Ушанавалі памяць героя

17.11.2014

Адкрыццё дошкі было прымеркавана да 36-й гадавіны з дня нараджэння героя. Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі родныя і блізкія Дзмітрыя, прадстаўнікі гарадской улады, Брэсцкага гарнізона, Ваеннай акадэміі Беларусі, грамадскіх арганізацый, настаўнікі і школьнікі.

- Мы не проста адкрываем дошку. Сёння мы святкуем дзень нараджэння чалавека, асуджанага на бессмяротнасць. Подзвіг брэстаўчаніна Дзмітрыя Гвішыяні назаўсёды застанецца ў памяці жыхароў горада. Сёння ён, магчыма, быў бы ўжо падпалкоўнікам ці нават палкоўнікам, але па волі лёсу Дзмітрый выканаў свой маральны доўг у жніўні 1999 года, навечна застаўшыся ў нашых сэрцах самаахвярным і мужным юнаком, - адзначыў на мітынгу старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук, пажадаўшы прысутным ніколі не стаяць перад выбарам жыцця або смерці.

Намеснік начальніка па вучэбнай і навуковай рабоце агульнавайсковага факультэта Сяргей Мазоўка расказаў, што курсант Дзмітрый Гвішыяні назаўсёды занесены ў спіс асабістага саставу агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі. Воінскае званне, прозвішча, імя і імя па бацьку героя штовечар агучваюцца перад строем курсантаў на вячэрняй праверцы.

- Жыццё хуткаплыннае, а памяць вечная. Нельга пераацаніць подзвіг чалавека, які коштам уласнага жыцця выратаваў жыцці іншых людзей. Мы ганарымся подзвігам нашага курсанта і заўсёды будзем яго памятаць, - адзначыў Сяргей Мазоўка.

Бацька Дзмітрыя падзякаваў кіраўніцтву мясцовых органаў улады і Ваеннай акадэміі Беларусі за ўсё, што робіцца па ўвекавечанні памяці сына.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць чалавека, які ўласным прыкладам пацвердзіў знакамітае выслоўе: “У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”.

22 жніўня 1999 года Дзмітрый Гвішыяні разам з сакурснікамі вяртаўся ў цягніку Брэст – Мінск на вучобу. У 22.50 у лакаматыве ўзнік пажар. Дзмітрый з сябрамі кінуўся тушыць узгаранне і выводзіць людзей. У выніку выбуху паліўнага бака юнака абліла гарачым маслам. З моцнымі апёкамі яго даставілі на верталёце ў Мінск. На жаль, выратаваць Дзмітрыя не ўдалося. Ад атрыманых апёкаў у ноч з 31 жніўня на 1 верасня ён памёр у ваенным клінічным шпіталі. За выключную адвагу і асабістую мужнасць, праяўленыя пры ратаванні людзей падчас пажару, курсант Дзмітрый Гвішыяні быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць”.

Сёння на тэрыторыі Ваеннай акадэміі Беларусі ўстаноўлены помнік брэстаўчаніну. Адна з вуліц Мінска носіць імя курсанта Гвішыяні. Па чыгуначных пуцях краіны доўгія гады курсіраваў цеплавоз, названы ў гонар героя (цяпер ён знаходзіцца ў Брэсцкім музеі чыгуначнай тэхнікі). У абласным цэнтры рэгулярна ладзяцца спартыўныя турніры імя Гвішыяні па міні-футболе, валейболе і ўшу. У 2002 годзе імем героя-выпускніка была названа сярэдняя школа № 30 Брэста. У ёй створаны музей і алея памяці курсанта.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.