Пашыраць вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні

8.1.2015

- На Лунінеччыне працуе 71 установа адукацыі, - расказаў начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.М.Раковіч. – Штогод ажыццяўляецца паслядоўная і ўзважаная аптымізацыя малакамплектных устаноў з улікам дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне. 857 дзяцей падвозяцца да месцаў вучобы школьным аўтатранспартам. Для ўсіх вучняў арганізавана бясплатнае гарачае харчаванне.

Адукацыйны працэс забяспечваюць амаль 1,9 тысячы педагогаў. 91% настаўнікаў і 42% выхавальнікаў-дашкольнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 26% і 17% - вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

У школах атрымліваюць веды каля 8,9 тысячы вучняў, у дашкольных установах выхоўваюцца амаль 3,1 тысячы дзяцей.

Прыярытэтнай задачай дзейнасці дашкольных устаноў з’яўляецца стварэнне ў іх бяспечных і здароўезберагальных умоў. Сістэмная работа ў гэтым кірунку прывяла да зніжэння колькасці пропускаў па хваробе. Умацаванню псіхафізічнага здароўя дзяцей садзейнічае адкрыццё па запытах сям’і новых (варыятыўных) форм дашкольнай адукацыі. Найбольш запатрабаванымі з іх з’яўляюцца адаптацыйныя групы, групы па падрыхтоўцы да школы і мацярынскія школы. Аказваюцца платныя адукацыйныя паслугі па харэаграфіі і раннім вывучэнні замежнай мовы.

Якасць школьнай адукацыі забяспечваецца з улікам запытаў вучняў і іх бацькоў і дасягаецца шляхам арганізацыі факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах і іх вывучэння на павышаным узроўні. У 2014 годзе ва УВА паступілі 48% выпускнікоў.

Наладжана сістэма выяўлення, адбору і падтрымкі адораных дзяцей, далучэння іх да інтэлектуальнай і творчай дзейнасці. Сёння ў раённым банку даных таленавітых школьнікаў знаходзяцца 286 вучняў. У 2014 годзе на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды прадстаўнікі Лунінеччыны атрымалі 18 дыпломаў і 2 пахвальныя водзывы, два вучні сталі пераможцамі заключнага этапу алімпіяды.

Значна вырас узровень даследчай кампетэнцыі вучняў і педагогаў. На сёлетняй абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” ўсе 14 работ ад раёна былі адзначаны дыпломамі. Гонарам Лунінеччыны з’яўляюцца выхаванцы гарадской гімназіі Хрысціна Неўдах і Уладзіслаў Барысевіч, уладальнікі залатых медалёў VІІІ Міжнароднай алімпіяды праектаў маладых вынаходнікаў у Грузіі.

Вынікі работы з адоранымі дзецьмі падводзяцца на раённым свяце “Парад зорак”. Вялікая ўвага ўдзяляецца матэрыяльнай падтрымцы школьнікаў і іх педагогаў.

У 6 школах і дзіцячых садках рэалізуецца праект “Лунінец – здаровы горад”. У 2013 годзе каманда сярэдняй школы № 4 Лунінца заваявала дыплом І ступені на рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Здароўе – гэта здорава”.

- У свой час ва ўстановах адукацыі Лунінеччыны быў назапашаны багаты вопыт арганізацыі дапрофільнага і профільнага навучання, якое мела станоўчыя вынікі, - паведаміла намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.А.Цяльпук. – Потым профільнае навучанне было адменена і фактычна заменена факультатыўнымі заняткамі.

Асноўнай формай развіцця творчага патэнцыялу і дыферэнцыяцыі навучання з’яўляюцца факультатыўныя заняткі. Іх наведваюць больш за 90% вучняў. На базе сярэдняй школы № 4 Лунінца працуе міжшкольны факультатыў па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, а на базе гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд. Да работы ў іх прыцягваюцца выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, БарДУ, БДПУ імя Максіма Танка і БДУ. Праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы з выездам на кафедры гэтых УВА і ў абласны рэсурсны цэнтр, што прыносіць станоўчыя вынікі ў павышэнні якасці ведаў па прафілюючых прадметах.

Па словах Н.А.Цяльпук, штогод у маі ва ўстановах адукацыі аналізуюцца запыты бацькоў і вучняў па вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні. Аддзел адукацыі, спорту і турызму імкнецца, каб прафілізацыя навучання ў старшых класах адпавядала адукацыйным і жыццёвым устаноўкам старшакласнікаў. Гэта заканамерна, бо большасць 15 – 16-гадовых падлеткаў ужо сарыентаваны ў будучай прафесійнай дзейнасці. Анкетаванне паказвае, што больш за 70% старшакласнікаў аддаюць перавагу таму, каб “ведаць асноўныя прадметы, а паглыблена вывучаць толькі тыя, што звязаны з прафесійным вызначэннем”.

Пры арганізацыі вывучэння прадметаў на павышаным узроўні абавязкова ўлічваецца наяўнасць высокакваліфікаваных кадраў і добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы, якія дазваляюць эфектыўна рэалізоўваць змест вучэбнай праграмы. Акрамя таго, улічваюцца спецыфіка сацыяльна-эканамічнага стану рэгіёна і запатрабаванасць пэўных прафесій на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Пасля гэтага вызначаюцца ўстановы адукацыі, дзе асобныя прадметы будуць вывучацца на павышаным узроўні. Класы аднолькавага кірунку не фарміруюцца ва ўстановах, размешчаных непадалёку. Так, калі ў гімназіі Лунінца дзейнічаюць класы фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага кірунку, то ў школах горада – класы філалагічнага кірунку.

У мінулым навучальным годзе прадметы на павышаным узроўні вывучаліся ў 17 класах, адкрытых на базе 4 школ, гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага (330 вучняў). У бягучым навучальным годзе колькасць такіх класаў павялічылася да 22, а колькасць школ – да 9 (388 вучняў). Але калі ў мінулым навучальным годзе профільныя класы працавалі пераважна ў гімназіях (13), то ў бягучым сетка гарадскіх і сельскіх устаноў з такімі класамі пашырылася.

Адукацыйны працэс на павышаным узроўні ажыццяўляюць высокакваліфікаваныя педагогі. Амаль 63% з іх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, каля 67% - стаж больш за 20 гадоў. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі ўдзяляюць павышаную ўвагу стымуляванню працы настаўнікаў профільных класаў.

Вучні забяспечаны падручнікамі, дыдактычнымі матэрыяламі і вучэбна-метадычнымі комплексамі па выбраных прадметах. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў: абсталяваны новыя кабінеты фізікі ў гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага, папоўнены вучэбным абсталяваннем і хімічнымі рэактывамі кабінеты хіміі (Багданаўская сярэдняя школа) і фізікі (Кажан-Гарадоцкая і Язвінская сярэднія школы). Наяўнасць мультымедыйных праектараў і інтэрактыўных дошак дазваляе настаўнікам разнастаіць формы работы і зрабіць урокі па-сапраўднаму цікавымі і эфектыўнымі.

Каля 50% школьнікаў, якія вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні, маюць сярэдні бал 8,3. Гэта вучні, матываваныя на атрыманне вышэйшай адукацыі.

У мінулым навучальным годзе вучні профільных класаў атрымалі 61 дыплом у раённым, 9 дыпломаў у абласным і 2 дыпломы ў заключным этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Штогод больш за 90% выпускнікоў гімназій паступаюць ва УВА на прафесіі, звязаныя з профільнымі прадметамі.

- Адным з безумоўных дасягненняў профільнага навучання з’яўляецца ўзрослая матывацыя дзяцей да вучобы ў цэлым, што станоўча адлюстроўваецца на паспяховасці. Перспектывы ў гэтым кірунку ёсць. Неабходна пашыраць сетку ўстаноў, дзе вывучаюцца прадметы на павышаным узроўні. Але папярэдне трэба падрыхтаваць да гэтага матэрыяльна-тэхнічную базу школы і яе педкалектыў, наладзіць супрацоўніцтва з УВА, - падагульніла Н.А.Цяльпук.

Загадчыца раённага ВМК В.І.Богдан засяродзіла ўвагу на метадычнай рабоце з педагогамі, якія выкладаюць прадметы на павышаным узроўні. Пра развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў ва ўмовах прафілізацыі навучання вяла гаворку намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага А.М.Вабішчэвіч. Дырэктар Багданаўскай сярэдняй школы А.А.Ярмольчык расказала пра стварэнне матывацыйнага асяроддзя для паспяховай самарэалізацыі вучняў з розным узроўнем вывучэння прадметаў, а дырэктар гімназіі Лунінца А.А.Грушэўскі падзяліўся вопытам работы па забеспячэнні пераемнасці ўрокаў і факультатыўных заняткаў. Педагогі Багданаўскай сярэдняй школы і гімназіі Лунінца правялі тэматычныя самапрэзентацыі, творчыя лабараторыі і майстар-класы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.