Цікавых ідэй зашмат не бывае
3.12.2014Паглядзець было на што. Так, брэстаўчане прэзентавалі праекты па стварэнні скейт-парка і музея гісторыі камсамола, а таксама сацыяльны інтэрнэт-праект “Бацькі. ВY”. Прадстаўнікі Баранавіч падрыхтавалі праекты “Дзелавая кухня” і “Перспектыўная мадэль развіцця медыцыны”. Кабрынчане прапанавалі ініцыятыву “Мая сям’я – адзінства думак і спраў”. Увазе гледачоў былі прадстаўлены таксама праекты “Выкарыстанне эка-трэндаў для эканоміі прыродных рэсурсаў” з Піншчыны і “Новае жыццё старога музея” з Ляхавіч, а таксама праект па аграэкаэтнатурызме “Турыстычны комплекс “Сосны” з Ганцавіч.
У рабоце выставы-прэзентацыі ўдзельнічалі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык, кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласной “вертыкалі”, прадстаўнікі бізнесу, студэнты і школьнікі. Адкрываючы мерапрыемства, Леанід Аляксандравіч адзначыў, што праект “100 ідэй для Беларусі” з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю расказаць пра ўласныя задумы не толькі равеснікам, але і кампетэнтным спецыялістам.
- Сур’ёзныя распрацоўкі, якія рэальна ўвасобіць у жыццё ў сацыяльна-эканамічнай сферы, можна дасылаць на разгляд навуковага савета пры аблвыканкаме, - расказаў Л.А.Цупрык. – Пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама савет аналізуе самыя перспектыўныя праекты. Затым лепшыя з іх атрымліваюць фінансаванне за кошт сродкаў абласнога інавацыйнага фонду. Такім чынам на Брэстчыне былі рэалізаваны некалькі праектаў. Так, падтрымана распрацоўка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта па вызначэнні фізічных нагрузак спартсменаў, абумоўленых генетычна (выдаткаваны 300 мільёнаў рублёў). Рэалізаваны маладзёжны праект Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта па ліквідацыі рэшткавых парод ў сцёкавых водах. З сёлетніх работ заслугоўвае ўвагі праект па вызначэнні ўзроўню павадкавых вод і рэльефу дна ў вадаёмах. Перспектыўная распрацоўка можа мець важнае значэнне для Палесся.
Па словах Л.А.Цупрыка, у савецкі час быў шырока развіты вынаходніцкі і рацыяналізатарскі рух. Сёння яго, на жаль, няма. Каштоўнасць праекта “100 ідэй для Беларусі” заключаецца ў тым, што ён дае адчуць моладзі далучанасць да развіцця сацыяльна-эканамічнага комплексу вобласці і краіны, паказаць свае магчымасці. На Брэстчыне шмат здольных юнакоў і дзяўчат, якія хочуць і могуць прадуцыраваць новыя тэхналагічныя ідэі, што вельмі важна і ў Беларусі, і ва ўсім свеце.
Летась прызёрам рэспубліканскага этапу праекта “100 ідэй для Беларусі” стала распрацоўка Белаазёрскага дзяржаўнага ПТК электратэхнікі
“Вырошчваем грыб вёшанку, выкарыстоўваючы цёплую ваду Бярозаўскай ДРЭС”. Па словах аўтараў праекта, ідэя па вырошчванні вёшанак на беразе электрастанцыі з’явілася выпадкова. Вядома, што гэты грыб валодае карыснымі ўласцівасцямі: выводзіць з арганізма радыёнукліды, зніжае артэрыяльны ціск і перашкаджае ўтварэнню ракавых клетак. Знайсці ў продажы гэтыя грыбы аказалася нялёгка. Вырасціць іх проста. Для гэтага трэба ўлічваць вільготнасць і тэмпературу. Паколькі вада на ДРЭС не замярзае круглы год, можна на беразе канала пабудаваць спецыяльную ферму, дзе без асаблівых энергазатрат вырошчваць вёшанкі для продажу і перапрацоўкі. Ужо ёсць людзі, якія ўсур’ёз зацікавіліся гэтай ідэяй.
З улікам часу будаўніцтва і вырошчвання першай прадукцыі праект рэалізуецца на працягу 8 месяцаў. Агульны кошт затрат на матэрыялы эквівалентны 8,1 тысячы долараў ЗША, першы прыбытак – 9,3 тысячы долараў ЗША. У выніку праз 8 месяцаў можна зарабіць 1,2 тысячы амерыканскіх долараў.
- Сёлета на рэалізацыю 10 лепшых праектаў выдаткаваны 110 мільёнаў рублёў, - расказала каардынатар праекта “100 ідэй для Беларусі” Алеся Віннік. – Больш за палову праектаў ужо рэалізаваны і ўкаранёны. Сярод іх – мноства віртуальных экскурсій па музеях Беларусі, ідэя па стварэнні эканамічнага і даўгавечнага асфальтавага пакрыцця і інш. Дасылаць распрацоўкі на праект можа моладзь ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў. Праект ажыццяўляецца па намінацыях “Прамысловасць”, “Біятэхналогіі”, “Медыцына”, “Сацыяльная сфера” і “ІТ-тэхналогіі”. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі мае дамоўленасць з інвестыцыйнай кампаніяй, якой цікавыя не толькі ідэі, але і іх аўтары як перспектыўны інтэлектуальны рэсурс краіны.
Пасля выставы-прэзентацыі адбыўся адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”, падчас якога ўдзельнікі праекта абмяркоўвалі планы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне, гаварылі пра дзяржаўную падтрымку таленавітай моладзі, узнімалі сацыяльна-эканамічныя пытанні. З верасня ў вобласці ўжо праведзены 300 такіх сустрэч-дыялогаў, у якіх прынялі ўдзел больш за 5 тысяч юнакоў і дзяўчат.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.