Павышаць адказнасць кіраўнікоў за эфектыўнасць работы
9.2.2015- Апошнія 3 гады на Брэстчыне назіраецца станоўчая дынаміка ў нараджальнасці, з-за чаго павялічваецца бацькоўскі попыт на дашкольныя ўстановы, - расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Сёння ў 595 дашкольных установах выхоўваюцца 62 тысячы дзяцей.
З мэтай зніжэння дэфіцыту месцаў у дашкольных установах вядзецца іх актыўнае будаўніцтва. Так, пачаліся работы па ўзвядзенні сада – школы на 471 месца ў Паўднёвым мікрараёне Брэста. Летась пасля рэканструкцыі прынялі выхаванцаў Клейніцкі яслі-сад на 80 месцаў у Брэсцкім раёне і Хатыніцкі яслі-сад на 40 месцаў у Ганцавіцкім раёне. Сёлета плануецца завяршыць будаўніцтва дашкольнай установы на 75 месцаў у вёсцы Рубель Столінскага раёна. Разам з тым чарга на ўладкаванне дзяцей у дашкольныя ўстановы захоўваецца ў Брэсцкім, Столінскім і Бярозаўскім раёнах, Брэсце, Баранавічах і Пінску. Летась на такой чарзе стаялі 7817 дзяцей (у 2013 годзе – 6004).
Па словах М.А.Ціханчука, рэзервы для паляпшэння сітуацыі ёсць. Так, каля 10% шасцігадовых дзяцей застаюцца ў дашкольных установах на паўторны год. Гэта павінна быць толькі па медыцынскіх паказаннях.
Працягваецца вывад першых класаў з дзіцячых садкоў у школы. Дзякуючы гэтаму летась былі вызвалены 520 месцаў. На базе дашкольных устаноў яшчэ застаюцца 156 першых класаў.
М.А.Ціханчук лічыць, што неабходна актывізаваць работу з індывідуальнымі прадпрымальнікамі па стварэнні прыватных дашкольных устаноў і адкрыцці груп на першых паверхах жылых дамоў, а таксама больш шырока пераводзіць дзяцей, якія нерэгулярна наведваюць садкі, на гнуткі рэжым кароткачасовага знаходжання ў групах. Акрамя таго, трэба працягваць работу па адкрыцці новых форм дашкольнай адукацыі (летась працавалі 230 груп адпаведнага кірунку). Найбольшым попытам у бацькоў карыстаюцца адаптацыйныя групы для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў.
- Асноўная задача дашкольных устаноў – гэта захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей шляхам стварэння здароўезберагальнага асяроддзя, арганізацыі збалансаванага харчавання і комплекснага падыходу да фізкультурна-аздараўленчай работы і санітарна-гігіенічных умоў, - адзначыў М.А.Ціханчук. – Радуе, што паступова зніжаецца захваральнасць дзяцей і колькасць іх пропускаў з-за хваробы. Разам з тым па-ранейшаму застаецца высокім узровень траўматызму дашкольнікаў. Усе выпадкі траўматызму адбываюцца падчас прагулак з-за недастатковага кантролю выхавальнікаў за гульнямі дзяцей. Таму неабходна павысіць адказнасць кіраўнікоў дашкольных устаноў за стварэнне бяспечных умоў знаходжання ў іх.
Адной з задач развіцця дашкольнай адукацыі з’яўляецца ўкараненне аўтаматызаваных сістэм для складання меню-патрабавання і аналізу выканання натуральных норм па арганізацыі харчавання дзяцей. Электронныя праграмы па харчаванні ўсталяваны ў 348 (71%) дашкольных установах вобласці. Гэтая работа недастаткова вядзецца ў Баранавічах, Камянецкім, Жабінкаўскім, Ляхавіцкім і Баранавіцкім раёнах. У выніку натуральныя нормы харчавання выконваюцца не цалкам.
Па словах М.А.Ціханчука, ёсць праблемы і з забеспячэннем дашкольных устаноў сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем. Дзіцячыя садкі забяспечаны імі толькі на 76%. Лепшыя вынікі ў гэтым плане дэманструюць Пружанскі, Кобрынскі, Лунінецкі, Пінскі і Баранавіцкі раёны. Адчуваецца недахоп і сучаснага надворнага абсталявання (каля 59%). Большасць дашкольных устаноў патрабуе рамонту і замены асфальтавага пакрыцця і тратуарных дарожак.
Амаль 64% выхавальнікаў вобласці маюць вышэйшую адукацыю (у краіне – каля 57%). Больш за ўсё іх у Брэсце, Баранавічах і Брэсцкім раёне, менш за ўсё – у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім раёнах (ад 42% да 44%).
Зніжаецца колькасць выхавальнікаў з профільнай дашкольнай адукацыяй: з 62% у 2012 годзе да 59% у 2014-м. Самыя нізкія паказчыкі ў Брэсце (каля 40%), Баранавічах і Баранавіцкім раёне (42%). У шэрагу рэгіёнаў гэтыя лічбы амаль ўдвая большыя. Заканамерным вынікам такой сітуацыі з’яўляецца змяншэнне колькасці педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй (у 2012 годзе – 19,5%, у 2013-м – 18,4%, у 2014-м – 17,9%). Лепшыя паказчыкі ў Пінску, Баранавічах і Івацэвіцкім раёнах (ад 21% да 35%), горшыя – у Баранавіцкім, Столінскім і Камянецкім (каля 9%).
- Дзейнасць органаў кіравання адукацыяй і навучальных устаноў у галіне агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на вырашэнне пытанняў, звязаных з рацыяналізацыяй сеткі школ і павышэннем якасці навучання, - адзначыў М.А.Ціханчук. – Сёння ў 530 установах адукацыі атрымліваюць веды каля 157,2 тысячы вучняў.
У сувязі са скарачэннем колькасці сельскіх школьнікаў працягваецца аптымізацыя і рацыяналізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Так, летась былі закрыты 18 школ, якія наведвалі да 50 вучняў. Для іх арганізаваны падвоз у іншыя ўстановы. У выніку закрыцця малакамплектных школ сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 17,5 чалавек і з’яўляецца, акрамя Мінска, самай высокай у краіне. Існуючая сетка школ дазваляе цалкам задаволіць патрэбы ў атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі. Ажыццяўляецца замена састарэлых камп’ютарных класаў. Усе школы вобласці падключаны да інтэрнэту. На жаль, вывучэнне дзейнасці аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і ўстаноў адукацыі паказвае, што існуючая камп’ютарная тэхніка не заўсёды эфектыўна выкарыстоўваецца для павышэння якасці адукацыйнага працэсу. Так, электронныя сродкі навучання ўсталяваны ва ўсіх школах вобласці, абласны ІРА праводзіць заняткі па практычным прымяненні ЭСН у рабоце педагогаў, але эфектыўнага выніку ад выкарыстання ЭСН няма. Чаму? Пэўна, таму, што толькі 40% настаўнікаў і выхавальнікаў Брэстчыны маюць сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій.
Па словах М.А.Ціханчука, патрабуе паляпшэння вучэбна-лабараторная база школьных кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. За апошнія 2 гады ва ўстановы адукацыі вобласці былі пастаўлены 72 кабінеты фізікі за кошт рэспубліканскага бюджэту. Зразумела, што гэтага недастаткова.
Летась залатыя і сярэбраныя медалі атрымалі 4,5% выпускнікоў школ вобласці (у краіне – каля 3%). Больш за ўсё медалістаў было ў Ганцавіцкім (15%) і Ляхавіцкім (7%) раёнах, Пінску і Баранавічах (каля 7%). Але ці заўсёды гэтыя лічбы адлюстроўваюць сапраўдную якасць адукацыі?
Брэстчына займае 4 месца ў агульным рэйтынгу якасці выніковай атэстацыі ў краіне. На высокім і дастатковым узроўні здалі выпускныя экзамены летась 63% школьнікаў. Асаблівую трывогу выклікае якасць навучання па фізіцы і матэматыцы. Так, на высокім і дастатковым узроўні здалі выпускны экзамен па матэматыцы летась толькі 55% адзінаццацікласнікаў, а па рускай і беларускай мове – 67% і 66%.
Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы і фізіцы таксама сведчаць пра недастатковы ўзровень ведаў выпускнікоў. Так, 41% абітурыентаў па матэматыцы і 40% абітурыентаў па фізіцы набралі менш за 10 балаў на ЦТ. У рэйтынгу мінулагодніх вынікаў ЦТ Брэстчына па большасці прадметаў займае 3 – 7 месцы.
М.А.Ціханчук звярнуў увагу на той факт, што не ўсе гімназіі і ліцэі сталі эфектыўнымі цэнтрамі работы з высокаматываванымі вучнямі. Так, за апошнія 5 гадоў на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды выхаванцы гімназіі № 1 Брэста атрымалі 36 дыпломаў, ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста – 27, гімназіі № 1 Баранавіч – 15, гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска – 13, а гімназій Камянца, Пружан і Драгічына – ніводнага. Больш за тое, гэтыя ўстановы не вызначаюцца адчувальнымі вынікамі ўдзелу вучняў і ў абласных алімпіядах.
Пры паступленні ў гімназіі Іванава, Камянца, Драгічына і Маларыты амаль адсутнічае конкурс. М.А.Ціханчук запатрабаваў ад кіраўнікоў адпаведных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму прыняць меры па павышэнні якасці работы з высокаматываванымі вучнямі ці разгледзець пытанне мэтазгоднасці функцыянавання гімназій.
Як вядома, з 2013 года асобныя прадметы ў школах вывучаюцца на павышаным узроўні. У бягучым навучальным годзе такая форма работы арганізавана сярод дзесяцікласнікаў у 81 школе (з іх толькі 29 сельскіх). У структуры прадметаў пераважае філалагічны профіль (55% вучняў). Фізіка-матэматычны профіль выбралі 30% школьнікаў, хіміка-біялагічны – 12%. Не адкрыты класы з павышаным узроўнем вывучэння прадметаў у сельскіх школах Бярозаўскага, Кобрынскага, Ганцавіцкага, Маларыцкага і Камянецкага раёнаў.
99% учарашніх дзевяцікласнікаў працягваюць навучанне: каля 70% - у школах, каля 28% - у ССНУ і ПТНУ. Больш за ўсё выпускнікоў базавай школы, якія не працягваюць навучанне і не працаўладкаваны, у Столінскім і Драгічынскім раёнах. Перад установамі адукацыі пастаўлена задача, каб не менш за 30% іх выпускнікоў працягвалі навучанне ў ПТНУ і ССНУ. Актыўную прафарыентацыйную работу ў гэтым кірунку праводзяць у Пінску, Брэсцкім, Баранавіцкім, Кобрынскім і Пружанскім раёнах.
Ва УВА працягваюць навучанне 55,5% учарашніх адзінаццацікласнікаў, у ССНУ і ПТНУ – 40%. М.А.Ціханчук заклікаў кіраўнікоў больш актыўна арыентаваць моладзь на педагагічныя спецыяльнасці, інакш у перспектыве школы застануцца без дастойнай замены.
Кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна на Брэстчыне рыхтуюць 23 ПТНУ і 4 ССНУ. У іх атрымліваюць прафесіі больш за 12 тысяч навучэнцаў. Навучанне вядзецца амаль па 100 кваліфікацыях рабочых і 20 спецыяльнасцях. Большасць прафесій з’яўляюцца інтэграванымі. Гэта забяспечвае высокі ўзровень працаўладкавання выпускнікоў, пашырае зону іх прафесійнай кампетэнтнасці і павышае канкурэнтаздольнасць на рынку працы.
Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца з улікам патрэб рэгіёнаў. Адкрываюцца запатрабаваныя спецыяльнасці, закрываюцца неперспектыўныя. На жаль, асобныя ПТНУ не заўсёды ўлічваюць запыты рынку і моладзі.
Летась план прыёму ў ПТНУ і ССНУ выкананы толькі на 95%. З кантрольнымі лічбамі прыёму не справіліся 10 устаноў, прычым некаторыя ўжо другі год запар.
Штогод эканоміка вобласці мае патрэбу ў 5 – 6,5 тысячах рабочых. ПТНУ і ССНУ выпускаюць 4,7 – 6 тысячы. За апошнія гады знізілася актыўнасць заказчыкаў кадраў па арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі. Зменшылася і колькасць навучэнцаў, якія жадаюць атрымліваць прафесію на такіх умовах. Мэтанакіраваную работу па мэтавай падрыхтоўцы кадраў праводзяць ААТ “Прадтавары” і Брэсцкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі і Брэсцкі прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту, Брэсцкі філіял РУП “Белпошта” і Брэсцкі каледж сувязі, ААТ “Будаўнічы трэст № 8 Брэста” і Брэсцкі прафесійны ліцэй будаўнікоў. А вось з арганізацыямі машынабудаўнічага профілю, лёгкай прамысловасці і сельскай гаспадаркі такой сувязі не наладжана.
Ва ўмовах інавацыйнага развіцця вытворчасці, жорсткай канкурэнцыі тавараў і паслуг асаблівае значэнне набывае якасць падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў. Штогод павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія атрымалі 4 кваліфікацыйны разрад і вышэй.
Адным з кірункаў павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў, удасканалення прафесійных ведаў, вывучэння новай тэхнікі і тэхналогій з’яўляецца стварэнне рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання. Сёння ў вобласці працуюць 5 такіх цэнтраў па машынабудаванні, грамадскім харчаванні, сантэхнічных і зварачных работах, сельскагаспадарчай вытворчасці. Для цэнтраў набыты сучасныя машыны і абсталяванне на суму 11,6 млрд рублёў. У іх прайшлі падрыхтоўку і стажыроўку каля 2,5 тысячы навучэнцаў і 89 майстроў вытворчага навучання.
На жаль, назіраецца вельмі нізкая зацікаўленасць прадпрыемстваў-вытворцаў новай тэхнікі і абсталявання ў прасоўванні яе праз ПТНУ, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў для пэўных галін. Кіраўнікам ПТНУ неабходна больш цесна працаваць з прадпрыемствамі па прыцягненні сродкаў для ўмацавання матэрыяльнай базы рэсурсных цэнтраў.
М.А.Ціханчук спыніў увагу на праблемах і перспектывах спецыяльнай адукацыі і выхаваўчай работы з моладдзю, эканамічных пытаннях адукацыйнай галіны і развіцці яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на рабоце са зваротамі грамадзян.
На пасяджэнні калегіі выступілі таксама іншыя яго ўдзельнікі. Так, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі М.М.Куіш расказаў пра работу педкалектыву па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў і замацаванні іх у народнагаспадарчым комплексе вобласці, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама А.С.Салавей засяродзіла ўвагу на сістэмным падыходзе ў аналізе вынікаў развіцця ўстаноў адукацыі горада, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага раёна І.У.Тарасевіч падзялілася вопытам арганізацыі выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі ва ўзаемадзеянні з бацькамі, грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі ведамствамі, дырэктар сярэдняй школы № 20 Брэста І.Ф.Нікіфаравец гаварыла пра традыцыі і інавацыі ў арганізацыі профільнага навучання, прарэктар па вучэбнай рабоце БрДУ імя А.С.Пушкіна Я.Д.Осіпаў вёў размову пра ўзаемадзеянне ўніверсітэта з установамі адукацыі па пытаннях работы з адоранымі дзецьмі і прафарыентацыі іх на педагагічныя спецыяльнасці, а начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Ю.М.Прасмыцкі выказаў меркаванні наконт паляпшэння матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі шляхам выканання работ гаспадарчым спосабам.
Вынікі калегіі падвёў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык: “У сучасных эканамічных умовах роля кіраўніка павялічылася. Ён павінен умець стратэгічна мысліць па ўсіх кірунках сваёй дзейнасці. На жаль, многія кіраўнікі адукацыйнай галіны пакуль не змянілі стыль работы. А трэба мяняцца разам са зменамі ў свеце і запытамі часу. Сучасны кіраўнік павінен не толькі гаварыць пра праблемы, але найперш эфектыўна вырашаць іх. Пры назначэнні на кіраўніцкія пасады трэба дакладна бачыць, ці справіцца чалавек з ускладзенымі на яго абавязкамі. Каб потым не шкадаваць. Галоўны крытэрый эфектыўнасці і галоўная задача сістэмы адукацыі – забеспячэнне народнагаспадарчага комплексу краіны высокакваліфікаванымі кадрамі”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.