Быць пісьменным заўсёды прэстыжна

20.1.2015

У Брэсцкім абласным ІРА сабраліся 197 аматараў рускай і беларускай філалогіі, каб на працягу трох алімпіядных дзён вызначыць лепшых у напісанні водгукаў на вершаваныя творы, вусных выказваннях на адну з прапанаваных тэм і комплекснай лінгвістычнай рабоце.

- Сёлета для напісання водгукаў школьнікам прапаноўваліся вершы Васіля Зуёнка “Купала” (9 клас) і “Чалавек – гэта літара космасу…” (11 клас), а таксама Міколы Аўрамчыка “Шмат хто рот на мой край разяўляў…” (10 клас), - расказала старшыня журы абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат філалагічных навук Л.В.Леванцэвіч. – Тэксты нескладаныя для аналізу, але некаторыя дзевяцікласнікі не зразумелі тэму прапанаванага твора. Не заўсёды вытрымлівалася кампазіцыя водгуку. У цэлым жа вучні справіліся з гэтым заданнем паспяхова. На маю думку, напісанне водгукаў на моўных алімпіядах варта адмяніць. Гэта надзвычай грувасткае ў часавых і зместавых адносінах заданне. Яго функцыі можна лёгка перакласці на вуснае выказванне. >

Тэматыка вусных выказванняў была даволі разнастайная. Школьнікам прапаноўваліся на выбар тры тэмы. Вучням было з чаго выбіраць і над чым паразважаць. Напрыклад: “Што для мяне сучаснае кіно?”, “Ці ёсць сябры ў сацыяльных сетках?”, “Юнацтва пачынаецца з кахання”, “Твор беларускай літаратуры, які варта перакласці на ўсе мовы свету”, “У якой школе будуць вучыцца дзеці праз 100 гадоў?”, “Не быць сквапным – ужо багацце”, “Я хачу быць валанцёрам” і інш. Шчыра парадавалі артыстызм і добрае маўленне многіх вучняў.

У комплекснай рабоце найбольшыя цяжкасці выклікалі заданні па марфеміцы і словаўтварэнні. Многія адзінаццацікласнікі не змаглі выбраць варыянт правільнай падачы беларускіх безэквівалентных слоў, якія не маюць у рускай мове аднаслоўных адпаведнікаў, а дзевяці- і дзесяцікласнікі – перадаць адпаведнасць паміж беларускімі словамі і іх значэннем, запісаным па-руску (дранкуля – крупинка гравия, жвірынка – узорчатое полотняное покрывало на кровать, капа – вид охотничего ружья из дамасской стали). Па-ранейшаму выклікаюць праблемы ў школьнікаў скланенне састаўных лічэбнікаў і спалучальнасць лічэбнікаў з назоўнікамі. Не ўсе змаглі сфармуляваць арфаграфічнае правіла. Прычына пралікаў у большасці выпадкаў банальная – няўважлівае чытанне заданняў.

Літаратурныя заданні цяжкасцей не выклікалі. Так, у адным з іх патрабавалася запоўніць табліцу, запісаўшы насупраць псеўданіма сапраўднае імя беларускага пісьменніка.

У параўнанні з мінулымі гадамі ўзровень падрыхтоўкі адзінаццацікласнікаў палепшыўся. Відавочна непісьменных вучняў, якія зрэдку трапляліся раней, не было.

Адзінаццацікласніца Марыя Барысевіч з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 4 класа. У розны час спрабавала свае сілы ў сусветнай гісторыі і біялогіі, але ўрэшце спынілася на роднай мове. Дзяўчыне бліжэй гуманітарныя прадметы, ды і да вучобы ў ліцэі яна атрымлівала веды ў беларускамоўнай Азарыцкай базавай школе Пінскага раёна.

Філасофскі верш В.Зуёнка падаўся Марыі цяжкаватым для аналізу. З вусным выказваннем яна справілася больш-менш паспяхова. Пэўныя цяжкасці выклікалі літаратурныя заданні. Дзяўчына прызналася, што моцна хвалявалася, таму, магчыма, рабіла недарэчныя памылкі.>

База ведаў для ўдзелу ў алімпіядзе, па словах Марыі, была закладзена яшчэ ў школе, дзякуючы настаўніцы А.Л.Доўбыш. Шмат карысных ведаў вучаніца атрымала на падрыхтоўчых занятках у БрДУ імя А.С.Пушкіна і ў профільным лагеры ліцэя. Работу накіроўвала настаўніца Л.А.Рабчынская.

Марыя плануе звязаць жыццё з замежнай філалогіяй і працаваць перакладчыцай.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Аляксандр Карпук з гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста (настаўніца Г.У.Ныч) і Наталля Ткачова з сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы (настаўніца А.В.Раманюк), дзесяцікласнікі Марыя Пружанец з гімназіі № 1 Брэста (настаўніца М.І.Курыловіч), Ніно Квернадзэ з гімназіі Ляхавіч (настаўніца С.В.Ермаковіч) і Валерыя Марушка з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (настаўніца Н.Л.Шавялінская) і адзінаццацікласнікі Яніна Прыбытка з сярэдняй школы № 29 Брэста (настаўніца М.М.Малыха), Інга Цярэшка з гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска (настаўніца І.С.Вакульчык) і Валерыя Сцяцко з Мірскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна (настаўніца Ж.С.Шуцьева).

***

- Для напісання водгукаў алімпіяднікам былі прапанаваны вершы Міхаіла Лермантава “Палонны рыцар” (9 клас), Паўла Антакольскага “Навальніца” (10 клас) і Сяргея Ясеніна “На Каўказе” (11 клас), - расказала старшыня журы абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры, дэкан філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат філалагічных навук В.А.Фелькіна. – Калі ў дзесяцікласнікаў прапанаваны тэкст не выклікаў цяжкасцей, то ў дзевяці- і адзінаццацікласнікаў інакш. І гэта зразумела. Філасофскі змест верша Лермантава складаны для ўспрымання, а верш Ясеніна надзвычай доўгі. Вучні літаральна “загразлі” ў яго аб’ёме, таму з-за абмежаванага часу зрабілі павярхоўны аналіз твора.

Тэмы вусных выказванняў тычыліся мовазнаўства, літаратуры і публіцыстыкі. Многія вучні аддавалі перавагу апошняй, бо яна дазваляла некаторым адысці ад тэмы і, як кажуць, ліць ваду. У выказваннях было мала літаратурных прыкладаў і шмат спасылак на абстрактных аўтараў. Гучалі прыгожыя словы без пераканаўчых довадаў.

Маўленне многіх школьнікаў збедненае. Парадавала, што ў выказваннях стала менш слоў-паразітаў. Ды і маўленчыя памылкі насілі адзінкавы характар.

Комплексная работа ў чарговы раз выявіла праблемы вучняў у веданні лексікі, фразеалогіі і літаратуры. Заданні па фразеалогіі, якая знаходзіцца на перыферыі мовазнаўства, выклікаюць неадназначныя ўражанні. На думку ўсіх членаў журы, не варта даваць у якасці заданняў прыклады з рэдкімі фразеалагізмамі, значэнне якіх не ведаюць нават вопытныя філолагі. Распрацоўшчыкі заданняў дапускаюць іх некарэктнае складанне (па фанетыцы) і расплывістасць фармулёвак.

З году ў год літаратурныя заданні для алімпіяднікаў з’яўляюцца правальнымі, што, пэўна, звязана са слабай начытанасцю і нізкай агульналітаратурнай эрудзіраванасцю. З заданнямі па словаўтварэнні і сінтаксісе школьнікі справіліся паспяхова. А вось многія адзінаццацікласнікі не змаглі скласці словы з іншамоўных каранёў.

У цэлым жа якасць падрыхтоўкі вучняў дастатковая. У алімпіядзе ўдзельнічаюць высокаматываваныя дзеці, якіх рыхтуюць настаўнікі-прафесіяналы.

Дзевяцікласніца Настасся Варабей з гімназіі Іванава ўдзельнічае ў алімпіядах з 7 класа. Рускую мову выбрала таму, што вельмі любіць чытаць і лічыць яе карыснай для самаразвіцця і самаадукацыі. Быць пісьменным, упэўнена дзяўчына, заўсёды прэстыжна.

З водгукам Настасся справілася паспяхова, бо трапіўся верш любімага паэта Лермантава. Не было праблем і з вусным выказваннем: дзяўчына разважала над роляй інтэрнэту ў жыцці. А вось над заданнем па літаратуры давялося сур’ёзна падумаць (назваць ілюстрацыю да твора Лермантава).

Да алімпіяды Настассю рыхтавала І.В.Дробышава. Акрамя таго, вучаніца наведвала раённы міжшкольны факультатыў, шмат працавала самастойна.

Настасся прызналася, што наўрад ці звяжа прафесійную будучыню з рускай мовай. А вось паспрабаць сілы ў алімпіядзе па фізіцы жаданне ёсць. >

Адзінаццацікласніца Марыя Фядзіна з сярэдняй школы № 3 Белаазёрска ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 5 класа. Філалагічныя дысцыпліны любіць асабліва.

Тэкст для водгуку падаўся дзяўчыне цяжкаватым з-за вялікага аб’ёму. З вусным выказваннем справілася добра: разважала над тым, чаму яна любіць падарожнічаць. У комплекснай рабоце было складана скласці словы з іншамоўных каранёў.

Да спаборніцтваў Марыю рыхтавала Т.М.Рус. Акрамя таго, дзяўчына ўдзельнічала ў раённых зборах.

З рускай мовай прафесійную дзейнасць Марыя не звязвае, бо бачыць сябе ці то архітэктарам, ці то актрысай, ці то музыкантам.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Настасся Пузікава з гімназіі № 2 Баранавіч (настаўніца С.А.Пузікава), Кацярына Крэйдзіч з сярэдняй школы № 28 Брэста (настаўніца М.А.Трацьякова) і Надзея Данільчык з гімназіі № 5 Баранавіч (настаўніца Л.М.Куратнік), дзесяцікласнікі Юлія Емельяновіч з гімназіі № 2 Баранавіч (настаўніца А.Ч.Галаўко), Марыя Кунц з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (настаўнік І.М.Пархуціч) і Ганна Гражэўская з сярэдняй школы № 2 Драгічына (настаўніца С.І.Хілько) і адзінаццацікласнікі Марыя Басалай з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (настаўнік І.М.Пархуціч), Наталля Круцько з гімназіі № 3 Баранавіч (настаўніца А.В.Халупка), Вольга Цяпун з гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска (настаўніца Р.У.Дзьяканчук) і Аляксандра Царыкава з сярэдняй школы № 8 Пінска (настаўніца Т.К.Кандрацюк).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.