Зялёныя сцяжыны роднага краю

16.7.2014

Мерапрыемства праходзіла ў рамках праекта “Захаваем жывы свет прыроды Брэстчыны”.

У акцыі, якая праводзілася з мэтай фарміравання ў школьнікаў экалагічнай дасведчанасці і далучэння моладзі да практычнай дзейнасці па ахове прыродных багаццяў, удзельнічалі лепшыя навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі эколага-біялагічнага профілю, пераможцы рэгіянальных і абласных экалагічных мерапрыемстваў. З іх ліку быў сфарміраваны абласны валанцёрскі атрад, аб’ектам увагі якога сталі зялёныя сцяжыны Брэстчыны і тэрыторыя мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Ён не толькі ўяўляе вялікую культурна-гістарычную і архітэктурную каштоўнасць, але і характарызуецца ўнікальным складам аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету.

У першы дзень юныя эколагі азнаёміліся з біялагічнай разнастайнасцю флоры ў садзе безупыннага цвіцення БрДУ імя А.С.Пушкіна, арганізавалі на адной з цэнтральных вуліц горада экалагічныя пляцоўкі (“Зялёныя сцяжыны Брэстчыны”, “Зберажэнне – наша дасягненне”, “Планета без смецця”, “Фітачай – прыродныя лекі” і “Дзіўны свет жывёл”), фотавыставу “Птушкі маімі вачыма” і майстар-клас “У прыроды вучымся”, а таксама правялі рэкламна-прапагандысцкае мерапрыемства, накіраванае на інфармаванне насельніцтва пра надзвычайную важнасць водных рэсурсаў для навакольнага асяроддзя і развіцця грамадства, прыцягненне ўвагі жыхароў і гасцей горада да тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца. Валанцёры-эколагі расказвалі пра ўнікальныя аб’екты прыроды Брэстчыны, дзе сканцэнтраваны асноўныя рэсурсы біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, якія ўяўляюць вялікі інтарэс для развіцця зялёнага турызму.

У другі дзень удзельнікі валанцёрскага экалагічнага атрада прыбіралі тэрыторыю мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, ажыццяўлялі агратэхнічны догляд за кветкава-дэкаратыўнымі культурамі ў яго межах, а таксама абмяркоўвалі са спецыялістамі-эколагамі розныя актуальныя праблемы. Завяршылася акцыя падвядзеннем вынікаў і ўручэннем падзячных пісьмаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.