“А грамадзянінам быць абавязаны…”

10.7.2014

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Міністэрства адукацыі пры ўдзеле Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Адкрыла семінар-практыкум прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай работы РІПА А.С.Папова. Аксана Сяргееўна падкрэсліла актуальнасць тэмы мерапрыемства і заклікала да актыўнага абмену думкамі па ёй.

Начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук азнаёміў гасцей з сістэмай адукацыі вобласці. Сёння ў ёй дзейнічаюць 28 ПТНУ і ССНУ, у якіх атрымліваюць прафесіі больш за 14 тысяч навучэнцаў. Праводзіцца паступовая аптымізацыя колькасці ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з мэтай рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання іх патэнцыялу.

Галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Т.А.Сіманоўская гаварыла пра метады ўдасканалення якасці ідэалагічнай і выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю. Гэтая работа ўключае мерапрыемствы з нагоды важных гістарычных дат і палітычных падзей, валанцёрскі рух, прафілактычныя акцыі і інш.

Вопытам узаемадзеяння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з ПТНУ і ССНУ па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў навучэнцаў падзялілася першы сакратар Кобрынскага райкама БРСМ Л.В.Чырун. Намеснік дырэктара па вытворчым навучанні А.П.Юшчук і намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце І.У.Барабанаў з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа расказалі пра ролю экскурсійнай дзейнасці ў развіцці грамадзянскай актыўнасці навучэнцаў.

На тэрыторыі каледжа працавалі майстар-класы “Клічу ў сваю прафесію”, арганізаваныя яго навучэнцамі і майстрамі вытворчага навучання. На спецыяльных пляцоўках можна было ўбачыць будучых рабочых за працай і азнаёміцца з вынікамі іх мастацка-творчай дзейнасці. Увазе гасцей былі прадстаўлены таксама выступленні тэатраў моды “Дывертысмент” з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці і “Ювента” з Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання. Такія тэатры з’яўляюцца добрым сродкам сацыялізацыі і прафесійнага самаўдасканалення моладзі.

Дзейнасць СППС па фарміраванні каштоўнасцей здаровага ладу жыцця ў навучэнцаў Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа была прэзентавана праз валанцёрскі рух “Жывём пазітыўна – адпачываем крэатыўна”.

Шмат гаварылася і пра развіццё сацыяльна значнай дзейнасці навучэнцаў ПТНУ і ССНУ. Так, Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж прэзентаваў сістэму работы па падрыхтоўцы і святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, Абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй Драгічына паказаў напрацоўкі па арганізацыі дзейнасці маладзёжных ініцыятыўных груп, а Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання падзяліўся вопытам супрацоўніцтва з абласной арганізацыяй Чырвонага Крыжа ў рамках акцыі “Міласэрнасць”.

На круглым стале закраналіся пытанні, звязаныя з выкарыстаннем інавацыйных метадаў работы па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў навучэнцаў. Вялікую цікавасць выклікалі вэб-праект “Упэўнена крочым у будучыню” (Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж), інтэрактыўны праект “Пераадолець бар’еры” (Магілёўскі дзяржаўны эканамічны ПТК), праект віртуальнага кабінета “Будучыня краіны – за моладдзю” (Наваполацкі дзяржаўны прафесійны ліцэй нафтахіміі) і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.