Прававая культура як лад жыцця

9.6.2014

Сёлета ў прававым марафоне, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, удзельнічалі 48 навучэнцаў-пераможцаў раённых (гарадскіх) этапаў спаборніцтва.

- Карысць прававой алімпіяды неаспрэчная, паколькі юрыдычныя веды неабходны ў жыцці кожнага чалавека, - адзначыла на адкрыцці інтэлектуальнага марафону намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. – Алімпіяда не толькі павышае цікавасць падлеткаў да вывучэння права, але і фарміруе ў моладзі юрыдычную свядомасць, выхоўвае агульную прававую культуру, гатоўнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі законамі. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй. На юных правазнаўцаў можна надзейна абапірацца ў прафілактычных мерапрыемствах з падлеткамі. Неабходна, каб прававая культура стала ладам жыцця кожнага школьніка.

За дзве гадзіны, на працягу якіх доўжылася алімпіяда, вучні павінны былі адказаць на шэраг тэставых пытанняў і рашыць некалькі практычных юрыдычных задач. Усё гэта патрабавала ад навучэнцаў грунтоўных ведаў грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага, працоўнага, адміністрацыйнага і канстытуцыйнага заканадаўства.

Аналізуючы вынікі алімпіяды, члены журы, куды ўвайшлі выкладчыкі юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна і спецыялісты галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, адзначылі, што падлеткі паказалі даволі высокі ўзровень прававой падрыхтоўкі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца заслугай іх педагогаў.

Дыпломы І ступені атрымалі Вікторыя Канашук з Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна, Дар’я Валяева з сярэдняй школы № 14 Баранавіч і Павел Кулага з Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Акрамя таго, шэраг навучэнцаў і педагогаў былі адзначаны спецыяльнымі прызамі і пахвальнымі лістамі юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, абласнога эканамічнага суда, упраўлення ўнутраных спраў і галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.