Кожнае дзіця – набытак і каштоўнасць краіны

17.12.2014

- Прататыпам Кобрынскай дзіцячай вёскі, аналагаў якой у краіне больш няма, стала мадэль дзіцячай вёскі, заснаванай у 1950 годзе ў мястэчку Імст аўстрыйскім гуманістам, урачом па адукацыі і педагогам па прызванні Германам Гмайнерам, - расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы С.Р.Шчэрбава. – Будаўніцтва вёскі пачалося ў 1989 годзе па рашэнні Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў. У 1994-м адбылося ўрачыстае адкрыццё першай чаргі ўстановы з 6 дамоў сямейнага тыпу. З 1995 да 2001 года ў вёсцы былі пабудаваны яшчэ 9 дамоў. Ля вытокаў стварэння вёскі стаяў дырэктар Мікалай Канстанцінавіч Васілеўскі. З 1999 да 2002 года ўстанову ўзначальваў Вячаслаў Раманавіч Барбанаў, а з 2002-га кіраўніком з’яўляецца Ала Сяргееўна Сапяжынская.

Трэба адзначыць, што ў будаўніцтве першай чаргі вёскі на спонсарскай аснове ўдзельнічала кіраўніцтва федэральнай службы тэхнічнай дапамогі Паўночнага Рэйна (Германія), якое ўзяло на сябе трэцюю частку затрат (больш за 500 тысяч тагачасных нямецкіх марак).

Кобрынская дзіцячая вёска, размешчаная на 10,5 га, разлічана на 120 дзяцей. Сёння ў ёй выхоўваюцца 113 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў (8 дзяцей-сірот і 105 дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі). За 20 гадоў ва ўстанове пабывалі 286 чалавек.

Дзеці ў колькасці ад 5 да 10 чалавек жывуць з бацькамі-выхавальнікамі ў дамах сямейнага тыпу. Асаблівасць вёскі заключаецца ў тым, што ў адным доме аб’яднаны родныя браты і сёстры з мнагадзетных сем’яў. За час існавання ўстановы ў ёй выхоўваліся 137 такіх дзяцей. У 4 дамах бацькі-выхавальнікі пражываюць з уласнымі дзецьмі.

- Ва ўстанове праводзіцца мэтанакіраваная работа па аднаўленні дзіцяча-бацькоўскіх і роднасных сувязей, - адзначыла С.Р.Шчэрбава. – Дзеці могуць знаёміцца з роднымі, бываць у іх на канікулах, у выхадныя і святочныя дні (патранатнае выхаванне), сустракацца з бацькамі ва ўстанове. З мамамі і татамі, пазбаўленымі бацькоўскіх правоў, вядзецца работа па падрыхтоўцы да іх аднаўлення. За 20 гадоў у родныя сем’і вярнуліся 13 дзяцей, 5 былі ўсыноўлены грамадзянамі Беларусі і 17 грамадзянамі Італіі, 6 перададзены на апеку. Абавязаныя асобы вярнулі ў бюджэт каля 780 мільёнаў рублёў (54% ад неабходнага).

170 выхаванцаў установы стаяць на ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сацыяльнае жыллё атрымалі 45 выпускнікоў. Стан і захаванасць замацаванага жылля кантралююцца ў абавязковым парадку.

- Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, - расказала дырэктар установы А.С.Сапяжынская. – За 20 гадоў 8 выпускнікоў атрымалі вышэйшую адукацыю, 6 вучацца ва УВА, 116 закончылі ПТНУ і ССНУ, 57 стварылі сем’і, у якіх нарадзіліся 60 дзяцей.

Выхаванцы дзіцячай вёскі паспяхова сацыялізуюцца. Наведваюць дзіцячыя садкі, школы і гімназію Кобрына. У вольны час займаюцца ў гуртках устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На тэрыторыі вёскі працуюць гурткі “Свет прыроды” і “Флорадызайн”, секцыя бокса, размешчаны спартыўныя пляцоўкі для гульняў у валейбол, футбол і баскетбол.

Кобрынская дзіцячая вёска супрацоўнічае з фондамі “Свет для дзяцей”, “Дрэва жыцця” і “Медыцына і Чарнобыль”, а таксама Беларускім фондам міласэрнасці і здароўя. З іх дапамогай выхаванцы выязджаюць падчас зімовых і летніх канікул на аздараўленне ў Італію. 13 дамоў маюць шэфаў з ліку прадпрыемстваў горада і вобласці.

- Ствараючы дамашнія ўмовы пражывання і выхавання, акружаючы дзяцей любоўю, клопатам і ўвагай, мы вяртаем ім страчанае дзяцінства, дом і сям’ю, - адзначыла С.Р.Шчэрбава.

Міністр адукацыі С.А.Маскевіч пабываў у 2 дамах, дзе сустрэўся з бацькамі-выхавальнікамі А.С.Манькоўскай і І.М.Смальцар, а таксама іх дзецьмі. Першая жанчына працуе ў вёсцы 20 гадоў. За гэты час яна была мамай для 19 дзяцей. Сёння Алена Сігізмундаўна выхоўвае 8 дзяцей.

- Работа неверагодна цяжкая і адказная, - прызналася А.С.Манькоўская. – Але выхоўваць дзяцей мне вельмі падабаецца. Пэўна, гэта маё жыццёвае прызначэнне.

Гэтыя словы можна аднесці і на рахунак І.М.Смальцар, якая займаецца выхаваннем 5 дзяцей.

Міністр адукацыі азнаёміўся з умовамі пражывання ў дамах, агледзеў дзіцячыя пакоі і пагутарыў з выхаванцамі. С.А.Маскевіч пытаўся ў іх пра вучэбныя поспехі, любімыя заняткі, жыццёвыя планы. Міністра гасцінна запрасілі за стол, дзе пачаставалі чаем, духмянымі булачкамі, цукеркамі і пячэннем.

- У Кобрынскай дзіцячай вёсцы створаны надзвычай добрыя ўмовы для пражывання і выхавання дзяцей, - адзначыў С.А.Маскевіч. – Быць мамай – гэта высакародная місія. Каб несці адказнасць адначасова за некалькіх дзяцей, трэба мець вялікую мужнасць. Кожны дзень бацькі-выхавальнікі аддаюць часцінку сэрца сваім дзецям і шчыра вераць у іх шчаслівую будучыню. Галоўнае – даць дзецям правільныя ўрокі выхавання для паспяховай сацыялізацыі, стварыць спрыяльныя псіхалагічныя ўмовы. Але пры гэтым варта памятаць, што выхаванне павінна быць эфектыўным не толькі ў педагагічным плане, але і ў эканамічным.

У дзень прыезду міністра адукацыі ў Кобрын у гарадскім Доме культуры прайшлі мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” з удзелам старшыні Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумара. Дзіцячыя творчыя калектывы паказвалі свае дасягненні і атрымлівалі падарункі.

- Акцыя сведчыць, што кожнае дзіця ў нашай краіне з’яўляецца сапраўдным набыткам і каштоўнасцю, - заўважыў С.А.Маскевіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.