З комплексным падыходам
06.11.2018- У Баранавічах ствараюцца неабходныя ўмовы для развіцця і максімальнай рэалізацыі здольнасцей адораных і высокаматываваных вучняў, - расказала загадчыца гарадскога ВМК А.А.Новік. – Работа педагогаў у гэтым напрамку дзейнасці грунтуецца не толькі на традыцыйных метадах і прыёмах, але і на інавацыйных падыходах і прынцыпах. Калі раней падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяд ажыццяўлялася па схеме “адораны настаўнік – адораны вучань”, дзе галоўным рэсурсам быў інтэлект абодвух, то сёння асноўная ўвага ўдзяляецца кіраванню працэсамі развіцця адоранасці. Усё пачалося са стварэння вочна-завочнай школы алімпіяднага рэзерву па вучэбных прадметах. Задача школы заключаецца ў тым, каб на аснове банка даных вучняў-алімпіяднікаў стварыць умовы для мэтанакіраванай падрыхтоўкі дзяцей да інтэлектуальных спаборніцтваў намаганнямі лепшых настаўнікаў-прадметнікаў, якія вынікова працуюць у гэтай сферы.
Затым былі вызначаны рэсурсныя цэнтры (базы) для падрыхтоўкі да прадметных алімпіяд па напрамках: у гімназіі № 1 – па фізіцы, матэматыцы і астраноміі, у гімназіі № 2 – па хіміі, у гімназіі № 3 – па геаграфіі і хіміі, у гімназіі № 4 – па замежнай мове, у гімназіі № 5 – па біялогіі і геаграфіі, у сярэдняй школе № 9 – па гісторыі, у сярэдніх школах №№ 7 і 19 – па працоўным навучанні. У ліцэі акумулюецца дзейнасць устаноў па падрыхтоўцы да алімпіяд. З 2016 года рашэннем гарвыканкама выдаткаваны дадатковыя гадзіны для факультатыўных заняткаў па розных напрамках, дзе займаюцца лепшыя старшакласнікі з усіх школ горада. Ва ўстановы адукацыі запрашаюцца выкладчыкі вядучых УВА краіны.
- У рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі вельмі важная псіхалагічная ўстаноўка настаўнікаў, - адзначыла А.А.Новік. – Сёння падрыхтоўкай алімпіяднікаў займаюцца не асобныя настаўнікі, а іх каманда. Ствараюцца ўмовы для выкарыстання інтэлектуальнага і прафесійнага патэнцыялу таленавітых і вопытных педагогаў. Не менш важнай з’яўляецца і педагагічная пераемнасць – падрыхтоўка педагогаў-дублёраў, якія актыўна прыцягваюцца да работы з адоранымі вучнямі.
Вялікая ўвага ўдзяляецца псіхалагічнай падтрымцы алімпіяднікаў. У рамках дзейнасці школы алімпіяднага рэзерву праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на адпаведную работу з вучнямі, іх бацькамі і настаўнікамі.
Па словах А.А.Новік, у Баранавічах пабудавана эфектыўная сістэма правядзення гарадскіх алімпіяд, якая вылучаецца выверанай сэнсавай цыклаграмай і з’яўляецца асновай для фарміравання ў вучняў у будучыні спецыяльных навыкаў і ўменняў па выкананні заданняў рэспубліканскіх алімпіяд.
Планамерна ўмацоўваецца вучэбна-матэрыяльная база ўстаноў адукацыі для арганізацыі і падрыхтоўкі да алімпіяднага руху па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі і інш. Сёлета ў гімназіях №№ 3 і 4 адкрыліся стэм-класы.
- Вынікі сістэмнай работы даволі адчувальныя, - расказала А.А.Новік. – Створаны банк даных адораных вучняў з 3 класа, што дазваляе адсочваць і рэгуляваць дасягненні дзяцей у асобасна-развіццёвым і спаборніцкім плане. Павялічыліся колькасныя і якасныя паказчыкі ўдзелу школьнікаў у абласных і заключных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сёння Баранавічы з’яўляюцца лідарамі па колькасці яе пераможцаў у вобласці.
А.А.Новік лічыць, што для дасягнення агульнага поспеху кожная ўстанова адукацыі павінна мець уласны твар і сваю траекторыю развіцця алімпіяднага руху. У школах і гімназіях Баранавіч створаны канцэпцыі развіцця работы з адоранымі вучнямі з канкрэтнымі мэтамі. Так, педагогі гімназіі № 3 падрыхтавалі 24 пераможцы абласных і заключных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, але яны не абмяжоўваюцца толькі гэтым напрамкам дзейнасці. У гімназіі адкрыты стэм-клас, які павінен надаць імпульс развіццю іншых напрамкаў работы з адоранымі дзецьмі.
У інавацыйным рэжыме, з актыўным выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій і сістэмай дыстанцыйнага навучання працуе гімназія № 5. Штогод яе педагогі і вучні адкрываюць новыя напрамкі дзейнасці. Сярод апошніх – адукацыйная робататэхніка, якая прадугледжвае стварэнне дзеючых мадэлей робатаў, атрыманне практычных навыкаў у галіне робататэхнікі, радыёэлектронікі і праграмавання. У гімназіі дзейнічае міні-тэхнапарк.
Вучні сярэдняй школы № 7 развіваюць крэатыўныя здольнасці шляхам вырашэння нестандартных праблем падчас удзелу ў адукацыйнай праграме для дзяцей, падлеткаў і юнацтва “Адысея розуму”. Выхаванцы гімназіі № 1 – пастаянныя пераможцы міжнароднага фестывалю “Сузор’е талентаў”.
Для павышэння эфектыўнасці работы з адоранымі вучнямі рэалізоўваюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты. Так, на працягу некалькіх гадоў у гімназіі № 2 ажыццяўляўся праект “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”. Вынікам інавацыйнай дзейнасці сталі перамогі гімназістаў у заключных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства”.
Метадыст гарадскога ВМК С.С.Стаўбунік засяродзіла ўвагу на метадычным суправаджэнні настаўнікаў інфарматыкі, якія працуюць з адоранымі вучнямі:
- Практыка паказвае, што сёння для прафесійнага росту педагогаў ужо недастаткова звычайнага знаёмства з пэўнымі ўзорамі педагагічнага вопыту і апісання існуючых падыходаў. Новае можна асвоіць толькі ў рэжыме, які дазваляе настаўнікам паглыбіцца ў праблему і актыўна яе вырашаць. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы работы: семінары, канферэнцыі, кансіліумы, педагагічныя чытанні, метадычныя дэкады, пасяджэнні педагагічных майстэрань і творчых груп настаўнікаў, узаеманаведванне ўрокаў і пазакласных выхаваўчых мерапрыемстваў з іх наступным аналізам, індывідуальныя кансультацыі, субяседаванні, куратарства, абагульненне вопыту, удзел у прафесійных конкурсах і інш. Пры планаванні вучэбна-метадычнай работы з настаўнікамі інфарматыкі ўлічваюцца патрабаванні нарматыўных прававых дакументаў, актуальныя пытанні развіцця прадметнай адукацыі, інтарэсы і запыты педагогаў, іх прафесійныя ўменні і навыкі, выяўленыя падчас дыягностыкі. Прафесійныя запыты настаўнікаў рэалізоўваюцца праз сістэму метадычных фарміраванняў, якія дапамагаюць абменьвацца інфармацыяй і вопытам. Сёння ў Баранавічах дзейнічаюць вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў інфарматыкі, творчая група настаўнікаў інфарматыкі і школа маладога педагога.
Ва ўстановах адукацыі горада працуе 61 настаўнік інфарматыкі, з якіх 50 маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Кваліфікацыйны ўзровень педагогаў з году ў год павышаецца. Высокі прафесійны патэнцыял кадраў дазваляе забяспечыць належную якасць адукацыі і стварыць умовы для індывідуальнага развіцця кожнага вучня.
Работа вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі плануецца з улікам рэальных патрэб педагогаў. Так, на аснове дыягнастычных даследаванняў вызначаюцца актуальныя тэмы, якія выклікаюць пэўныя цяжкасці ў рабоце. Пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання праводзяцца не менш, чым 4 разы ў год. Кожнае пасяджэнне – гэта творчая дзейнасць усіх настаўнікаў. Формы правядзення пасяджэнняў даволі разнастайныя: работа ў творчых групах, прэс-канферэнцыі, мультымедыйныя праекты, абмеркаванне вынікаў анкетавання, дыялогавыя зносіны і інш. Усё гэта павышае зацікаўленасць педагогаў і ажыўляе іх работу.
На бягучы навучальны год выбрана адзіная тэма для метадычных фарміраванняў, прысвечаная рэалізацыі сучасных дыдактычных падыходаў у выкладанні інфарматыкі. На пасяджэннях вучэбна-метадычнага аб’яднання будуць разглядацца пытанні, звязаныя з выкарыстаннем воблачных тэхналогій, зместам факультатыўных заняткаў і асаблівасцямі іх правядзення, дыферэнцыяцыяй і індывідуалізацыяй адукацыйнага працэсу пры вывучэнні інфарматыкі ў школе.
Баранавіцкія педагогі актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх навучальных семінарах і канферэнцыях, праходзяць платныя навучальныя курсы. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Асацыяцыяй па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і тэхналогій “Адукацыя для будучыні”. Супрацоўнікі асацыяцыі праводзяць на базе гарадскіх устаноў адукацыі майстар-класы і канферэнцыі для педагогаў і вучняў, дзе расказваюць пра дзейнасць ІТ-галіны і магчымасці работы ў ёй, знаёмяць з рознымі прафесіямі ў індустрыі інфармацыйных тэхналогій і распрацоўкі праграмнага забеспячэння, папулярызуюць STEM-напрамак у адукацыі.
Даволі актыўна працуе і творчая група настаўнікаў інфарматыкі, у склад якой уваходзяць 10 самых вопытных і крэатыўных педагогаў. Задача творчай групы – павышэнне эфектыўнасці работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі. У бягучым навучальным годзе ўдзельнікі групы збіраюць, сістэматызуюць і распрацоўваюць алімпіядныя заданні па інфарматыцы для вучняў 6 – 11 класаў.
Настаўнікі Баранавіч актыўна прэзентуюць эфектыўны педагагічны вопыт на розных узроўнях. З мэтай папулярызацыі заняткаў праграмаваннем сярод вучняў і настаўнікаў інфарматыкі, развіцця ўяўленняў школьнікаў пра новыя тэхналогіі і іх выкарыстанне ў вучэбнай, вытворчай і навуковай сферы педагогі і дзеці ўдзельнічаюць у абласным конкурсе “IT-мяжа”. Добрыя вынікі настаўнікі паказваюць у рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дзякуючы якому з’яўляюцца цікавыя электронныя адукацыйныя рэсурсы. Сярод іх – праект “Прафесійная дыягностыка вучняў”, падрыхтаваны настаўніцай інфарматыкі С.А.Кісялёвай з гімназіі № 5. Праект уяўляе сабой тэсты, методыкі і апытальнікі з аўтаматызаванай апрацоўкай вынікаў для выяўлення схільнасцей і прафесійных інтарэсаў вучняў.
З мэтай абмену інфармацыяй, узаемадзеяння і зносін з калегамі і вучнямі настаўнікі інфарматыкі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце сеткавыя суполкі практычнай накіраванасці.
Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці гарадской метадычнай службы – арганізацыя работы з адоранымі вучнямі, якая ўключае алімпіядны рух, праектную дзейнасць і інтэлектуальныя споборніцтвы і конкурсы. З мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння інфарматыкі праводзяцца конкурсы “Інфамышка” і “Бабёр”. Развіваць даследчыя ўменні і навыкі вучняў дапамагае навукова-практычная канферэнцыя “Моладзь. Творчасць. Інтэлект”.
Падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяд ажыццяўляецца круглагадова – праз індывідуальную работу настаўнікаў з вучнямі і дзейнасць школы алімпіяднага рэзерву, якая працуе па тэме “Праграмаванне на мове С++”. Для правядзення трэнінгаў па рашэнні алімпіядных задач па праграмаванні запрашаюцца пераможцы алімпіяд мінулых гадоў. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з УВА.
Вучэбна-трэніровачныя заняткі даюць станоўчы эфект, пра што сведчаць вынікі абласной алімпіяды “Юны праграміст” сярод вучняў 6 – 8 класаў і рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Кіраўнік гарадскога вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі Т.В.Водчыц расказала пра ролю сеткавай суполкі ў прафесійным развіцці педагогаў. Перспектыўныя напрамкі ў рабоце з адоранымі вучнямі прэзентавалі настаўніцы інфарматыкі А.Ф.Шчарбук з ліцэя № 1 і А.У.Федарук з гімназіі № 1. Настаўніца інфарматыкі С.А.Кісялёва з гімназіі № 5 падзялілася вопытам стварэння інтэрактыўных адукацыйных рэсурсаў і сродкаў навучання.
Вельмі цікавай атрымалася і практычная частка семінара, якая ўключала выступленні настаўніка фізікі А.К.Любаса з гімназіі № 5 (“Практыка-арыентаванае праграмаванне ў рамках рэалізацыі STEM-тэхналогіі ў адукацыйным працэсе”) і настаўніцы інфарматыкі Т.В.Водчыц з сярэдняй школы № 19 (“Навучальная 3D-гульня па тэме “Множнасць”), а таксама фрагмент гуртковых заняткаў “Датчык колеру і яго магчымасці ў канструктары LEGO EV 3”, праведзеных настаўніцамі інфарматыкі М.С.Вябіла і А.К.Смаленскай з гімназіі № 3.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.