Канікулы з працоўным ухілам

24.7.2014

- Нашы будатрады фарміруюцца пераважна з трэцякурснікаў будаўнічага факультэта, - расказаў старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту БрДТУ, начальнік штаба працоўных спраў універсітэта І.А.Дацкевіч. – Студэнты працуюць у якасці рознарабочых, муляраў і бетоншчыкаў.

Самы вялікі будатрад (27 чалавек) сёлета задзейнічаны пад Дзяржынскам, што ў Мінскай вобласці. Там на тэрыторыі былой вайсковай часці ЗАТ “Будэнерга” ўзводзіць высокатэхналагічны аб’ект. З гэтай арганізацыяй універсітэт супрацоўнічае ўжо не першы год, што сведчыць пра добрыя працоўныя якасці моладзі. Летась брэсцкія юнакі будавалі для ЗАТ “Будэнерга” свінагадоўчую ферму.

Студэнты БрДТУ ў складзе зводнага атрада розных УВА Расіі і Беларусі працуюць таксама на будаўчнай пляцоўцы Астравецкай атамнай электрастанцыі. Група з 10 студэнтаў адправілася за 4000 кіламетраў ад Брэста на сібірскі паўвостраў Ямал. Гэта адзіны атрад БрДТУ, які працуе сёлета за межамі Беларусі. А ўвогуле, у будаўнічых атрадах у гэтым годзе задзейнічана каля 250 студэнтаў. Гэта крыху менш, чым у папярэднія гады: знізілася колькасць заявак ад арганізацый.

Матэрыяльнай зацікаўленасці ў пошуку работадаўцаў для моладзі ўніверсітэт не мае. Галоўнае – умацаванне прэстыжу і прыцягненне здольных абітурыентаў. БрДТУ імкнецца быць надзейнай пляцоўкай вакансій для студэнтаў і пастаўшчыком кваліфікаваных кадраў для будаўнічых арганізацый краіны.

Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца студэнцкія атрады не толькі будаўнічага, але і педагагічнага профілю. Тут на дапамогу моладзі прыходзіць Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Сёлета галоўная кузня педагагічных кадраў вобласці прапанавала студэнтам працоўную занятасць па 5 напрамках – педагагічным, будаўнічым, унутрыўніверсітэцкім, сервісным і валанцёрскім.

- Сёння сфарміраваны 10 атрадаў, у кожным з якіх ад 7 да 25 чалавек, - расказала трэцякурсніца сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, начальнік штаба працоўных спраў універсітэта Таццяна Марчук. – Будучыя педагогі працуюць у дзіцячых загарадных аздараўленчых лагерах “Арляня”, “Вярба” і “Бярозка” (заробак у апошнім складае каля 2,7 мільёна рублёў).

Валанцёрскія атрады адрозніваюцца ад астатніх тым, што ў іх за работу не плацяць. Тым не менш жадаючых стаць удзельнікамі такіх атрадаў дастаткова. Так, сёлета валанцёры працуюць памочнікамі выхавальнікаў у

Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы. Студэнты займаюцца арганізацыяй вольнага часу хворых дзяцей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.