Выхаваўчы патэнцыял музейнай педагогікі

12.12.2014

У першы дзень семінара яго ўдзельнікі наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе ўсклалі кветкі да Вечнага агню і азнаёміліся з экспазіцыяй новага музея “Музей вайны – тэрыторыя міру”.

- Месца правядзення семінара было выбрана невыпадкова, - распачала пленарнае пасяджэнне, якое праходзіла ў музеі абароны Брэсцкай крэпасці-героя, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.В.Чоўжык. – Мемарыял з’яўляецца галоўным месцам ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі на Брэстчыне. Ва ўстановах адукацыі вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца музейнай педагогіцы і пошукавай дзейнасці вучняў. Брэстчыне ёсць што паказаць і чым падзяліцца з калегамі.

- Штогод Брэсцкую крэпасць-герой наведваюць каля 400 тысяч чалавек, палова з якіх – навучэнская моладзь, - расказаў дырэктар мемарыяльнага комплексу Р.Р.Бысюк. – Патрыятычнае выхаванне – адзін з асноўных напрамкаў работы са школьнікамі і студэнтамі. Гэтая работа ўключае аглядныя і тэматычныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі і мерапрыемствы, выставы, лекцыі і гутаркі, прагляд кінафільмаў. Шырока практыкуюцца выязныя экспазіцыі ў рэгіёнах. Адным з цэнтраў выхавання школьнікаў з’яўляецца Пост памяці № 1.

- Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне – найбольш запатрабаваны напрамак выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі краіны, - адзначыла загадчыца аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства А.Я.Кравец. – Школьны музей валодае вялікім адукацыйна-выхаваўчым патэнцыялам, бо захоўвае і экспануе прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры продкаў. Эфектыўнае выкарыстанне гэтага патэнцыялу ў выхаванні моладзі з’яўляецца адной з важнейшых задач кожнага музея.

Вялікае выхаваўчае ўздзеянне на вучняў аказваюць работа ў музеі, сустрэчы з удзельнікамі даўніх падзей і музейныя экспанаты. Іх рэальнасць надае ведам не толькі пераканаўчасць і дакладнасць, але і эмацыянальную афарбоўку. Школьнікі даследуюць дакументы, навуковую, гістарычную і мастацкую літаратуру, аўдыя- і відэаматэрыялы, сустракаюцца падчас паходаў і экспедыцый са сведкамі падзей, апытваюць насельніцтва, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, дапамагаюць ветэранам і інш.

Сёння ў школах краіны дзейнічаюць 1459 музеяў (256 з іх – музеі баявой славы). Гэтыя музеі, годнае месца ў якіх займаюць дакументы ваеннага часу, асабістыя рэчы салдат і камандзіраў, прадметы ваеннага побыту і лісты родных, з’яўляюцца захавальнікамі ваеннай памяці ў рэгіёнах, летапісамі вайсковых злучэнняў і часцей. Дзякуючы пошукава-даследчай рабоце школьнікаў, сталі вядомыя гераічныя лёсы многіх падпольшчыкаў, франтавікоў і ўдзельнікаў партызанскага руху.

У школьных музеях ладзяцца розныя пазакласныя мерапрыемствы і праводзяцца вучэбныя заняткі. Гэта своеасаблівыя візітоўкі ўстаноў адукацыі. За дзесяцігоддзі актыўнага збору матэрыялаў па гістарычнай, культурнай і прыроднай спадчыне пэўнага рэгіёна школьныя музеі сталі не проста месцамі захавання цікавых прадметаў, але і сапраўднымі цэнтрамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Па словах А.Я.Кравец, у кожным музеі павінны быць экспазіцыі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўстановах, дзе няма музеяў, трэба аформіць тэматычныя куткі.

У рамках святкавання 70-й гадавіны Вялікай Перамогі асаблівая ўвага ўдзяляецца рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”, якая ўключае правядзенне Вахт памяці для актывізацыі архіўна-даследчай работы па ўстанаўленні імёнаў, лёсаў і месцаў пахавання людзей, загінуўшых у час вайны, адкрыццё новых памятных месцаў, стварэнне мемарыяльных зон, правядзенне дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў “Мы ў памяці захоўваем герояў імёны” і рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”.

Наладжана цеснае супрацоўніцта паміж школьнымі музеямі і музеямі Міністэрства культуры. Ствараюцца сумесныя праекты па далучэнні моладзі да музейнай дзейнасці. Так, на Гомельшчыне разам з адным палаца-паркавым ансамблем рэалізуецца праграма “Музей – школе”, якая дапаўняе курс гуманітарных вучэбных дысцыплін з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. На Гродзеншчыне ў рамках абласнога мегапраекта “Патрыятычны марафон сацыяльна значных спраў “Паклонімся вялікім тым гадам” ажыццяўляецца турыстычна-краязнаўчы праект “Усё помніцца, нішто не забыта”.

Пры многіх школьных музеях працуюць пошукавыя клубы, атрады і аб’яднанні. Так, юныя пошукаўцы з сярэдняй школы № 1 Салігорска сабралі матэрыялы па тэмах “Салігорскія сёстры Хатыні” і “Халакост у нашым краі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Вялікую работу па добраўпарадкаванні занядбаных магіл і ўстанаўленні помнікаў праводзіць клуб “Пошук” з сярэдняй школы № 2 Нароўлі. Дзякуючы пошукавай рабоце, дзеці глыбей пазнаюць ваенную гісторыю малой радзімы.

- Задача кіраўніка музея – выхаваць зацікаўленага і творчага даследчыка, адказнага за мінулую, сучасную і будучую спадчыну. Важна не толькі ведаць сабраны матэрыял, але і разумець яго, даваць яму эмацыянальна-маральную ацэнку, - заўважыла А.Я.Кравец. – Нельга забываць і пра актыўнае ўкараненне ІКТ у музейную практыку.

Дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Д.М.Гумянюк падзяліўся вопытам арганізацыі школьных музеяў у вобласці:

- Вялікую ролю ў выхаванні юных патрыётаў і грамадзян адыгрывае краязнаўчая дзейнасць вучняў і педагогаў, якая праяўляецца ў стварэнні на базе ўстаноў адукацыі музеяў, куткоў, выстаў і экспазіцый, якія адлюстроўваюць гісторыю, культуру і прыроду роднага краю. За час работы школьных музеяў на Брэстчыне сабраны вялікі і каштоўны матэрыял.

Сёння ва ўстановах адукацыі вобласці дзейнічаюць 205 музеяў: краязнаўчыя (89), ваенна-гістарычныя (47), этнаграфічныя (38), гістарычныя (24), мастацкія (4), літаратурныя (4) і інш. У большасці музеяў працуюць педагогі-энтузіясты на грамадскіх пачатках.

Многія музеі дзейнічаюць на працягу дзясяткаў гадоў і з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі: музей дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва і народнага побыту Брэстчыны сярэдняй школы № 10 Брэста, музей Г.М.Халасцякова сярэдняй школы № 9 Баранавіч, гісторыка-краязнаўчы музей Мілавідскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, літаратурна-краязнаўчы музей сярэдняй школы № 7 Кобрына і інш. На базе школьных музеяў паспяхова працуюць дзіцячыя аб’яднанні па інтарэсах.

Вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі ажыццяўляе гісторыка-краязнаўчы музей Гарадзецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Кобрынскага раёна (кіраўнік Г.П.Чыжэўская). Музей мае сучаснае афармленне і налічвае 490 экспанатаў. Асноўнае месца ў экспазіцыі адведзена гісторыі вёскі і ўвекавечанню памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Больш за 50 гадоў працуе краязнаўчы музей у Косаўскай сярэдняй школе Івацэвіцкага раёна. Дзякуючы энтузіязму і актыўнасці кіраўніка музея настаўніцы гісторыі Н.Я.Бялевіч, музей стаў сапраўдным цэнтрам краязнаўчай і патрыятычнай работы з вучнямі. Аснову музейнага фонду складаюць калекцыі нумізматыкі, прадметаў побыту, фотаздымкаў і друкаваных выданняў. У музеі, які цесна супрацоўнічае з музеем-сядзібай Т.Касцюшкі і ведамаснымі музеямі Івацэвіч, вядзецца вялікая пошукавая і экскурсійная работа.

Даволі цікавымі з’яўляюцца музей вайны ў Афганістане сярэдняй школы № 13 Брэста і музей “Брэст тэатральны” сярэдняй школы № 12 Брэста. У 2012 годзе ў сярэдняй школе № 8 Брэста быў створаны музей першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата (кіраўнік А.М.Кітленка), які актыўна наведваюць вучні іншых устаноў адукацыі.

У сярэдняй школе № 1 Кобрына дзейнічае музейная экспазіцыя, прымеркаваная да 100-гадовага юбілею ўстановы (стваральнік Р.М.Макраус). На школьным сайце створаны віртуальны музей “Гісторыя школы даўжынёй у стагоддзе”.

Два гады назад у ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста быў адкрыты музейна-педагагічны комплекс “Брэст – горад маёй будучыні” (кіраўнік С.Л.Зялінская). Гэта своеасаблівы музей са зменнымі выставамі, асноўная мэта якога заключаецца ў тым, каб паказаць развіццё горада ў перспектыве. Музей таго, чаго сёння пакуль не існуе. Музей ідэй і грандыёзных планаў.

Работа па рэканструкцыі і абнаўленні існуючых, адкрыцці новых музеяў вядзецца ў многіх рэгіёнах Брэстчыны. Так, сёлета ў музеі гімназіі Белаазёрска з’явілася экспазіцыйная зала, прысвечаная беларускай паэтцы Ніне Мацяш. У Жамчужненскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна ствараецца музей Першай сусветнай вайны.

Д.М.Гумянюк спыніў увагу і на праблемах. Сярод іх – адсутнасць пераемнасці музейнай справы ў школах і абмену вопытам паміж музеямі; нізкая захаванасць музейных фондаў; недахоп фінансаў для стварэння паўнацэнных музейных экспазіцый; стварэнне новых музеяў без узгаднення з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, па справах моладзі і культуры. На думку Д.М.Гуменюка, неабходна распрацаваць і зацвердзіць новы ўніверсальны рэспубліканскі дакумент па арганізацыі работы школьных музеяў, распрацаваць дзейсную працэдуру стварэння і закрыцця музеяў, прысваення ім і пазбаўлення іх народнага звання, павысіць статус кіраўніка школьнага музея праз увядзенне адпаведнай стаўкі, а таксама камп’ютарызаваць сістэму ўліку экспанатаў.

Удзельнікі семінара пабывалі ў музеі касманаўтыкі Тамашоўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, музейна-педагагічным комплексе “Брэст – горад маёй будучыні” ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста і музеі Уладзіміра Карвата сярэдняй школы № 8 Брэста, пасля чаго абмяняліся вопытам работы па розных напрамках музейнай педагогікі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКАХ: музейна-педагагічны комплекс “Брэст – горад маёй будучыні” ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста.

Фота аўтара.