Забяспечыць умовы для арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу

29.8.2014

- У новым навучальным годзе ў вобласці будуць працаваць 528 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 489 дашкольных устаноў. На заняткі прыйдуць амаль 156 тысяч школьнікаў. Радуе, што іх колькасць паступова павялічваецца.

Да пачатку новага навучальнага года былі закрыты 35 устаноў адукацыі (12 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, 18 школ, 5 дзіцячых садкоў, адна ўстанова дадатковай адукацыі) і рэарганізаваны 9 школ. Мясцовая ўлада забяспечвае паслядоўную і ўзважаную аптымізацыю малакамплектных устаноў адукацыі з улікам існуючай дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёнах. Так, у 11 з 18 закрытых школ атрымлівалі веды не больш за 25 дзяцей. Разам з тым першага верасня працягнуць функцыянаваць 12 школ, якія наведваюць не больш за 50 навучэнцаў.

У выніку закрыцця малакамплектных школ сярэдняя напаўняльнасць класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі складзе 17,3 вучні (самы высокі паказчык у краіне). Найменшая напаўняльнасць класаў назіраецца ў Баранавіцкім (9,7), Пінскім (10,2) і Камянецкім (13,1) раёнах.

Першага верасня ў мікрараёне Паўднёвы Захад – 4 Брэста адкрыецца новая школа на 1120 месцаў, а ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна завершыцца рэканструкцыя дзіцячага садка. Да канца года будзе завершана рэканструкцыя медыцынскага блока і добраўпарадкавана тэрыторыя Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната, а таксама будаўніцтва дзіцячых садкоў у вёсцы Рубель Столінскага раёна і ў вёсцы Клейнікі Брэсцкага раёна. Акрамя таго, плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 аднакватэрныя жылыя дамы сямейнага тыпу ў Баранавічах, Івацэвіцкім, Лунінецкім і Маларыцкім раёнах.

Запланавана набыццё 32 школьных аўтобусаў (набыты 25). 2,4 тысячы навучэнцаў будуць дастаўляцца ў школы спецыяльным транспартам.

Для павелічэння колькасці дашкольных месцаў з дзіцячых садкоў у школы будуць выведзены 15 першых класаў і адкрыты 10 груп (за кошт перапрафіліраных памяшканняў). У выніку гэтых мер дадаткова з’явяцца 430 дашкольных месцаў у Брэсце, 60 – у Баранавічах, 24 – у Пінску і 40 – у Брэсцкім раёне. Тым не менш у абласным цэнтры сітуацыя з даступнасцю дашкольнай адукацыі кардынальна не змянілася (патрабуецца 2620 месцаў). Хутка стварыць дадатковыя дашкольныя месцы магчыма за кошт змены статусу некаторых школ-садоў і вываду пачатковых класаў у сярэднія школы. Адным з варыянтаў зніжэння дэфіцыту дашкольных месцаў з’яўляецца ўладкаванне дзіцячых садкоў на першых паверхах жылых дамоў.

Сёлета на будаўніцтва аб’ектаў адукацыі было затрачана 150,6 мільярда рублёў (гадавы план – 213 мільярдаў рублёў). Фінансаванне капітальнага і бягучага рамонту ўстаноў адукацыі з абласнога і раённых бюджэтаў склала 87,4 мільярда рублёў (гадавы ліміт – 183 мільярды рублёў). Найбольшы аб’ём сродкаў на рамонт устаноў адукацыі запланаваны і асвоены ў Баранавіцкім, Бярозаўскім, Кобрынскім, Пінскім, Пружанскім і Столінскім раёнах. Нізкімі тэмпамі асвойваюцца сродкі ў Ляхавіцкім, Камянецкім, Ганцавіцкім, Лунінецкім, Маларыцкім і Жабінкаўскім раёнах, а таксама ў Брэсце.

Падчас падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі” ў Пінску адрамантаваны 7 дашкольных устаноў і 4 школы. Капітальна адрамантаваны харчаблокі ў 5 установах. Усе школы абсталяваны сістэмамі відэаназірання.

Комплексныя капітальныя работы праведзены ў шэрагу ўстаноў адукацыі Брэста, Баранавіч, Кобрына, Камянецкага, Ляхавіцкага, Пінскага і Пружанскага раёнаў. Пасля першага верасня рамонтныя работы працягнуцца на 20 аб’ектах адукацыі вобласці.

Вялікая ўвага ўдзяляецца санітарнаму стану харчаблокаў устаноў адукацыі. На іх рамонт сёлета было затрачана 4,1 мільярда рублёў. Ажыццяўляецца замена састарэлага гандлёва-тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання сталовых.

На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі прыцягнута каля 18 мільярдаў рублёў пазабюджэтных сродкаў. Найлепшых вынікаў у гэтай рабоце дасягнулі ў Брэсце, Пінску, Баранавічах, Кобрынскім і Столінскім раёнах. Вялікую дапамогу ўстановам аказваюць бацькі вучняў.

Кадравае забеспячэнне ўстаноў адукацыі ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з рэгіянальнымі УВА. У новым навучальным годзе ў школы вобласці прыйдзе 631 малады спецыяліст. Задача мясцовых выканаўчых органаў – забяспечыць іншагародніх педагогаў жыллём і стварыць умовы для іх замацавання.

Па-ранейшаму адчуваецца недахоп спецыялістаў па асобных вучэбных дысцыплінах. Існуючыя вакансіі настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю (46) і педагогаў спецыяльнай адукацыі (108) будуць замяшчацца пенсіянерамі і студэнтамі выпускных курсаў УВА. У Брэсце налічваецца больш за 50 вакансій выхавальнікаў дашкольных устаноў, якія будуць прапанаваны маладым спецыялістам.

Фінансавая самастойнасць устаноў адукацыі развіваецца праз сетку платных адукацыйных паслуг. З улікам павышанай запатрабаванасці паслуг дашкольнай адукацыі неабходна актывізаваць работу па ўкараненні новых форм яе арганізацыі. Так, перспектыўнымі формамі пазабюджэтнай дзейнасці кожнай дашкольнай установы павінны стаць платныя паслугі, якія аказваюцца дома, адаптацыйныя групы, групы выхаднога дня і вячэрняга знаходжання, сезонныя і гульнявыя пляцоўкі.

Мэтанакіраваная сумесная работа гар(рай)выканкамаў, абласнога ўпраўлення адукацыі і калектываў устаноў адукацыі пры падтрымцы папячыцельскіх камітэтаў і прадпрыемстваў-шэфаў па стварэнні належных матэрыяльна-тэхнічных, эстэтычных і санітарных умоў ва ўстановах адукацыі забяспечыць іх гатоўнасць да новага навучальнага года.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.