Захаваць гістарычную памяць

05.06.2020
Установы адукацыі Піншчыны годна адзначылі 75-годдзе Вялікай Перамогі. Педагогі разумеюць, як важна захаваць гістарычную памяць пра вайну, не пакінуць у забыцці ніводнага салдата, аддаць даніну павагі ветэранам, працаўнікам тылу, дзецям вайны. З мэтай захавання гістарычнай пераемнасці пакаленняў, выхавання беражлівых адносін да гераічнага мінулага, фарміравання духоўна-маральных і грамадзянска-патрыятычных якасцей у моладзі прайшоў шэраг тэматычных мерапрыемстваў.

Піянерскія дружыны прынялі актыўны ўдзел у дабрачынным праекце “Беларусь памятае. Ніхто не забыты. Нішто не забыта” па добраўпарадкаванні тэрыторый каля помнікаў, абеліскаў і брацкіх магіл. У рамках эстафеты памяці “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” школьнікі ўсклалі кветкі і вянкі да іх.

У межах акцыі “Беларусь памятае. Салдаты Перамогі” вучні павіншавалі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з юбілеем Перамогі, папоўнілі віртуальны нацыянальны альбом “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”, паўдзельнічалі ў інтэрнэт-чэленджы “Піянерская любоў ветэранам 2020”.

У рамках акцыі “Дзеці вайны” педагогі і вучні падрыхтавалі святочныя паштоўкі для дзяцей вайны.

Піянеры з задавальненнем удзельнічалі ў рэспубліканскай патрыятычнай квест-гульні “Па слядах Перамогі…”.

Актывісты народнага гісторыка-краязнаўчага музея Лагішынскай сярэдняй школы заклалі алею для ўвекавечання памяці мірных жыхароў, загінуўшых у 1943 годзе. Юныя патрыёты разам з педагогамі і ганаровымі гасцямі высадзілі елкі і бярозы.

Бярозавую алею ў памяць герояў вайны пасадзілі таксама юныя краязнаўцы са Ставоцкай сярэдняй школы.

Прадстаўнікі дзіцячага раённага парламента прынялі ўдзел у абласным патрыятычным праекце “Времён связующая нить”, па выніках якога атрымалі дыпломы рознай вартасці.

На абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”, праведзенага ў рамках героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе – 75!”, была адзначана работа педагога дадатковай адукацыі Пінскага раённага цэнтра творчасці і краязнаўства, кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага музея Лагішынскай сярэдняй школы С.І.Юшкевіч.

Алена ШПАКОЎСКАЯ,

загадчыца Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.