Сузор’е прафесіяналаў Брэстчыны

18.4.2014

- Конкурс, ва ўсіх этапах якога прынялі ўдзел каля 3 тысяч педагогаў, не толькі паказаў прыярытэтнае месца адукацыі ў грамадстве і рост прафесійнага майстэрства настаўнікаў і выхавальнікаў вобласці, але і садзейнічаў развіццю іх творчага патэнцыялу, актывізацыі дзейнасці ў абнаўленні зместу школьнай адукацыі, павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, - адзначыў у прывітальным звароце начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Удзельнікі адказна падышлі да конкурсных выпрабаванняў. У рэгіёнах вобласці былі створаны належныя арганізацыйныя ўмовы для таго, каб педагогі праявілі прафесійныя здольнасці на высокім узроўні і паказалі сапраўдныя прыклады для пераймання.

- У завочным туры конкурсу прынялі ўдзел 111 педагогаў, якія прадставілі на суд журы самапрэзентацыі, відэаўрокі ў школах і відэазаняткі ў дзіцячых садках, а таксама розныя дыдактычныя матэрыялы, - расказаў першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі. – Да ўдзелу ў вочных конкурсных мерапрыемствах былі дапушчаны 37 настаўнікаў і выхавальнікаў.

На працягу тыдня ўдзельнікі праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, давалі ўрокі ў незнаёмых класах і дашкольных групах, рыхтавалі выступленні на тэму “Навучаючы, я выхоўваю”. Акрамя таго, канкурсанты правялі майстар-класы на базе ўстаноў адукацыі Брэста, Жабінкі, Маларыты, Івацэвіч і Кобрына. Тыдзень педагагічнага майстэрства садзейнічаў трансляцыі вопыту эфектыўнай адукацыйнай практыкі ў рэгіёнах. Падчас конкурсных мерапрыемстваў удзельнікі абменьваліся каштоўнымі напрацоўкамі ў прымяненні сучасных метадаў, прыёмаў і форм работы з вучнямі на ўроках і з дзецьмі ў дашкольных групах.

Падчас святочнага мерапрыемства кіраўнікі сярэдняй школы № 7 Кобрына (А.А.Воран), сярэдняй школы № 2 Маларыты (Л.В.Куц), сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі Уладзіміра Карвата Брэста (Л.М.Пячко), ясляў-сада – пачатковай школы № 6 Брэста (В.І.Кныш), сярэдняй школы № 1 Жабінкі (М.П.Савянкоў), ліцэя Івацэвіцкага раёна (Я.Я.Пішчаў) і сярэдняй школы № 4 Івацэвіч (Т.М.Касавец) атрымалі ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення адукацыі за забеспячэнне высокага арганізацыйнага ўзроўню конкурсных мерапрыемстваў і праяўленую асабістую адказнасць. Гэтыя ўстановы, заўважыў М.А.Ціханчук, былі выбраны месцам правядзення педагагічных спаборніцтваў невыпадкова, бо валодаюць добрым матэрыяльна-тэхнічным і кадравым патэнцыялам. Значны ўклад у належнае правядзенне абласнога конкурсу ўнеслі таксама кіраўнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, іх намеснікі і загадчыкі вучэбна-метадычных кабінетаў.

Па словах С.Р.Рачэўскага, журы пры ацэньванні канкурсантаў імкнулася адзначыць кожны творчы крок і арыгінальны ход, удалае метадычнае рашэнне. Таму пры падвядзенні вынікаў вызначаліся лепшыя ўдзельнікі ў асобных аспектах педагагічных спаборніцтваў. Так, 16 настаўнікаў і выхавальнікаў былі адзначаны ў розных намінацыях (“Педагагічны пошук і надзея”, “Ініцыятыва і творчасць”, “Вернасць прафесіі”, “Яскравая грамадзянская пазіцыя”, “Аўтарская індывідуальнасць”, “Сучаснасць і класіка”, “Урок у сучасным фармаце”, “Умелае выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу і сваіх аўтарскіх работ”, “Ад эксперыменту – да творчасці” і інш.). Акрамя таго, шэраг лаўрэатаў конкурсу атрымалі з рук М.А.Ціханчука дыпломы І і ІІ ступені.

Пераможцамі ж абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу ў адной з 7 намінацый сталі настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Гапанюк з сярэдняй школы № 9 Кобрына, выхавальніца Вікторыя Зіноўеўна Драбышэўская з ясляў-сада № 10 Пінска, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Георгіеўна Швед з сярэдняй школы № 16 Баранавіч, настаўнік англійскай мовы Яўген Анатольевіч Грыгор’еў з Дамачаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, настаўнік фізікі Дзмітрый Станіслававіч Бондар з Хатыніцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Уладзіміраўна Ярашук з сярэдняй школы № 16 Пінска і настаўніца выяўленчага мастацтва Святлана Мікалаеўна Шкурко з сярэдняй школы № 17 Баранавіч. Гэтыя педагогі складуць каманду, якая прадставіць Брэстчыну на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу ў Мінску.

Пасля таго як пераможцы атрымалі з рук начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчука, старшыні абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі В.А.Харытановіча і старшыняў журы па 7 намінацыях заслужаныя граматы, каштоўныя падарункі і чырвоныя стужкі, было праведзена невялікае бліц-інтэрв’ю.

- Каму вы асабліва абавязаны сваёй перамогай?

Я.А.Грыгор’еў:

- Адміністрацыі школы і калегам, якія заўважылі мяне і дапамаглі, а таксама раённаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму за якаснае метадычнае суправаджэнне.

- У любой перамогі ёсць свая цана – пераадоленне. Што ўдалося пераадолець вам?

Н.Г.Швед:

- Удзел у конкурсе – гэта пераадоленне асабістых страхаў і няўпэўненасці ў сабе. Галоўнае – сфарміраваць мэту, тады ўсё атрымаецца.

- Які від конкурсных іспытаў даваўся вам найбольш цяжка і чаму?

Н.М.Гапанюк:

- Кожнае конкурснае выпрабаванне з’яўлялася цяжкім і цікавым адначасова. Але самае галоўнае выпрабаванне, безумоўна, урок у незнаёмым класе. Радуе, што ўсе страхі аказаліся дарэмнымі. Пачынаючы любую справу, вельмі важна рашыцца і паверыць ва ўласныя сілы.

- Ці ёсць фізічныя і маральныя сілы, каб удзельнічаць у падобных прафесійных конкурсах і надалей?

Д.С.Бондар:

- Калі бачыш, гаворачы фізічнай мовай, вялікі каэфіцыент карыснага дзеяння ад сваёй работы, хочацца пастаянна рухацца наперад і не спыняцца на дасягнутых поспехах.

- Дзе ўдалося рэалізаваць сябе як прафесійнай асобе больш: на занятках з групай дашкольнікаў ці ў майстар-класе з калегамі-педагогамі?

В.З.Драбышэўская:

- Усе мерапрыемствы былі значныя. Кожнае з іх садзейнічала самаразвіццю і самаўдасканаленню.

- Што ўдалося змяніць у сабе падчас падрыхтоўкі да абласнога этапу конкурсу і непасрэдна ў час яго?

С.М.Шкурко:

- Пашырыць рамкі пазнання.

- Чым каштоўны для вас вопыт паспяховага ўдзелу ў абласным этапе прафесійнага конкурсу? Ці дапаможа вам гэты вопыт гэтак жа паспяхова выступіць у фінале рэспубліканскага конкурсу?

А.У.Ярашук:

- Каштоўнасць вопыту заключаецца ў атрыманні прызнання свайго майстэрства сярод калег.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.