Уладары робатаў

12.12.2014

- Турнір праводзіўся з мэтай распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі вобласці інавацыйных і эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, далучэння моладзі да заняткаў тэхнічнай творчасцю, навукай і вынаходніцтвам, пошуку таленавітых дзяцей і іх падтрымкі ў рэалізацыі творчых ідэй, - расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

Навучэнцы выраблялі робатаў у аб’яднаннях па інтарэсах і дамашніх умовах з прапанаваных набораў і заяўлялі іх на турнір у завершаным выглядзе і рабочым стане. Для гэтага патрабавалася валодаць асновамі электронікі, праграміравання і радыёаматарскай тэхналогіі.

Турнір праходзіў у два этапы. Першы этап уключаў стэндавую ацэнку робатаў, другі – спаборніцтвы на хуткасць праходжання трох трас. Падчас стэндавай ацэнкі журы звяртала ўвагу на дызайн робата, яго знешні выгляд і аддзелку, канструктыўную прапрацоўку, якасць вырабу і мантажу, арыгінальнасць выкарыстаных тэхналагічных, канструктыўных і праграмных рашэнняў. Спаборніцтвы на хуткасць праходзілі паслядоўна на трох трасах з павелічэннем узроўню іх складанасці. Кожны ўдзельнік праходзіў 10 кругоў на кожнай з трох трас.

Па выніках турніру ў камандным заліку перамаглі прадстаўнікі Мірскай і Цешаўлянскай сярэдніх школ Баранавіцкага раёна і Зарэчкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Драгічынскага раёна. У асабістым заліку лепшымі сталі Мікалай Андрэйчыкаў і Уладзімір Скрабец з Мірскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, а таксама Дзяніс Паціявец з Зарэчкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Драгічынскага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук (другі справа) з пераможцамі турніру.