Павышаць якасць і эканамічную эфектыўнасць адукацыі

28.8.2014

Сярод іх – кіраўніцтва аблвыканкама на чале з К.А.Сумарам, намеснікі старшынь рай(гар)выканкамаў, начальнікі рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі УВА, школ і дашкольных устаноў. У рабоце настаўніцкага форуму “Адукацыя Брэстчыны: вопыт, рэсурсы, прыярытэты развіцця” прыняў удзел намеснік міністра адукацыі С.В.Руды.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з выставай-прэзентацыяй “Горад Брэст – дружалюбны да дзяцей” і вопытам устаноў адукацыі Брэстчыны “Эксперыменты і інавацыі ў адукацыйнай практыцы”.

З асноўным дакладам перад удзельнікамі нарады выступіў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. Ён расказаў, што сёння на Брэстчыне дзейнічае 1221 установа адукацыі (з іх 528 школ і 489 дашкольных устаноў). У выніку аптымізацыі сёлета былі закрыты 35 устаноў. 1 верасня за парты сядуць 156 тысяч дзяцей. Радуе, што з году ў год колькасць першакласнікаў паступова павялічваецца.

Попыт на дашкольныя ўстановы ў вобласці не змяншаецца. Дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках асабліва актуальны для Брэста, Баранавіч і Пінска. Для задавальнення запытаў бацькоў укараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя групы, мацярынскія школы, групы выхаднога дня і інш. Перспектыўнай задачай з’яўляецца адкрыццё прыватных дзіцячых садкоў.

- Нельга забываць і пра бацькоў, - адзначыў А.Ф.Жук. – Іх неабходна больш актыўна далучаць да адукацыйнага працэсу. Узаемадзеянне з сем’ямі не павінна абмяжоўвацца святамі і спонсаркай дапамогай. Бацькоў, асабліва маладых, трэба вучыць правільна выхоўваць сваіх дзяцей праз адметныя формы работы – бацькоўскую школу, бацькоўскі выхаваўчы мінімум, псіхолага-педагагічную асвету і інш.

У новым навучальным годзе намаганні органаў кіравання адукацыяй будуць накіраваны на далейшую аптымізацыю сеткі дашкольных устаноў, укараненне новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове, эканамічна мэтазгодных напрамкаў дзейнасці дзіцячых садкоў, фарміраванне адаптыўнай здароўезберагальнай сістэмы, павышэнне сацыяльнага статусу педагогаў-дашкольнікаў і інш.

- Неабходна пашыраць выкарыстанне электронных сродкаў навучання і інтэрнэт-рэсурсаў у вучэбна-выхаваўчай і пазакласнай рабоце, а таксама ў рабоце са здольнымі дзецьмі. На жаль, практыка паказвае, што аўдыявізуальныя і камп’ютарныя сродкі навучання, матэрыялы для дыягностыкі якасці навучання і інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюцца недастаткова. Патрабуе паляпшэння вучэбна-лабараторная база школьных кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база кабінетаў замежнай мовы, - расказаў А.Ф.Жук.

Маніторынг паказвае, што неабходна ўдасканальваць метады і прыёмы ў правядзенні ўрокаў па шэрагу прадметаў, паляпшаць якасць адукацыйнага працэсу ў пачатковай школе. Гэта надзвычай важна, бо вынікі ўдзелу школьнікаў Брэстчыны ў алімпіядным руху і цэнтралізаваным тэсціраванні даволі сумныя.

У вобласці дзейнічаюць 30 ПТНУ. Большасць прафесій, якія там можна атрымаць, з’яўляюцца інтэграванымі, што забяспечвае далейшае паспяховае працаўладкаванне выпускнікоў, пашырае зону іх прафесійнай кампетэнтнасці і павышае канкурэнтаздольнасць на рынку працы.

Структура падрыхтоўкі рабочых кадраў штогод удасканальваецца. З улікам рэгіянальных запытаў спыняецца ці адкрываецца прыём па шэрагу прафесій. У мэтах удасканалення прафесійных ведаў і ўкаранення ў адукацыйны працэс інавацыйных форм работы, вывучэння новай тэхнікі і сучасных тэхналогій, аптымізацыі бюджэтных расходаў на Брэстчыне створаны рэсурсныя цэнтры вытворчага навучання.

- Перад сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці стаяць задачы па пашырэнні ўдзелу арганізацый-заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з перспектыўнымі патрэбамі інавацыйнага развіцця галін эканомікі і сацыяльнай сферы, далейшай аптымізацыі сеткі ПТНУ і структуры падрыхтоўкі кадраў з улікам перспектыў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, - адзначыў А.Ф.Жук.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Ю.М.Прасмыцкі расказаў пра работу аддзела па суправаджэнні дзяцінства ва ўмовах горада праз прызму рэалізацыі ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. У раёне дзейнічаюць 36 дашкольных устаноў, якія наведваюць каля 9,6 тысячы дзяцей. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца вучэбна-педагагічныя комплексы. Гэтыя ўстановы добра забяспечваюць пераемнасць у рабоце з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту.

У Маскоўскім раёне Брэста створана развітая сетка ўстаноў адукацыі (найперш гімназій і ліцэя), якая забяспечвае дыферэнцыраваны падыход да кожнага навучэнца і развіццё здольнасцей усіх дзяцей. На базе школ працуюць рэсурсныя цэнтры па нямецкай і французскай мовах, фізіцы, матэматыцы і грамадскіх дысцыплінах, міжшкольныя факультатывы фізіка-матэматычнага і гуманітарнага кірунку, 15 класаў з павышаным узроўнем навучання па прадметах. На жаль, застаюцца нявырашанымі праблемы, звязаныя з забеспячэннем устаноў высокакваліфікаванымі кадрамі і стварэннем у іх належных матэрыяльна-тэхнічных умоў.

З 1 верасня ў адным з новых мікрараёнаў горада пачне працаваць сярэдняя школа, разлічаная на 1120 месцаў. Дзякуючы сучаснай вучэбна-матэрыяльнай і спартыўнай базе, установа з цягам часу павінна стаць не толькі цэнтрам падрыхтоўкі інтэлектуальнай эліты, але і цэнтрам арганізацыі вольнага часу моладзі раёна. У школе будуць працаваць інтэграваныя класы для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату, што дазволіць вырашыць праблему іх сацыялізацыі. Умовы атрымання адукацыі ў школе-

новабудоўлі, прызнаўся Ю.М.Прасмыцкі, несупастаўляльныя з умовамі навучання ў розных установах горада. Адна з задач – удасканальваць матэрыяльную базу іншых школ з мэтай стварэння роўных умоў для атрымання якаснай адукацыі ўсімі вучнямі.

У арганізацыі вольнага часу падлеткаў актыўна задзейнічаны гісторыка-культурныя, спартыўна-забаўляльныя і рэкрэацыйныя аб’екты Брэста. У кожнай школе створаны органы вучнёўскага самакіравання. Лепшыя з іх дзейнічаюць у сярэдніх школах №№ 7, 10 і 37, гімназіях №№ 2 і 6, ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна. Юныя лідары плённа ўдзельнічаюць у рабоце дзіцячага гарадскога парламента.

Дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна В.П.Жуковіч падзяліўся вопытам інавацыйнага развіцця ўстановы адукацыі. Інавацыйнай дзейнасцю школа займаецца з 2008 года. На ўзроўні педагагічнай ініцыятывы была распрацавана стратэгія жаданай будучыні “Школа + вёска: разам да ўстойлівага развіцця”.

У 2012 годзе ва ўстанове пачаў рэалізоўвацца інавацыйны праект Міністэрства адукацыі Беларусі “Укараненне мадэлі комплекснай падтрымкі педагагічных ініцыятыў у дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Сутнасць праекта заключаецца ў пераходзе ад адміністрацыйнага да дзяржаўна-грамадскага кіравання адукацыяй праз стварэнне адкрытай сацыяльна-педагагічнай прасторы сельскага рэгіёна.

З мэтай арганізацыі эфектыўнай інавацыйнай дзейнасці была зроблена стаўка на прыцягненне знешняга фінансавання. З 2009 года школа рэалізавала шэраг праектаў: “Зялёны маршрут “Паміж трох азёр”, “Да ўстойлівага Здзітава – праз энергаэфектыўнасць” і інш. Акрамя таго, былі створаны эколага-этнаграфічны музей “Здзітаўскі фальварак” і інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці. Праекты ажыццяўляліся ў супрацоўніцтве з рознымі грамадскімі, адукацыйнымі і прыродаахоўнымі арганізацыямі. Сродкі, атрыманыя ў рамках праектаў, былі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы і правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў з вучнямі і жыхарамі вёскі.

Сёння ў школе рэалізуецца праект “Здзітава – Радзіма мілая!”. Мэта праекта – арганізацыя ўзаемадзеяння вучняў, мясцовых жыхароў і органаў улады для забеспячэння тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця вёскі. Плануецца, што па выніках праекта выйдзе аднайменная інфармацыйна-краязнаўчая брашура і арганізаваны адукацыйныя курс “Здзітавазнаўства”.

У школе ажыццяўляецца таксама праект па вывучэнні тэмпаў драпежніцтва траваядных насякомых у залежнасці ад змен геаграфічнай шырыні з дапамогай штучных гусеніц. Партнёрам у рэалізацыі праекта з’яўляецца ўніверсітэт Хельсінкі (Фінляндыя).

В.П.Жуковіч адзначыў, што ўдзел у праектнай дзейнасці павышае адукацыйны ўзровень вучняў, актывізуе навукова-даследчую работу ў школе і паляпшае яе якасць. Даследаванні, прадстаўленыя на канферэнцыях, прысвечаны флоры і фаўне, вясковым традыцыям. У 2012 годзе даследчая работа вучняў пачатковых класаў “Засяленне гнёздаў белым буслом на

тэрыторыі вёскі Здзітава” была адзначана спецыяльным прызам на міжнароднай канферэнцыі ў Польшчы.

Педагогі школы павышаюць прафесійны ўзровень праз удзел у розных адукацыйных семінарах, трэнінгах і канферэнцыях як у Беларусі, так і за яе межамі. Вопыт установы неаднаразова быў прадстаўлены на міжнародных семінарах і канферэнцыях у Польшчы, Бельгіі, Украіне, Малдове, ЗША, Грузіі і Італіі. Удзел у такіх мерапрыемствах, упэўнены дырэктар, адыгрывае важную ролю ў інавацыйным развіцці школы.

Адукацыйны ўзровень павышаюць і высокаматываваныя выпускнікі школы, напрыклад, праз удзел у міжнароднай летняй школе “HEY!” (“Здаровае навакольнае асяроддзе для моладзі”) у Малдове. На працягу заняткаў у школе ўдзельнікі абмяркоўваюць з экспертамі сучасныя экалагічныя праблемы, разбіраюцца ў прычынах іх узнікнення і шукаюць спосабы іх вырашэння.

З 2011 года школа з’яўляецца рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця сельскіх тэрыторый. Нядаўна ўстанова стала сузаснавальнікам Беларускай асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Дырэктар школы лічыць, што работа ў ёй дапаможа павысіць якасць адукацыйнага працэсу і актывізаваць жыццё ў вёсцы.

Надзвычай цікавымі і змястоўнымі былі выступленні іншых удзельнікаў канферэнцыі. Так, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Брэста М.В.Васько вяла гаворку пра цьютарскае суправаджэнне адораных вучняў, дырэктар Ліцэя Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта В.Ф.Еўчык засяродзіла ўвагу на рэалізацыі магчымасцей бесперапыннай адукацыі ў ліцэі як структурным падраздзяленні УВА, старшыня папячыцельскага савета Кіселявецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Кобрынскага раёна В.В.Жарын падзялілася вопытам эфектыўнай работы савета ў інтарэсах дзяцей, студэнты БрДТУ і БрДУ імя А.С.Пушкіна Валерый Чоўжык і Вераніка Рабчэня выказалі слушныя меркаванні наконт практыка-арыентаванай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, якая з’яўляецца ўмовай іх паспяховай сацыялізацыі.

- Асноўная задача сістэмы адукацыі краіны заключаецца ў павышэнні яе якасці і эканамічнай эфектыўнасці, - адзначыў намеснік міністра адукацыі С.В.Руды. – Сістэма адукацыі Брэстчыны развіваецца дынамічна, але ў адукацыйнай галіне вобласці існуе шэраг праблем, якія патрабуюць асаблівай увагі. Так, рэгіён з’яўляецца лідарам у краіне па колькасці педагогаў з вышэйшай адукацыяй, вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Але вынікі алімпіяднага руху і цэнтралізаванага тэсціравання на Брэстчыне не радуюць. Найгоршы паказчык мае вобласць і па настаўніцкіх заробках. Сёлета (у параўнанні з мінулым годам) у рэгіёне на 30% павялічылася злачыннасць сярод непаўналетніх. Усё гэта патрабуе ад педагогаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі пільнай увагі да павышэння ўласнага прафесіяналізму, прафілактыкі злачыннасці, алкагалізму, курэння і наркаманіі сярод моладзі, яе прафарыентацыі. Адукацыйнай галіне не хапае крэатыўных і ініцыятыўных настаўнікаў, якія з’яўляюцца прыкладам для вучняў.

- Узровень ведаў навучэнцаў і прафесійная кампетэнтнасць некаторых педагогаў радасці не выклікаюць, - заўважыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар. – Улічваючы гэта, неабходна павысіць адказнасць настаўнікаў за вынікі сваёй працы, а таксама адказнасць кіраўнікоў за арганізацыю сваёй дзейнасці і дзейнасці падначаленых. Неабходна ўзмацніць адказнасць і прадпрыемстваў за праходжанне якаснай практыкі будучых спецыялістаў. Не хапае элементарнага парадку, працоўнай дысцыпліны, адказнага стаўлення да сваіх абавязкаў. Нельга забываць і пра паляпшэнне якасці прафарыентацыйнай работы з вучнямі.

Годным завяршэннем нарады стала ўшанаванне лепшых педагогаў Брэстчыны. З рук К.А.Сумара яны атрымалі граматы і падзячныя пісьмы аблвыканкама. Намеснік міністра адукацыі С.В.Руды ўручыў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі” настаўніку-метадысту пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі В.А.Папковіч, загадчыцы Плешчыцкага ясляў-сада Пінскага раёна А.В.Сергяюк, намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама С.С.Сідаровіч, настаўніку гісторыі сярэдняй школы № 1 Давыд-Гарадка Столінскага раёна В.В.Вабішчэвічу і настаўніцы матэматыкі Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна С.Ц.В’юн.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама А.М.Наскоў і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук знаёмяцца з выставай творчых работ школьнікаў.

Фота аўтара.