Бацькі і дзеці: знайсці паразуменне

13.5.2014

Нядаўна ў сярэдняй школе № 31 Брэста прайшлі семінары-трэнінгі для бацькоў двух сёмых класаў “Бацькі і дзеці: на шляху да разумення”. Мерапрыемства праводзілася з мэтай стварэння ўмоў для ўсведамлення бацькамі сваёй ролі ў захаванні давяральных адносін з падлеткамі і фарміраванні эфектыўных дзіцяча-бацькоўскіх стасункаў.

Падчас семінара-трэнінга, арганізаванага пры падтрымцы метадыстаў вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА, бацькі маглі бліжэй пазнаёміцца адно з адным, расказаць пра сваіх дзяцей і іх захапленні. Класныя кіраўнікі Л.Я.Яромская і Л.В.Лютак засяродзілі ўвагу на асаблівасцях падлеткавага ўзросту і дзіцячай псіхікі, фарміраванні адэкватнай самаацэнкі падлеткаў і іх прафесійным самавызначэнні, а таксама акрэслілі праблемы, якія ўзнікаюць у дарослых пры зносінах з падлеткамі.

Бацькам было прапанавана заданне “Рака чаканняў”. Таты і мамы прыклейвалі на спецыяльны плакат пытанні, на якія хацелі б атрымаць адказы падчас семінара-трэнінга. Напрыклад: “Мяне непакоіць, што мая дачка (мой сын) хлусіць, шмат часу праводзіць за камп’ютарам, грубіяніць, позна прыходзіць дадому, крыўдзіць малодшых сясцёр (братоў), хаміць бабулі, раскідвае рэчы, дрэнна вучыцца, не мае сэнсу жыцця і г.д.”

Удзельнікі мерапрыемства вялі гаворку пра “сямейныя лавушкі”, трапіўшы ў якія можна справакаваць у сваіх блізкіх цягу да азартных гульняў, ужывання алкаголю і наркотыкаў.

Бацькі ў групах абмеркавалі тыповыя жыццёвыя сітуацыі, якія ўзнікаюць у зносінах з падлеткамі, і выпрацавалі алгарытм эфектыўнага вырашэння праблем з выкарыстаннем прыёму “Я – выказванне”. Напрыклад: “Вы адкрываеце дзённік свайго дзіцяці, а па матэматыцы стаіць трэцяя за два тыдні адзінка, хаця зусім нядаўна было абяцана ўсё выправіць. Вашы дзеянні…”, “Была дамоўленасць, што дзіця заканчвае праводзіць час за камп’ютарнымі гульнямі а 21 гадзіне, але на гадзінніку ўжо 22.00 і дзіця працягвае гуляць. Вашы дзеянні…”, “Вам тэлефануе класны кіраўнік і гаворыць, што ў дачкі вельмі яркі макіяж. Вашы дзеянні…” і “Вы вяртаецеся з работы, а вас у чарговы раз чакае непамыты посуд. Вашы дзеянні…”

Па выніках семінара-трэнінга ўдзельнікі атрымалі “Памяткі бацькам ад дзіцяці”. Усе таты і мамы адзначылі, што тэма мерапрыемства надзвычай актуальная. Бацькі атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні, ацанілі сваю дзейнасць як эфектыўную і выказалі гатоўнасць прымяняць атрыманую інфармацыю і практычныя навыкі ў далейшым выхаванні дзяцей.

Святлана КОРБУТ,
метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы
Брэсцкага абласнога ІРА.