Вучань + настаўнік = 100
20.9.2014Так, 100 балаў набралі Валерыя Захарчык (беларуская мова) i Святлана Алiхвер (фiзiка). А вось Дзмiтрый Iгнатчык атрымаў 100 балаў адразу па двух прадметах (беларуская мова і матэматыка).
Нi вучнi, нi настаўнiкi не робяць сакрэту з таго, як дасягнулi такiх высокiх вынiкаў: асноўныя навыкi блiскучай здачы тэстаў падлеткi атрымлiвалi ў школе падчас факультатыўных заняткаў. Святлана, Валерыя i Дзмітрый вызначылiся з выбарам прадметаў для паступлення ўжо за некалькi гадоў да заканчэння школы i ўвесь час старанна рыхтавалiся да ЦТ.
Дзмiтрый прызнаецца, што да рэпетытараў ён не звяртаўся. Неабходныя веды i навыкi юнак набыў дзякуючы настаўнiцам Людмiле Iванаўне Анiскевiч i Таццяне Мiкалаеўне Машнiной, у якіх хлопец вучыўся з 5 па 11 клас. Матэматыка была самым любімым прадметам Дзмітрыя. Пад кiраўнiцтвам педагога ён паспяхова ўдзельнiчаў у гарадскiх i абласных алiмпiядах i навукова-практычных канферэнцыях. Падчас здачы тэстаў юнак найбольш хваляваўся за вынікі па беларускай мове, але старанная самастойная работа i рэкамендацыi Л.I.Аніскевіч прывялi да выдатнага вынiку.
Дзякуючы высокай суме балаў, учарашнiя школьнікі сталi студэнтамi прэстыжных УВА краiны. Так, Валерыя Захарчык (агульны вынiк – 337 балаў) паступіла ў БДЭУ, пасля заканчэння якога плануе працаваць у банку. Святлана Алiхвер (372 балы) выбрала для працягу адукацыі факультэт прыкладной матэматыкi i iнфарматыкi БДУ. А Дзмiтрый Iгнатчык, як i планаваў яшчэ ў 9 класе, стаў студэнтам факультэта камп’ютарных сiстэм i сетак БДУIР. Дарэчы, нягледзячы на тое, што ў гэтай УВА падчас уступнай кампанii дазвалялася рэгiстравацца адразу на некалькi спецыяльнасцей, Дзмітрый не здрадзiў сваёй мары i выбраў толькi адну. Ён мог сабе гэта дазволiць, бо яму не хапiла ўсяго 4 балы да абсалютнага вынiку. Таму ў недалёкай будучыні юнак спадзяецца стаць добрым iнжынерам-праграмiстам i працаваць у Парку высокiх тэхналогiй.
Нельга сказаць, што дзеля паспяховай здачы тэстаў выпускнiкi адмовiлiся ад звычайнага жыцця моладзі. Канечне, яны сталi менш бавiць час у сацыяльных сетках, крыху абмежавалi зносiны са знаёмымi, аднак iм хапала часу i на заняткi спортам, i на падрыхтоўку iншых (няпрофiльных) дамашнiх заданняў. Валерыя, Святлана i Дзмiтрый падкрэслiваюць, што ленавацца ў такой справе, як падрыхтоўка да ЦТ, нельга. Выпускнікі штодзень, нягледзячы нi на што, вучылі тэорыю i выконвалі практыкаванні.
- Трэба загадзя планаваць кожны свой дзень, ставiць перад сабой мэту i дасягаць яе, сумленна выконваць усе рэкамендацыi настаўнiка – i вынiк абавязкова будзе, - у адзін голас гавораць падлеткі.
Канечне, ніводны з выпускнiкоў не гаворыць пра адоранасць, аднак яны (магчыма, не без дапамогi бацькоў) разам з настаўнiкамі змаглi раскрыць i развiць свае здольнасцi, дзякуючы настойлiвасцi, мэтанакiраванасцi i працавiтасцi.
Толькi дзякуючы правiльна арганiзаванаму адукацыйнаму працэсу, мэтанакiраванай i сiстэматычнай падтрымцы i развiццю матывацыi як вучня, так i настаўнiка, можна забяспечыць найвышэйшую якасць падрыхтоўкi школьнікаў. Адмiнiстрацыя ўстановы iмкнецца стварыць спрыяльныя ўмовы як для прафесiйнага росту настаўнiкаў, так i для самаўдасканалення вучняў.
Зацiкаўленасць кiраўнiка i яго намеснiкаў, канечне, падтрымлiваюць педагогi. Так, Т.М.Машніна i Л.I.Аніскевіч дзеляцца з калегамi сваiм багатым вопытам. Нягледзячы на тое, што матэматыка i беларуская мова зусiм розныя прадметы, абедзве настаўнiцы прытрымлiваюцца думкi, што галоўнае – адпрацоўка навыкаў, чаму і адводзiцца большая частка факультатыўных заняткаў. Педагогі падкрэслiваюць, што на ўроках у 10 – 11 класах яны займалiся пераважна паўтарэннем правiл. На факультатывах 15 хвiлiн аддавалася на тое, каб яшчэ раз паўтарыць тэорыю. Астатнi час вучнi працавалi над практычнымі заданнямi.
У рабоце педагогі выкарыстоўваюць тэсты розных гадоў, групіруюць заданні па тэмах і пастаянна звяртаюцца да пройдзенага матэрыялу, каб давесці навыкі да аўтаматызму. Шмат часу вучнi працуюць над заданнямі, якія кожны год выклiкаюць у абітурыентаў асаблівыя цяжкасцi.
Магчыма, усё пералiчанае вышэй падасца камусьці класiчным метадам навучання. Але калi гэты метад плённы, то навошта шукаць нешта новае? Дырэктар школы Ала Анатольеўна Шпакоўская заўсёды звяртае ўвагу на пераемнасць у навучаннi: калi трывалыя веды i навыкi дае настаўнiк пачатковых класаў, калi настаўнiк вядзе вучня з 5 класа i да апошняга званка, то ў выпускніка больш шансаў дасягнуць высокiх вынiкаў у вучобе.
Паспяховы настаўнiк, як i паспяховы вучань, павiнен не толькi любiць работу, якой займаецца. Ён павiнен быць патрабавальным да сябе i пастаянна развiвацца. Гэта адно з галоўных правiл нашых настаўнiкаў. 100 балаў на ЦТ складаюцца з працы i здольнасцей вучняў i прафесiяналізму педагогаў.
Анжэла ТУКАЙ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Баранавіч.