70 гадоў дапамагаюць людзям

1.12.2014

За час існавання ўстановы, размешчанай у сасновым бары ля Брэсцкай абласной бальніцы, было падрыхтавана каля 13 тысяч спецыялістаў – фельчараў і фельчараў-акушэраў, зубных тэхнікаў і ўрачоў, медсёстраў і памочнікаў урача. Сёння ў каледжы, дзе атрымліваюць веды амаль 700 будучых медыкаў, створаны належныя ўмовы для падрыхтоўкі кваліфікаваных медыцынскіх кадраў, запатрабаваных на сучасным рынку працы.

- Навучанне ў каледжы з’яўляецца практыка-арыентаваным, - расказвае дырэктар установы Я.П.Стаднік-Яскавец. – Мы імкнёмся навучыць нашых выпускнікоў рабіць усе неабходныя медыцынскія маніпуляцыі дасведчана, дакладна і без болю. Гэтаму садзейнічае тое, што з кожным годам Міністэрства аховы здароўя ўводзіць у вучэбную праграму ўсё больш практычных гадзін. У выніку навучэнцы больш практыкуюцца ў бальніцах, паліклініках і сельскіх урачэбных амбулаторыях.

Каледж рыхтуе кадры сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыі на двух аддзяленнях – медсёстраў і фельчараў-акушэраў, памочнікаў урача (выпускнікі гэтай спецыяльнасці працуюць у брыгадах “хуткай дапамогі”). Штогод ва ўстанову прыходзяць 240 навучэнцаў. Выпускнікі каледжа надзвычай запатрабаваны, асабліва ў апошнія гады. Маладыя медыкі размяркоўваюцца пераважна ва ўстановы аховы здароўя Брэстчыны. На спецыялістаў прыходзяць заяўкі і з іншых рэгіёнаў краіны, куды, трэба прызнацца, яны накіроўваюцца неахвотна, улічваючы недахоп медыцынскіх кадраў у вобласці.

- Калі зірнуць на кадравую праблему шырэй, то дэфіцыт спецыялістаў-медыкаў вышэйшага і сярэдняга звяна адчуваецца ўжо не першы год ва ўсёй краіне, - гаворыць Я.П.Стаднік-Яскавец. – На Брэстчыне медыцынскія кадры, акрамя абласнога цэнтра, рыхтуюцца яшчэ і ў Пінску. Паступова кадравы голад змяншаецца. Думаю, пытанне з забеспячэннем медустаноў сярэднім медперсаналам будзе закрыта ў бліжэйшыя 2 – 3 гады. Важна, што сёння ў каледжы асноўны ўпор робіцца на мэтавы набор, а колькасць “платнікаў” зніжаецца (іх зараз крыху больш за 100). Заўважна палепшылася паспяховасць.

Пра павелічэнне прэстыжу навучання ў каледжы сведчыць той факт, што, нягледзячы на недаборы ў іншыя ССНУ і ПТНУ вобласці, тут падчас уступнай кампаніі захоўваецца конкурс сярод абітурыентаў. Многія навучэнцы каледжа прызнаюцца, што выбралі медыцынскую прафесію ўсвядомлена. А калі чалавек асэнсавана, настойліва і мэтанакіравана рухаецца да пастаўленай мэты, з яго, як правіла, атрымліваецца добры спецыяліст. Праўда, пры ўмове, што побач будуць педагогі-прафесіяналы, якіх у Брэсцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы шмат.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.