Вопыт, варты пераймання
7.6.2014- Сярэдняя школа № 10 займае адметнае месца ў адукацыйнай прасторы Брэста, - адзначыў начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў. – За 35 гадоў існавання ва ўстанове, якая раней мела архітэктурна-эстэтычны ўхіл, назапашаны цікавы вопыт па розных напрамках выхаваўчай работы. Галоўная заслуга педкалектыву на чале з Людмілай Мікалаеўнай Арловай у тым, што ў школе створаны цудоўныя ўмовы для развіцця творчых здольнасцей дзяцей і павышэння іх сацыяльнай актыўнасці.
Дырэктар школы Л.М.Арлова засяродзіла ўвагу на ролі інавацыйнай дзейнасці ў павышэнні педагагічнай кампетэнтнасці і сацыяльнай актыўнасці настаўнікаў і вучняў. Сёння ўстанову наведвае больш за 1,1 тысячы дзяцей. Іх навучаннем і выхаваннем займаюцца 143 педагогі, з якіх 76% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 20 настаўнікаў з’яўляюцца выпускнікамі школы. Ва ўстанове працуюць заслужаны настаўнік Беларусі В.М.Міхайлаў, народны майстар па кераміцы, член Саюза майстроў Беларусі В.І.Логвін, член Саюза майстроў Беларусі Н.В.Міхайлава, члены Саюза мастакоў Беларусі У.У.Скавародка і І.М.Скавародка, а таксама настаўнікі-метадысты. Кадравы патэнцыял школы дазваляе паспяхова вырашаць многія адукацыйныя задачы.
- У 2011 – 2013 гадах установа з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па ўкараненні мадэлі выхавання сацыяльнай актыўнасці вучняў праз новыя формы работы з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі, - расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, кіраўнік інавацыйнага праекта І.А.Несцярук. – Вопыт школы паказаў, што дзіцячыя і маладзёжныя аб’яднанні могуць выступаць у якасці цэнтраў, якія арганізуюць выхаваўчую прастору на высокім змястоўным узроўні.
Ва ўстанове наладжана цеснае супрацоўніцтва з дзіцячымі (БРПА і Асацыяцыя беларускіх гайдаў), маладзёжнымі (БРСМ, Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных і Асвод) і “дарослымі” (“Белая Русь”, Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа) грамадскімі аб’яднаннямі. Разам з імі былі рэалізаваны 10 сацыяльна значных праектаў (“Школа здароўя”, “Школа добрых спраў”, “Школа бяспечных паводзін”, “Школа бяспекі”, “Школа творчасці”, “Школа сямейных узаемаадносін”, “Школа патрыятызму”, “Свет без брыдкаслоўя”, “Прававы калейдаскоп” і “Час рэальных спраў”), аформлены 5 даследчых праектаў, падрыхтаваны 4 валанцёрскія групы (16 трэнераў-
мультыплікатараў з ліку вучняў), праведзены 80 трэнінгаў, больш за 20 майстар-класаў і 30 музейных урокаў. Лідары дзіцячых аб’яднанняў зладзілі 12 агульнашкольных калектыўных творчых спраў.
У школе актыўна і плённа працуе аб’яднанне “Садружнасць”, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі класных цэнтраў самакіравання “Вольны час”, “Клопат”, “Здароўе”, “Веды”, “Інфармацыя”, “Праца” і “Правапарадак”, а таксама педагогі-кансультанты.
Самыя масавыя і цікавыя выхаваўчыя мерапрыемствы праводзяцца ў шосты дзень. У 2012 годзе праект школьнай суботы “Час рэальных спраў” быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”. Сёння ва ўстанове рэалізуецца праект “Шосты дзень – тэрыторыя садружнасці”, асноўнай формай якога з’яўляецца калектыўная творчая справа.
>- У рамках інавацыйнай дзейнасці група педагогаў даследавала шмат форм работы (трэнінгі, ролевыя гульні, мазгавы штурм, аўкцыёны, даследчая работа) і прыйшла да высновы, што адной з самых аптымальных для развіцця сацыяльнай актыўнасці вучняў з’яўляецца калектыўная творчая справа, - адзначыла І.А.Несцярук. – Вынікам выкарыстання інтэрактыўных форм работы з вучнямі стала станоўчая дынаміка ў развіцці паказчыкаў сацыяльнай актыўнасці (камунікатыўныя схільнасці, грамадска карысная дзейнасць, адказнасць, арганізатарскія здольнасці).
Педагогі і лідары дзіцячых аб’яднанняў годна дэманструюць вопыт не толькі на гарадскім, абласным і рэспубліканскім, але і міжнародным узроўні. Пра гэта сведчаць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя на розных конкурсах, канферэнцыях і турнірах. На працягу 10 гадоў школа ўваходзіць у пяцёрку лідараў па рэйтынгу ўдзелу ў гарадскіх конкурсах. Вопыт педагогаў прадстаўлены на старонках метадычнага друку.
- Дзякуючы праекту педагогі ўсвядомілі значнасць сацыяльна актыўнай пазіцыі школьнікаў, навучыліся перадаваць ініцыятыву вучням, адышлі ад дырэктыўнага стылю зносін ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, асвоілі методыку праектавання і калектыўнай творчай справы. У выніку выхаванцы перайшлі з пазіцыі слухачоў і спажыўцоў інфармацыі ў пазіцыю актыўных удзельнікаў дзейнасці, з пазіцыі выканаўцаў – у пазіцыю арганізатараў, - падагуліла І.А.Несцярук.
У рамках семінара на тэрыторыі школы былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі “Умелыя ручкі”, “Дружная сям’я”, “Алімпійская”, “Медсанбат”, “Салдацкая кухня”, “Творчая”, “Акцябрацкая”, “Піянерская”, “Спартыўная”, “Патрыятычная”, “Спадчына” і інш. Мерапрыемствы праводзіліся ў межах калектыўнай творчай справы “Дзеля жыцця на зямлі”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.