Удасканальваць аналітычную дзейнасць у кіраванні адукацыяй

17.7.2014

Пра гэта ішла гаворка на нядаўнім абласным семінары для намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў “Удасканаленне аналітычнай дзейнасці ў кіраванні адукацыяй”, што прайшоў у Жабінкаўскім раёне. Удзельнікі семінара азнаёміліся з вопытам інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, адміністрацый Крыўлянскай сярэдняй школы, сярэдніх школ №№ 1 і 2, ясляў-сада № 1 Жабінкі і раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі.

Сучасная сістэма адукацыі бесперапынна змяняецца ў адпаведнасці з

патрабаваннямі дзяржавы і грамадства, таму адчувае пастаянную патрэбу ў атрыманні дакладнай інфармацыі для ацэнкі свайго стану і перспектыў развіцця. Паказчыкам такой ацэнкі з’яўляецца якасць. Высокая якасць – ключавая ідэя развіцця сучаснай адукацыі. Павышэнне яе якасці патрабуе прафесійнага кіравання на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі. Удасканаленне кіравання адукацыяй звязана найперш з фарміраваннем сістэмы інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці як асноўнага інструмента кіравання.

У Жабінкаўскім раёне інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне кіравання ўяўляе сабой сукупнасць нарматыўных, арганізацыйных, метадычных і інтэлектуальных відаў дзейнасці па зборы, сістэматызацыі, аналізе, захаванні, выкарыстанні і распаўсюджанні звестак пра розныя аспекты развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Кожны кіраўнік установы адукацыі павінен не толькі валодаць актуальнай інфармацыяй, але і граматна яе аналізаваць і эфектыўна выкарыстоўваць у кіраванні адукацыйным працэсам.

Нарматыўны прававы складнік інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння адлюстраваны найперш у Плане мерапрыемстваў развіцця сістэмы адукацыі Жабінкаўскага раёна на 2011 – 2015 гады, які ўключае ўдасканаленне адзінага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя рэгіёна, аптымізацыю сістэмы кіравання адукацыяй і ацэнку эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці праз інфармацыйна-аналітычную дзейнасць, развіццё эфектыўных форм кіравання адукацыяй праз метадычную работу з кіраўніцкімі кадрамі, інфарматызацыю сістэмы кіравання адукацыяй і аптымізацыю міжведамаснага ўзаемадзеяння ў сістэме кіравання.

Удасканаленне адзінага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя рэгіёна і ўзаемадзеянне ўсіх узроўняў кіравання адукацыяй пры пастаянным павелічэнні інфармацыйных патокаў паміж імі немагчымы без выкарыстання ІКТ. Для гэтага ў 2007 годзе быў створаны раённы вылічальны цэнтр, які займаецца арганізацыйна-тэхналагічным суправаджэннем адукацыйнага працэсу і розных мерапрыемстваў, фарміраваннем і суправаджэннем баз даных адукацыйнай сістэмы раёна, дыягнастычнымі і маніторынгавымі даследаваннямі (якасць навучанасці і выхаванасці, стану здароўя, вынікі выпускных экзаменаў і алімпіяд, пропуск вучэбных заняткаў, крытэрыі і паказчыкі ацэнкі дзейнасці ўстаноў адукацыі), зборам, апрацоўкай і захаваннем статыстычнай інфармацыі, падтрымкай і абнаўленнем сайтаў устаноў адукацыі.

Метадычнае суправаджэнне інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння рэалізуецца праз работу з педагагічнымі кадрамі. Навучыць спецыялістаў і метадыстаў аддзела адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікоў устаноў адукацыі і іх намеснікаў правільна і лагічна-паслядоўна аналізаваць атрыманую інфармацыю, умець яе параўноўваць, супастаўляць і абагульняць – адна з асноўных задач намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму. Так, з 2006 года праводзіцца вучоба спецыялістаў і метадыстаў аддзела “Кіраванне адукацыйным працэсам: аналіз, вынік, перспектывы”.

Асноўная ўвага ўдзяляецца пытанням аналізу. Аналітычная інфармацыя

павінна быць максімальна поўнай, аб’ектыўнай і канкрэтнай. Правільна праведзены аналіз – гэта своеасаблівая тэхналогія. Кіраўнікі павінны адрозніваць інфармацыю з канстатацыяй фактаў ад аналітычнай. Увага кіраўнікоў акцэнтуецца на метадзе раздзельнага аналізу, калі спачатку аналізуюцца станоўчыя бакі, а потым адмоўныя. Акрамя таго, вялікая ўвага ўдзяляецца і тэхнічнаму афармленню аналітычнай інфармацыі.

За кожнай установай адукацыі замацаваны куратар, які вывучае і аналізуе састаў педагагічных кадраў па ўзроўні адукацыі, кваліфікацыі і стажы; складае банк даных педагогаў; прымае меры па павышэнні іх кваліфікацыі і перападрыхтоўцы, зыходзячы з рэальных магчымасцей; адсочвае своечасовасць праходжання курсаў павышэння кваліфікацыі і іх выніковасць; вывучае і аналізуе запыты педагогаў па арганізацыі метадычнай работы; уносіць прапановы па структуры і змесце дзейнасці метадычных фарміраванняў на кожны год; стварае банк даных эфектыўнай педагагічнай практыкі, інавацыйнай дзейнасці, факультатываў; вывучае і аналізуе стан кіраўніцкай дзейнасці і інш.

Метадычным складнікам інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння з’яўляецца таксама дзейнасць метадычных фарміраванняў кіраўнікоў устаноў адукацыі і іх намеснікаў па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Іх тэматыка ўключае пытанні кіраўніцкай дзейнасці па планаванні, аналізе, арганізацыі і правядзенні педагагічных саветаў, ажыццяўленні самакантролю. Сёння ў раёне выпрацаваны адзіны алгарытм аналізу ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі па выніках навучальнага года, а таксама падрыхтоўкі аналітычных матэрыялаў на педагагічныя саветы.

Штогод у чэрвені праводзіцца субяседаванне з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі па аналізе і планаванні работы на новы навучальны год. Па выніках субяседавання кожнай установе даюцца рэкамендацыі. У жніўні праходзіць абарона гадавога планавання. Гэта дазваляе істотна падняць якасць аналізу па выніках навучальнага года, зместу гадавога планавання, пратаколаў і аналітычных матэрыялаў педсаветаў.

Вельмі важна, каб прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму працаваў з педагагічнымі кадрамі на высокакампетэнтнаснай і высокамаральнай аснове. Штомесяц спецыялісты і метадысты аддзела наведваюць запланаваныя ўстановы ў метадычныя дні і дні дыягностыкі, рэгулявання і карэкцыі. Асноўная мэта такіх мерапрыемстваў – аказаць дзейсную і прафесійную дапамогу пры выяўленні пэўных недахопаў у арганізацыі метадычнай работы, аналітычнай дзейнасці, вядзенні школьнай дакументацыі, афармленні загадаў і інш.

Інтэлектуальнае суправаджэнне інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці заключаецца ў тым, што назапашаны вопыт у розных галінах кіраўніцкай дзейнасці перадаецца новым работнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікам устаноў адукацыі праз субяседаванне, кансультаванне, сумесную падрыхтоўку аналітычных матэрыялаў на пасяджэнні саветаў аддзела.

Аналіз стану якасці сістэмы адукацыі праводзіцца двойчы ў год. Выніковы аналіз аддзела адукацыі, спорту і турызму складаецца з мэты, над

якой працаваў аддзел на працягу навучальнага года; кароткай інфармацыі пра адукацыйную прастору раёна; разгляду арганізацыйна-кіраўніцкай і кантрольна-аналітычнай дзейнасці, кадравага забеспячэння і павышэння прафесіяналізму педагагічных і кіраўніцкіх кадраў, стану і эфектыўнасці інавацыйнай дзейнасці, ідэалагічнай і выхаваўчай работы, здароўя і фізічнага развіцця дзяцей; агульных вывадаў; мэт і задач на новы навучальны год.

Кожнае прынятае кіраўніцкае рашэнне патрабуе яго выканання. Кантрольна-выканаўчая функцыя кіравання адукацыяй з’яўляецца завяршальнай у ланцужку “праблема – планаванне – аналіз – прыняцце кіраўніцкага рашэння – кантроль выканання – зняцце з кантролю”.

Без дакладна арганізаванага кантролю за выкананнем прынятых кіраўніцкіх рашэнняў інфармацыйна-аналітычная дзейнасць у ацэнцы якасці адукацыі бессэнсоўная. Таму ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму вядзецца кантроль за выкананнем прынятых рашэнняў кожным работнікам у спецыяльных пашпартах кантролю.

Кацярына СІДА,
намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму
Жабінкаўскага райвыканкама.