Творчасцю запальваючы сэрцы

30.1.2015

- Інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе павінна будавацца як педагагічная сістэма, накіраваная на забеспячэнне якаснай адукацыі, - адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама Алена Салавей. – Сёння адной з неабходных умоў якаснай адукацыі з’яўляецца наяўнасць інфармацыйнай культуры ў педагогаў. Вырашэнне праблемы, звязанай з асваеннем настаўнікамі-прадметнікамі камп’ютара і выкарыстаннем імі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, не менш важнае, чым вывучэнне інфарматыкі школьнікамі. Ігнараваць новыя тэндэнцыі інфармацыйнага грамадства недапушчальна. Інфарматызацыю адукацыі варта разглядаць як новую галіну педагагічнай навукі і не падмяняць яе працэсам камп’ютарызацыі.

Намеснік начальніка гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Сідаровіч азнаёміла ўдзельнікаў семінара з сістэмай адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы сярэдняй школы № 20. Вопыт яе педкалектыву транслюецца невыпадкова. У школе назапашаны напрацоўкі, вартыя пераймання.

Пра развіццё адукацыйнай інфраструктуры ўстановы адукацыі вялі гаворку дырэктар сярэдняй школы № 20 Міхаіл Мішын і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Кудрук. Па іх словах, інфраструктура ўстановы адукацыі садзейнічае арганізацыі і паспяховай рэалізацыі адукацыйнага працэсу. За апошняе дзесяцігоддзе істотна павялічылася колькасць інфармацыі, што звязана з масавым выкарыстаннем тэхнічных і электронных прыстасаванняў. Дзеці пачынаюць жыць у свеце сімвалаў і знакаў – у свеце электроннай культуры. Перад кіраўнікамі ўстаноў адукацыі стаіць задача па фарміраванні інфармацыйна-камунікацыйнага адукацыйнага асяроддзя ў рамках існуючай адукацыйнай інфраструктуры.

Сённяшнія вучні павінны не толькі валодаць базавымі камп’ютарнымі навыкамі, але і ўмець адбіраць і аналізаваць інфармацыю, сінтэзаваць новыя веды і выбудоўваць сістэму эфектыўнай камунікацыі. Усё гэта патрабуе ад школы сучаснай адукацыйнай інфраструктуры.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з інфраструктурай кабінетаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і замежнай мовы. Аптымальнае выкарыстанне стэндавай, камп’ютарнай і дэманстрацыйнай інфармацыі дае вучням не толькі неабходныя веды, але і прывівае любоў да роднага слова, краязнаўства і гісторыі, прапагандуе вывучэнне замежнай мовы.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры рэалізуюць патэнцыял вучэбных кабінетаў праз сістэму работы па 3 тэматычных кірунках: “Літаратурнае краязнаўства”, “Брэсцкая вобласць: мінулае і сучаснасць” і “Беларускія рамёствы”.

Адной з задач настаўнікаў грамадазнаўчых дысцыплін з’яўляецца выхаванне грамадзян і патрыётаў сваёй радзімы. Таму вучні ўжо з 5 класа знаёмяцца з гісторыяй роднага горада і раёна, знакамітымі людзьмі свайго краю.

Актуальная тэма семінара выклікала сярод яго ўдзельнікаў жывы водгук. На ўсе пытанні дырэктары школ і гімназій атрымалі кампетэнтныя адказы спецыялістаў. Акрамя таго, удзельнікі семінара абмеркавалі розныя аспекты інфарматызацыі: выкарыстанне ў адукацыйным працэсе электронных і тэхнічных сродкаў навучання, развіццё інфармацыйных рэсурсаў і электронных паслуг, укараненне дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій. Работа ў групах па тэме “Крытэрыі эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйнага забеспячэння ў адукацыйным працэсе” прайшла ў форме арганізацыйна-дзейнаснай гульні.

Пры падвядзенні вынікаў семінара Міхаіл Мішын падзякаваў удзельнікам за высокую ацэнку працы педагогаў: “13 гадоў на пасадзе кіраўніка далі добры вопыт, змянілі мяне ў асабістым і прафесійным плане. Радуе, што настаўнікі актыўна звяртаюцца да новых і эфектыўных педагагічных стратэгій, імкнуцца да ўкаранення інавацыйных метадаў работы, ствараюць прастору псіхалагічнага камфорту. З педагогамі, аб’яднанымі і захопленымі творчасцю, любая задача па плячы”.

Ала МАМОНЧЫК,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Баранавіч.