Да творчасці – праз інтэграцыю

19.6.2014

- Знаёмства з вопытам работы гімназіі № 3 завяршае серыю гарадскіх семінараў, падчас якіх кіраўнікі ўстаноў адукацыі вывучалі цікавыя і карысныя напрацоўкі калег па розных напрамках вучэбна-выхаваўчай дзейнасці, - адзначыў начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў. – 3-я гімназія займае адметнае месца ў адукацыйнай прасторы Брэста. Ва ўстанове назапашаны эфектыўны вопыт работы па развіцці творчых здольнасцей вучняў з улікам нацыянальных традыцый.

- Наша ўстанова была створана ў 1993 годзе і спачатку мела статус нацыянальнай мастацкай гімназіі, - расказала яе дырэктар І.Г.Кузьміч. – Сёння ў гімназіі, якая захавала гуманітарна-культуралагічны профіль, атрымліваюць веды 440 вучняў. 75% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Навучанне ў гімназіі двухмоўнае: дзеці вывучаюць прадметы на рускай і беларускай мовах. У 10 – 11 класах навучанне ажыццяўляецца па філалагічным напрамку. Прадметы музычнага і харэаграфічнага профілю вывучаюцца праз факультатыўныя заняткі.

Гімназія цесна супрацоўнічае з кафедрай педагогікі пачатковага навучання і філалагічным факультэтам БрДУ імя А.С.Пушкіна. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва заключана дамова аб узаемадзеянні з Агульнаадукацыйным ліцэем з беларускай мовай навучання імя Б.Тарашкевіча і Комплексам школ з дадатковым навучаннем беларускай мове імя Я.Кастыцэвіча (г.Бельск-Падляскі, Польшча). Паміж яслі-садам № 50 і гімназіяй рэалізуецца план супрацоўніцтва.

Галоўны гонар установы – 4 узорныя калектывы: узорны аркестр народных інструментаў, народны інструментальны ансамбль “Лад”, узорны ансамбль “Дробы” і дзіцячы народны ансамбль песні і танца “Прыбужжа” імя Валянціны Верамяюк (заснавальніца калектыву, заслужаная настаўніца БССР, дырэктар гімназіі з 1993 да 1998 года).

Штогод гімназісты становяцца прызёрамі раённых, гарадскіх і абласных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў. На рахунку вучняў – шмат перамог на рэспубліканскіх і міжнародных творчых спаборніцтвах.

Паколькі семінар меў практыка-арыентаваны характар, яго ўдзельнікі падчас розных мерапрыемстваў змаглі пераканацца ў эфектыўнай інтэграцыі прадметаў гуманітарнага і эстэтычнага напрамкаў, што з’яўляецца добрым сродкам у развіцці творчага патэнцыялу дзяцей. Так, шмат станоўчых эмоцый падарыла прэзентацыя работы фальклорна-этнаграфічнага аб’яднання “Беларуская гасцёўня” (кіраўнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н.Ф.Кананчук). Удзельнікі аб’яднання ў нацыянальных касцюмах знаёмілі гасцей з прадметамі хатняга побыту беларусаў, спявалі народныя песні, загадвалі загадкі, рабілі жартаўлівыя інсцэніроўкі.

>Надзвычай цікавымі аказаліся інтэграваны ўрок рускай і англійскай мовы ў 5 класе “Запазычаныя словы: англіцызмы”, праведзены настаўніцай рускай мовы і літаратуры Н.М.Федарук і настаўніцай англійскай мовы А.У.Замулка, і ўрок беларускай літаратуры ў 3 класе “Зямля пад белымі крыламі”, праведзены настаўніцай пачатковых класаў А.М.Сіманюк. Заняткі педагогаў вылучаліся высокім метадычным і агульнапрафесійным узроўнем.

Увазе ўдзельнікаў семінара быў прадстаўлены інтэграваны праект “Брэст ваенны: гісторыя і культура” (кіраўнік – настаўнік гісторыі В.В.Куц). Вучні расказалі пра жыццё горада над Бугам у розныя гістарычныя перыяды.

Музычныя, дэкламатарскія і харэаграфічныя ўменні былі прадэманстраваны падчас літаратурна-музычнай кампазіцыі “Баль літаратурных герояў” (паводле твораў рускай і беларускай класічнай літаратуры), спектакля “У вайны не жаночы твар” і выступлення дзіцячага народнага ансамбля песні і танца “Прыбужжа”.

- Тэма інтэграцыі вучэбных прадметаў надзвычай актуальная ў педагогіцы, - адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Л.А.Кінчак. – Гэтаму пытанню ў гімназіі ўдзяляецца вялікая ўвага. Дзякуючы ўмелай інтэграцыі музычна-харэаграфічных дысцыплін і прадметаў філалагічнага цыкла ў дзяцей фарміруецца цэласнае ўспрыманне не толькі культуры, але і навакольнага свету. Педагогі гімназіі актыўна выкарыстоўваюць у рабоце інтэграваныя ўрокі (музыка – літаратура, музыка – выяўленчае мастацтва) і ўрокі з прымяненнем міжпрадметных сувязей, а таксама метад праектаў. Інтэграцыя прысутнічае і ў пазакласнай дзейнасці. Апрабавана такая форма інтэграванага навучання, як інтэграваны дзень.

- За 20 гадоў існавання ў гімназіі склалася эфектыўная сістэма выхаваўчай работы, накіраваная на выхаванне асобы на лепшых культурных дасягненнях і маральных каштоўнасцях чалавецтва, асобы, здольнай паспяхова інтэгравацца ў сусветную культуру пры захаванні нацыянальнай самабытнасці, - расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Л.А.Моніна. – Задача гімназіі заключаецца ў максімальнай інтэграцыі навучання і выхавання з мэтай выяўлення творчых здольнасцей кожнага дзіцяці. Так, ва ўстанове назапашаны станоўчы вопыт узаемадзеяння класных кіраўнікоў з педагогамі прадметаў мастацкага-эстэтычнага напрамку, кіраўнікамі творчых калектываў і педагогамі дадатковай адукацыі. Гэта дазваляе своечасова разгледзець і развіць таленты вучняў, даць навыкі сцэнічнай культуры і акцёрскага майстэрства, рэалізаваўшы выхаваўчую функцыю мастацтва. Можна прывесці шмат прыкладаў, як дзеці, якія маюць цяжкасці ў асваенні агульнаадукацыйных дысцыплін, з’яўляюцца даволі паспяховымі ў музыцы і харэаграфіі, здзіўляюць акцёрскімі здольнасцямі, у выніку чаго адчуваюць сябе ў гімназіі вельмі камфортна і робяць у далейшым правільны жыццёвы выбар.

Для развіцця творчага патэнцыялу вучняў ва ўстанове ёсць шмат магчымасцей. Найперш гэта творчыя калектывы, аб’яднанні па інтарэсах і гадавое кола свят і традыцый. Большасць выхаваўчых мерапрыемстваў інтэграваныя. Яны гарманічна спалуючаюць прадметы гуманітарнага цыкла з музыкай, танцамі, харавым і тэатральным мастацтвам. У пазакласнай дзейнасці заняты 99% гімназістаў.

Адным з найбольш паспяховых праектаў стаў “Баль літаратурных герояў”, прысвечаны Году кнігі. На працягу паўтарагадзіннага тэатралізаванага музычна-харэаграфічнага дзейства гледачы з літаратурнымі персанажамі здзяйснялі цікавае падарожжа па кнігах вялікіх майстроў слова. На сцэне адна гістарычная эпоха змяняла другую: антычная Грэцыя, сярэдневяковая Прага, Англія эпохі Адраджэння, Расія ХІХ стагоддзя, Беларусь пачатку ХХ стагоддзя, НЭП і гераічны перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

У падрыхтоўцы балю ўдзельнічалі вучні, творчыя групы настаўнікаў, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў настаўнікаў харэаграфіі, рускай, беларускай і англійскай мовы, гісторыі, бібліятэкар. Пастаноўка ішла на трох мовах – рускай, беларускай і англійскай (стараанглійскай). Фрагментарна гучала старажытнагрэчаская мова. Тэатралізаванае дзейства ўключала харэаграфічныя мініяцюры і танцы, вакальныя, харавыя і аркестравыя нумары.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.