Падзяліліся вопытам, абмеркавалі праблемы
23.12.2014Мерапрыемства, арганізаванае Брэсцкім абласным ІРА, праводзілася для спецыялістаў і метадыстаў, якія курыруюць пытанні дашкольнай адукацыі ў раённых аддзелах адукацыі, спорту і турызму.
Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста К.І.Гук адзначыла, што адной з важнейшых задач, якія сёння стаяць перад метадычнымі службамі, з’яўляецца павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў-дашкольнікаў шляхам узаемадзеяння ўсіх рэгіянальных структур сістэмы дашкольнай адукацыі. Метадычнае суправаджэнне работы дашкольных устаноў накіравана на забеспячэнне якасці дашкольнай адукацыі, прадастаўленне педагогам магчымасці для самарэалізацыі.
Падчас семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з мадэллю кіравання інавацыйнымі працэсамі ў яслях-садзе № 68 Брэста. Начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Г.Б.Лявіцкая вяла гаворку пра ўдасканаленне якасці інавацыйных праектаў у сферы дашкольнай адукацыі.
Удзельнікі семінара азнаёміліся таксама з вопытам работы шэрагу дашкольных устаноў Брэста – дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 61 (супрацоўніцтва з БрДУ імя А.С.Пушкіна), ясляў-садоў №№ 6 і 22 (выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў у рабоце з кадрамі і адукацыйным працэсе з выхаванцамі) і ясляў-садоў №№ 50 і 51 (арганізацыя адукацыйных паслуг на платнай аснове ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі). Вялікі інтарэс выклікала прэзентацыя работы па ўзаемадзеянні дашкольных устаноў з сем’ямі выхаванцаў ва ўмовах віртуальных анлайн-зносін на інтэрнэт-форумах (яслі-сады №№ 27 і 68).
На спецыяльнай выставе былі прэзентаваны матэрыялы (у папяровым і электронным варыянтах) з вопыту работы аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста па правядзенні раённых метадычных саветаў, арганізацыі метадычных фарміраванняў для педагогаў, выпуску метадычных веснікаў з абагульненым вопытам работы па розных напрамках дзейнасці, а таксама лепшыя адкрытыя заняткі з выхаванцамі па ўсіх адукацыйных галінах (“Метадычная скарбонка”) і публікацыі педагогаў-дашкольнікаў у перыядычным друку і зборніках, выпушчаных па выніках рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.