Для духоўна-маральнага выхавання

08.10.2020
На базе Дараўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, што на Ляхавіччыне, адкрыўся раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні.
Адкрыццю цэнтра папярэднічала 10-гадовае супрацоўніцтва з мясцовым праваслаўным прыходам, настаяцелем якога з’яўляецца Іван Ніканчук. Дзякуючы яму арганізоўваюцца сустрэчы, выставы, экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі з наведваннем праваслаўных храмаў, вывучаюцца біяграфіі царкоўных падзвіжнікаў, іх уклад у духоўную культуру.

Педагогі з вучнямі актыўна ўдзельнічаюць у акцыях “Дарога да храма”, “Добрае сэрца” і “Няма адзінокіх магіл”, ладзяць тыдні праваслаўнай кнігі, калядныя і велікодныя святы. Шмат цікавага дзеці даведвацца на факультатыўных занятках “Асновы праваслаўнай культуры”.

Назапашаны вопыт падштурхнуў да стварэння рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, дзейнасць якога накіравана на распаўсюджванне сярод вучняў асноў хрысціянскай маралі, выпрацоўку правільных паводзін з равеснікамі і педагогамі, захаванне гуманістычных прынцыпаў зносін, прадухіленне розных відаў агрэсіі і супрацьстаяння, абагульненне і прапаганду эфектыўных напрацовак па выхаванні моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа.

На адкрыцці цэнтра выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Л.М.Жаўнерчык, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама А.В.Камінскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Л.І.Калбаса, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко. Госці акцэнтавалі ўвагу на важнасці і актуальнасці адкрыцця раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні.

Дырэктар установы адукацыі Т.І.Жучэня расказала пра мэты рэсурснага цэнтра, напрамкі яго работы. У рэалізацыі плана мерапрыемстваў цэнтра, акрамя дараўскіх вучняў, будуць задзейнічаны педагогі і дзеці з Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча, Начаўскай сярэдняй школы, Малагарадзішчанскага і Конькаўскага дзіцячых садоў – сярэдніх школ, Тальмінавіцкага дзіцячага сада – базавай школы. Заняткі будуць праводзіцца ў першую суботу кожнага месяца.

Пасля цырымоніі ўрачыстага адкрыцця была праведзена пазнавальна-гульнявая праграма “Дзень Пакроваў Прасвятой Багародзіцы”. З удзелам настаяцеля Івана Ніканчука адбылася дыскусія “Рагнеда-Анастасія: чаму яна прыняла хрысціянства?”. У спартыўнай зале адбылася гадзіна здароўя хрысціянскай моладзі. Пра ўплыў унутрысямейных адносін на фарміраванне чалавечых якасцей гаварылі настаяцелі храмаў Раман Белавус і Сяргей Кузняцоў.

Сумеснымі намаганнямі будзем выхоўваць у школьнікаў любоў да Айчыны, вучыць іх дабрыні і талерантнасці, уменню жыць у згодзе з людзьмі.

Святлана БІРУКОВА,

намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дараўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна, кіраўнік рэсурснага цэнтра.