасці да сучаснасці), нікога не пакінула раўнадушным. Удзельнікі творчых калектываў падарылі гледачам шмат яркіх і незабыўных музычных і танцавальных нумароў.

- Праект “Маладзёжная сталіца” – гэта цікавая ініцыятыва, народжаная ў Год моладзі, на якую адгукнуліся многія гарады нашай краіны, - адзначыў міністр адукацыі І.В.Карпенка. – Першай маладзёжнай сталіцай Беларусі сталі Баранавічы, пасля якіх маладзёжнымі сталіцамі пабывалі Магілёў і Орша. Гэты маштабны творчы, культурны і адукацыйны праект з’яўляецца добрай традыцыяй, накіраванай на развіццё гарадоў Беларусі. Сёлета эстафету маладзёжнай сталіцы ад Оршы пераняў Пінск, старажытны горад з багатай гісторый, культурны і прамысловы цэнтр сучаснага беларускага Палесся. Менавіта ад моладзі залежыць, якім будзе заўтра гэты цудоўны куточак нашай зямлі. Кіраўніцтва дзяржавы ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю малой радзімы і рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, звязаных з паляпшэннем якасці жыцця ў розных гарадах Беларусі. Хочацца спадзявацца, што цікавыя ідэі дадуць рэальны практычны вынік у найбліжэйшай будучыні.    

І.В.Карпенка расказаў, што на працягу года ў маладзёжнай сталіцы будуць праводзіцца розныя рэспубліканскія мерапрыемствы. Пінск стане платформай для падтрымкі і развіцця маладзёжных праектаў. Міністр адукацыі выказаў упэўненасць, што горад паспяхова справіцца з гэтай задачай. Ганаровае званне натхніць жыхароў паказаць сябе з лепшага боку, прапанаваць і рэалізаваць разнастайныя ініцыятывы.

- У Пінску жыве выдатная моладзь, адукаваная, таленавітая і мэтанакіраваная, - заўважыў І.В.Карпенка. – Не сумняваюся, што на змену старэйшаму пакаленню прыйдуць энергічныя, умелыя і шчырыя людзі, здольныя змяніць і палепшыць родны горад. Сёння вельмі запатрабаваны кампетэнтныя і мабільныя спецыялісты, якія ўмеюць прымаць нестандартныя канструктыўныя рашэнні. Сучаснай моладзі пашанцавала жыць у час, калі адкрыты неабмежаваныя магчымасці для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу. Упэўнены, што сённяшнія юнакі і дзяўчаты дастойна працягнуць лепшыя традыцыі папярэднікаў, зробяць усё неабходнае для працвітання нашай краіны.

У рамках Рэспубліканскага форуму #БеларусьМоладзьІніцытыва, які прайшоў пасля ўрачыстай перадачы эстафеты, працавалі 6 тэматычных пляцовак, арганізаваных на базе розных устаноў. Так, у Пінскім гарадскім доме культуры адбылася сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі і старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці В.А.Лісковіча з членамі маладзёжных парламентаў, Пінскага гарадскога дзіцячага парламента і маладзёжнымі пасламі Мэт устойлівага развіцця. У ПалесДУ прайшлі пасяджэнне Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета і адукацыйны семінар для прарэктараў УВА “Універсітэт 3.0 і дзяржаўная маладзёжная палітыка ў Беларусі” з удзелам І.В.Карпенкі. Акрамя таго, ва ўніверсітэце былі прэзентаваны дзейнасць Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра і валанцёрскага цэнтра ПалесДУ. У Пінскай цэнтральнай бібліятэцы працавала адукацыйная пляцоўка “Час наперад!”.

- Паміж органамі кіравання адукацыяй і моладдзю павінна быць наладжана эфектыўная зваротная сувязь, - лічыць І.В.Карпенка. – Існуючыя маладзёжныя аб’яднанні дапамагаюць вызначыць праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Галоўнае – напоўніць іх работу канкрэтным зместам і сэнсам. Наша задача – стварыць умовы для паспяховай самарэалізацыі кожнага маладога чалавека, патэнцыял якога павінен быць абавязкова запатрабаваны ў роднай краіне.

З думкай міністра адукацыі пагадзіўся старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці В.А.Лісковіч. Ён адзначыў, што энергію, крэатыўнасць і мэтанакіраванасць моладзі варта скіроўваць у карыснае рэчышча.

Прадстаўнікі маладзёжных парламентаў Пінска і Наваполацка расказалі пра канструктыўныя ўзаемаадносіны з мясцовай уладай па рэалізацыі цікавых ініцыятыў, акцый і праектаў, накіраваных на паляпшэнне жыцця ў розных сферах, і прэзентавалі ў пацвярджэнне шматлікія карысныя справы.

Падчас двухгадзіннай размовы з маладзёжнымі актывістамі закраналіся розныя актуальныя пытанні, якія тычыліся не толькі адукацыі. Удзельнікі сустрэчы пачулі шчырыя і абгрунтаваныя адказы на іх.

- Лідарамі нараджаюцца ці становяцца?

І.В.Карпенка: “Безумоўна, становяцца. Лідарскія якасці выпрацоўваюцца ў сацыяльна значных справах. Без школьнага і студэнцкага самакіравання немагчыма выхаваць высокаразвітую асобу, здольную да паспяховай сацыялізацыі”.

- Якія перспектывы ў маладзёжнага парламентарызму?

І.В.Карпенка: “Неабходна актыўна далучаць моладзь да абмеркавання нарматыўных прававых дакументаў”.

- Як вы ўспрымаеце крытыку ў свой адрас?

І.В.Карпенка: “Спакойна. Але крытыка ёсць аб’ектыўная і прадузятая. Прадузятую крытыку пакідаю без увагі”.

- Якім чынам вызначаецца колькасць бюджэтных месцаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі?

І.В.Карпенка: “Гэта даволі складаны працэс. У ідэале прагназаванне ў кадрах павінна ажыццяўляцца ў цесным узаемадзеянні міністэрстваў адукацыі, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны”.

- Чаму вельмі часта мяняюцца вучэбныя праграмы?

І.В.Карпенка: “Свет імкліва развіваецца – і сённяшнія веды хутка старэюць. Калі ў савецкі час ведаў, атрыманых у інстытутах, хапала, скажам, на 30 гадоў, то сёння максімум на 5, а то і менш. Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, педагог перастаў быць адзінай крыніцай інфармацыі. Усё гэта патрабуе пастаяннай карэкціроўкі зместу адукацыі”.

- Ці будуць рэформы ў адукацыі?

І.В.Карпенка: “Рэформ не будзе. Яны не патрэбны. Будзе паступовае ўдасканаленне існуючай мадэлі адукацыі з улікам запытаў часу і сусветных тэндэнцый. Асноўная ўвага – прафесійнай падрыхтоўцы кадраў, матэрыяльна-тэхнічнай базе і зместу адукацыі”.

- Ці будзе ў будучыні альтэрнатыва цэнтралізаванаму тэсціраванню? Ці дазволяць абітурыентам падаваць дакументы адразу ў некалькі ўстаноў вышэйшай адукацыі?

І.В.Карпенка: “Вельмі кепска, калі адзінаццацікласнікі не могуць вызначыцца з будучай прафесійнай дзейнасцю і канкрэтнай установай адукацыі. Ужо ў 9 класе трэба ясна ўсведамляць сферу сваіх інтарэсаў. Цэнтралізаванае тэсціраванне – не ідэальная форма ацэньвання ведаў, але яно будзе захавана дзеля аб’ектыўнасці. Галоўнае – забяспечыць празрыстасць пабудаванай сістэмы і справядлівасць”.

- Што парэкамендуеце моладзі для дасягнення сваіх мэт?

І.В.Карпенка: “Пастаянна працаваць над сабой, самаўдасканальвацца. Затрачаныя намаганні і набытыя веды абавязкова ацэняць”.

- Ваша стаўленне да дзвюх дзяржаўных моў?

І.В.Карпенка: “Наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў прадугледжвае іх веданне. Варта ганарыцца, што ў нас некалькі такіх моў. У Беларусі нават склалася нацыянальная школа ў вывучэнні рускай мовы. Але нам ні ў якім разе нельга страціць родную мову”.

Шмат увагі міністр адукацыі ўдзяліў пытанням, звязаным з прафілактыкай суіцыдальных паводзін, выхаваннем дзяцей у інтэрнатных установах і ўстановах закрытага тыпу, аказаннем псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях.

Зацікаўлены дыялог з маладымі лідарамі працягнуўся на наступны дзень. Да размовы з юнакамі і дзяўчатамі далучыўся першы сакратар ЦК БРСМ Д.С.Варанюк.

Сустракаючыся з прадстаўнікамі БРСМ, міністр адзначыў, што яны актыўна і плённа ўдзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

- З нагоды 100-годдзя камсамола Беларусі неабходна напоўніць рэспубліканскі праект “Маладзёжная сталіца” ў Пінску новым зместам, прапанаваць адметныя мерапрыемствы, даўшы прыклад іншым, - адзначыў І.В.Карпенка. – БРСМ павінен даносіць праўдзівую інфармацыю да моладзі праз жывыя зносіны, не баяцца дыскусій. З моладдзю трэба заўсёды гаварыць праўдзіва і шчыра. Галоўнае – мы жывём у незалежнай дзяржаве, якую павінны захаваць дзеля наступных пакаленняў. Папярэднікі заклалі моцны падмурак для гэтага. Неабходна ўмацоўваць набытыя дасягненні стараннай працай, развівацца далей, рухацца наперад. 

У апошні дзень былі прэзентаваны праекты, прысвечаныя 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, маладзёжны YouTube-канал і творчыя майстэрні. А завяршылася вялікая праграма экскурсіяй “Пінск – горад 9-ці стагоддзяў...” і тэматычным фотачэленджам.

Да новых сустрэч у Пінску!&

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.