Развіваць інавацыйную дзейнасць па актуальных праблемах адукацыі

28.4.2014

“Пушкінскі” ліцэй быў выбраны месцам правядзення мерапрыемства невыпадкова. Навучальная ўстанова, якую ўзначальвае заслужаная настаўніца Беларусі С.М.Сямёнава, з’яўляецца адной з лепшых у вобласці і па многіх напрамках работы выступае прыкладам для пераймання. Сёння ў ліцэі рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнасці ў сістэме “базавая школа – ліцэй” як сродку прафесійнага самавызначэння навучэнцаў”.

- Неабходнасць інавацыйна-эксперыментальнай дзейнасці ў школах бясспрэчная, - адзначыў першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі. – Галоўнае, каб гэтая дзейнасць была па-сапраўднаму інавацыйнай, а не імітацыйнай, і не паўтарала ўжо вывучанае і зробленае папярэднікамі. Карысць інавацыйнай работы заключаецца ў тым, што яна дазваляе істотна павысіць кампетэнтнасную культуру педагогаў, іх прафесійны ўзровень. Цікавасць да інаватыкі з боку педкалектываў павышаецца. Так, калі ў 2011/2012 навучальным годзе толькі 15 устаноў адукацыі вобласці займаліся інавацыйнай дзейнасцю (7 праектаў), то ў бягучым ужо 43 (20 праектаў). У цэнтры ўвагі педагогаў – павышэнне ўзроўню навучанасці школьнікаў, іх паспяховая сацыялізацыя, сучасныя эфектыўныя тэхналогіі, мадэрнізацыя выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, захаванне здароўя дзяцей, пераемнасць у сістэме “базавая школа – ліцэй”, сацыяльнае партнёрства і інш.

Зразумела, што ўкараненне новых ідэй патрабуе ад педагогаў спецыяльных кампетэнцый. Авалодаць імі даволі складана. Брэсцкі абласны ІРА праводзіць у гэтым кірунку сур’ёзную работу па аказанні метадычнай і каардынацыйнай дапамогі. Важна, каб інаватыка закранала актуальныя праблемы сучаснасці. На жаль, пры выбары тэм педагогі гэта ўлічваюць не заўсёды.

З 2011 года ў сярэдняй школе № 28 і ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста паспяхова рэалізуецца праект па ўкараненні мадэлі пераемнасці ў сістэме “базавая школа – ліцэй” як сродку прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з этапамі ажыццяўлення гэтага праекта.

- Сёння ў арганізацыі пераемнасці паміж базавай школай і ліцэем існуюць пэўныя праблемы і супярэчнасці, - расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце “пушкінскага” ліцэя І.Д.Патапава. – Так, назіраецца супярэчнасць паміж неабходнасцю выбару кірунку навучання ў ліцэйскіх класах выпускнікамі базавай школы і іх гатоўнасцю да гэтага выбару. Нашы даследаванні паказваюць, што 46% дзевяцікласнікаў не гатовы не толькі да выбару прафесіі, але і да вызначэння профілю навучання.

Змяніць памылкова выбраны кірунак навучання ў 10 – 11 класах ліцэя даволі праблематычна, што абумоўлена розніцай вучэбных праграм. Ліцэісты вымушаны працягваць навучанне па профілі, выбраным пры паступленні. Праект дазваляе вучням 9-х праліцэйскіх класаў ацаніць правільнасць выбару і скарэкціраваць мэтавыя ўстаноўкі, зрабіўшы канчатковы ўласны выбар кірунку навучання ў ліцэі.

Наступная праблема – адаптацыя дзяцей. Адаптацыйны перыяд дзесяцікласнікаў доўжыцца ў сярэднім паўгода, што займае ¼ часу навучання ў ліцэі. Гэтая акалічнасць не дазваляе цалкам раскрыць творчы патэнцыял падлеткаў. Праект скарачае адаптацыйны перыяд і дазваляе ўжо з першага дня навучання ў ліцэі пачынаць работу па рэалізацыі творчых здольнасцей вучняў.

Акрамя таго, назіраецца праблема негатоўнасці дзесяцікласнікаў да ліцэйскіх метадаў навучання, якія з’яўляюцца пераходнымі паміж школай і УВА. Каб вырашыць гэтыя праблемы, было прынята рашэнне па арганізацыі ўзаемадзеяння педагагічных калектываў сярэдняй школы № 28 і ліцэя № 1.

- Ад укаранення праекта наша школа чакае павышэння якасці ведаў вучняў і ўзроўню прафесіяналізму настаўнікаў, а таксама паляпшэння прафарыентацыйнай работы, - паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце 28-й школы І.П.Марчанка. – Дзякуючы праекту школа павысіць статус у рэгіёне, пацвердзіць здольнасць да інавацыйнай работы.

Педкалектывы школы і ліцэя валодаюць неабходным патэнцыялам для рэалізацыі праекта. Так, 92% педагогаў ліцэя і 74% педагогаў школы на момант пачатку праекта мелі вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Ва ўстановах адукацыі назапашаны станоўчы вопыт інавацыйнай дзейнасці: з 2003 года ліцэй з’яўляецца ўдзельнікам трох рэспубліканскіх праектаў, а школа з 2005 года выступае раённай інавацыйнай пляцоўкай па ажыццяўленні раздзельнага навучання.

Многія настаўнікі ліцэя займаюцца навукова-даследчай работай, з’яўляюцца аўтарамі ВМК, падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, маюць публікацыі ў навукова-метадычных выданнях. У ліцэі на высокім узроўні наладжана дзейнасць псіхолага-дыягнастычнай службы, якая цесна супрацоўнічае з цэнтрам прафарыентацыі БрДУ імя А.С.Пушкіна. На базе ўстановы працуе 9 філіялаў кафедраў універсітэта.

- Праект скіраваны на стварэнне і рэалізацыю ў сістэме “базавая школа – ліцэй” праграмы работы па арыентацыі дзевяцікласнікаў на выбар кірунку навучання ў ліцэі і максімальным выключэнні выпадковасці і памылковасці гэтага выбару, - адзначыла І.Д.Патапава. – Арыентацыя на выбар кірунку навучання разглядаецца не толькі як дапамога ў прыняцці школьнікам правільнага рашэння, а прадугледжвае павышэнне гатоўнасці падлетка да сацыяльнага, прафесійнага і культурнага самавызначэння пасля заканчэння ліцэя.

Мадэль, якая ўкараняецца, з’яўляецца найперш арганізацыйна-кіраўніцкай, паколькі патрабуе аб’яднання намаганняў у арганізацыі і кіраванні дзейнасцю двух педкалектываў. У мадэлі не прапануюцца новаўвядзенні ў змесце адукацыі. У ёй рэалізуецца ўнікальная форма арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 9-х класах школы з удзелам значнай часткі педкалектыву ліцэя.

Неабходнай умовай супрацоўніцтва і эфектыўнасці ўзаемадзеяння з’яўляецца геаграфічная блізкасць школы і ліцэя. У школе працуюць 9 класы, арыентаваныя на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні шляхам факультатыўных заняткаў у адпаведнасці з кожным профілем. Урокі і факультатывы ў гэтых класах вядуць настаўнікі ліцэя. Што да выхаваўчай работы, то вучні далучаюцца да традыцый і асаблівасцей ліцэйскага жыцця праз удзел у ліцэйскіх мерапрыемствах і святах. Для суправаджэння і паспяховай адаптацыі да ліцэйскага жыцця кожнаму 9 класу вызначаецца ліцэйскі куратар і псіхолаг.

На працягу навучальнага года дзевяцікласнікі могуць змяніць выбраны кірунак навучання, калі яны, іх бацькі і псіхолаг пераканаліся ў памылковасці першапачатковага выбару. Ствараюцца такія ўмовы, якія дазваляюць дзевяцікласніку мяняць напаўненне індывідуальнага вучэбнага плана факультатывамі не менш двух разоў за навучальны год. Гэта выключае памылковы выбар кірунку навучання ў ліцэі.

Пры паступленні ў 10 класы ліцэя захоўваецца пераемнасць у арганізацыі, методыках і тэхналогіях навучання і выхавання і працягваецца прафарыентацыя вучняў праз цэнтры творчага самавыяўлення асобы, удзел у навукова-даследчай дзейнасці і алімпіядным руху, прафарыентацыйную работу філіялаў кафедраў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ, а таксама мерапрыемствы, якія праводзяцца кафедрай сацыяльна-педагагічнага і псіхолага-валеалагічнага суправаджэння ліцэістаў.

- Важным этапам укаранення праекта з’яўляецца ўдасканаленне прафесійнага ўзроўню педагогаў школы і ліцэя, - расказала І.Д.Патапава. – Для гэтага створана і рэалізавана праграма навукова-метадычнага суправаджэння праекта, праводзяцца сумесныя педсаветы і педкансіліумы, метадычныя мерапрыемствы, семінары-практыкумы, майстар-класы настаўнікаў-метадыстаў. Гэта не толькі павышае ўзровень педагагічнай дасведчанасці ўдзельнікаў праекта, але і ўзаемна абагачае два калектывы, якія працуюць на метадычную службу рэгіёна. Калегі пераймаюць лепшы вопыт, абменьваюцца педагагічнымі знаходкамі непасрэдна падчас практычнай работы, ацэньваюць вынікі сумеснай дзейнасці.

Укаранёна мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння вучняў-удзельнікаў праекта. Па выніках дыягностыкі і маніторынгу праведзена карэкцыйная работа з вучнямі і ў педагагічнай дзейнасці настаўнікаў. Распрацавана комплексная праграма педагагічнага суправаджэння прафесійнага самавызначэння ліцэістаў, якая прадугледжвае паэтапнае фарміраванне прафесійна і сацыяльна спелых выпускнікоў, здольных рэалізаваць сябе ў любых сацыяльна-эканамічных умовах.

Дзякуючы праекту прафарыентацыя ў школе і ліцэі паднялася на прынцыпова новы і больш высокі ўзровень. Гэтая работа вядзецца па розных кірунках і ў самых розных формах. Так, у бягучым навучальным годзе прафарыентацыя прадстаўлена ў дзейнасці прадметных кафедраў, класных калектываў і СППС. Пачаў работу цэнтр прафарыентацыі. Распрацоўваюцца новыя маршруты ліцэйскага музейна-педагагічнага комплексу “Брэст – горад маёй будучыні”. Акрамя таго, ажыццяўляецца сістэмнае валеалагічнае суправаджэнне вучняў. Да традыцыйных і папулярных форм работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця дадалося навучанне методыкам самарэгуляцыі і самааналізу псіхолага-валеалагічнага стану арганізма падлетка. Ужо з 9 класа ўдзяляецца сур’ёзная ўвага вучэбна-педагагічнай рабоце па ЗЛЖ і экалогіі чалавека. Дзейнічае лакальная праграма “Адораныя дзеці”.

І.Д.Патапава прызналася, што падчас рэалізацыі праекта абодва калектывы істотна павысілі ўзровень прафесійнага майстэрства. Пра гэта сведчаць выступленні педагогаў на міжнародных, абласных і рэгіянальных канферэнцыях, перамогі ў розных конкурсах, шматлікія публікацыі ў друку. 12 настаўнікаў ліцэя пацвердзілі/атрымалі вышэйшую катэгорыю, два педагогі сталі настаўнікамі-метадыстамі.

Па словах І.П.Марчанка, праект паказаў высокую дынаміку паспяховасці (найперш па профільных прадметах) вучняў 9 – 11 класаў. Навучанне па індывідуальных вучэбных планах, своечасовая іх карэкцыя, навукова-метадычнае і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей на працягу трох гадоў больш эфектыўнае, чым на працягу двух. Удзельнікі праекта больш паспяховыя і ў алімпіядным руху. Сярод пераможцаў інтэлектуальных спаборніцтваў – прадстаўнікі праліцэйскіх класаў. Дзевяцікласнікі паспяхова займаюцца і даследчай дзейнасцю, вынікі якой прадстаўляюць на канферэнцыі “Адысея розуму” ў ліцэі. Летась 94% выпускнікоў ліцэя (удзельнікаў праекта) пры паступленні ва УВА пацвердзілі выбраны профіль навучання.

Аналагічны вопыт інавацыйнай работы падчас мерапрыемства прэзентавалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя № 1 Баранавіч В.В.Калевіч і настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Баранавіч І.Б.Лукашэвіч. Пра інавацыйныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу вялі гаворку прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 Жабінкі, сярэдняй школы № 3 Пінска, сярэдняй школы № 1 Драгічына, Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, ясляў-сада № 1 Ляхавіч і Чэрнінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.