Зрабіць вольны час студэнтаў цікавым, карысным, інавацыйным

25.3.2014

Надзвычай цікава і змястоўна ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная актуальным пытанням арганізацыі вольнага часу студэнцкай моладзі ў сучасных сацыякультурных умовах. Арганізатарамі двухдзённага мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і БарДУ.

Канферэнцыя праводзілася з мэтай вырашэння праблем арганізацыі вольнага часу студэнцкай моладзі з улікам тэндэнцый і супярэчнасцей у сучаснай сацыякультурнай сітуацыі і неадназначнага ўздзеяння глабалізацыі на свядомасць і каштоўнасныя арыенціры маладога пакалення. Удзельнікі мерапрыемства абмяняліся інавацыйным вопытам дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сферы арганізацыі карыснай занятасці студэнтаў, абмеркавалі асноўныя тэндэнцыі, інавацыйныя метады і тэхналогіі ў гэтым кірунку.

Рэктар БарДУ В.І.Качурка расказаў, што ва ўніверсітэце, адкрытым 10 гадоў назад, створаны добрыя ўмовы як для вучобы і выкладання, так і для вольнага часу моладзі. Сёння на 5 факультэтах навучаецца каля 8,3 тысячы студэнтаў (сярод іх 450 замежнікаў). Матэрыяльная база ўніверсітэта дазваляе на высокім узроўні праводзіць работу па арганізацыі культурнага вольнага часу моладзі. У выхаваўчай дзейнасці вялікая ўвага ўдзяляецца светапогляднай падрыхтоўцы будучых спецыялістаў, фарміраванню іх грамадзянскай свядомасці.

Па словах В.І.Качуркі, супрацоўнікі ўніверсітэта ахвотна пераймаюць станоўчы вопыт работы іншых устаноў вышэйшай адукацыі. Наладжана супрацоўніцтва ў выхаваўчай галіне з шэрагам УВА Украіны і Польшчы. Значная роля ў БарДУ адведзена развіццю мастацкай самадзейнасці сярод студэнтаў.

- Дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі сродкамі мастацкай творчасці і стварэнню ўмоў для самарэалізацыі таленавітай моладзі, - адзначыла першы прарэктар БарДУ Т.Р.Якубовіч. – Творчасць з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу. Дзякуючы ёй моладзь можа рэалізаваць уласныя магчымасці, павысіць самаацэнку, паспяхова сацыялізавацца.

На рахунку студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта шмат цікавых дасягненняў. Так, па выніках рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Арт-вакацыі” ў 2012 годзе дырэктар студэнцкага клуба БарДУ Г.У.Грэзе была адзначана гран-пры Міністэрства адукацыі за высокі ўзровень метадычнага суправаджэння і праграмнага забеспячэння дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў. Ва ўніверсітэце працуе 4 народныя аматарскія калектывы: эстрадная студыя “Талент”, ансамбль “Музычны гасцінец”, тэатр моды “Світа” і тэатр мініяцюр “Сафіт” (іх удзельнікі паказалі сваё майстэрства напрыканцы першага дня канферэнцыі).

Для развіцця творчых здольнасцей студэнтаў і арганізацыі вольнага часу моладзі эфектыўна выкарыстоўваюцца канцэртна-актавая зала на 580 месцаў, танцавальная зала на 400 чалавек і рэпетыцыйныя памяшканні для заняткаў мастацкіх калектываў.

У БарДУ дзейнічае 19 клубаў па інтарэсах (9 з іх – на грамадскіх пачатках). Работу клубаў, якія функцыянуюць на базе сучасных камфартабельных інтэрнатаў, каардынуе ўніверсітэцкі аддзел культуры і творчасці. Сярод студэнтаў запатрабаваны клуб прыхільнікаў народнай творчасці “Вяртанне да вытокаў”, гісторыка-патрыятычны клуб “Памяць” і клуб “Маладая сям’я”, гурткі “Гатуем разам”, “Школа добрых манер” і інш. На спартыўнай базе ўніверсітэта арганізавана работа 18 спартыўных секцый і груп здароўя па розных відах спорту. У дзейнасці гурткоў, клубаў, секцый, студый і аб’яднанняў удзельнічае каля 30% студэнтаў.

Т.Р.Якубовіч расказала, што ў БарДУ ўкаранёны новыя праекты, якія гарманічна спалучаюць традыцыйныя і нетрадыцыйныя падыходы да арганізацыі выхаваўчай работы і вольнага часу моладзі: “Школа лідара “Творчы актывіст ХХІ стагоддзя”, “Каралеўства – удоўж і ўпоперак”, “Крэатыў-каманда”, “Гармонія ў сям’і – працвітанне краіне”, конкурс сацыяльнай рэкламы “Аса” і інш.

Адметна, што па метадычную дапамогу ва ўніверсітэцкі аддзел культуры і творчасці пастаянна звяртаюцца арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы горада (Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж, аддзел ЗАГС Баранавіцкага гарвыканкама, КУПП “Вадаканал” і інш.). Мастацкія калектывы БарДУ – частыя госці на ААТ “Баранавіцкі завод станкапрыналежнасцей”, “Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод”, “Гандальмаш”, “Атлант” і інш. Ніводнае масавае мерапрыемства ў горадзе не абыходзіцца без удзелу народных калектываў універсітэта. Гэта красамоўна сведчыць пра тое, што БарДУ з’яўляецца сапраўдным цэнтрам адукацыйна-культурнага жыцця Баранавіцкага раёна.

- Арганізацыя вольнага часу студэнтаў адыгрывае не менш важнае значэнне за іншыя напрамкі выхаваўчай работы, - заўважыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Т.А.Сіманоўская. – У многіх універсітэтах краіны створаны цэнтры культурнай дзейнасці ў вольны час, у рамках якіх працуюць розныя аб’яднанні, клубы, студыі, гурткі і творчыя калектывы. Ва УВА рэалізуецца шмат цікавых і карысных маладзёжных праектаў. Міністэрства адукацыі заўсёды падтрымлівае арыгінальныя ідэі і гатова дапамагчы ў іх ажыццяўленні.

Падчас канферэнцыі працавалі 4 секцыі: “Інавацыйныя практыкі культурнай дзейнасці ў вольны час ва ўстановах вышэйшай адукацыі з улікам рэгіянальнага фактару”, “Масавая культура і каштоўнасныя арыентацыі сучаснай моладзі: псіхолага-педагагічны аспект”, “Сучасныя тэндэнцыі ў сферы маладзёжнай субкультуры і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне студэнцкай моладзі” і “Уплыў інфармацыйных пагроз ва ўмовах глабалізацыі на вольны час і паводзіны моладзі ў соцыуме і інтэрнэце”. На пасяджэннях секцый прагучала шмат цікавых дакладаў на актуальныя тэмы: “Уплыў тыпаў крэатыўнасці студэнтаў творчых прафесій на арганізацыю культурнай дзейнасці ў вольны час”, “Інструменты далучэння замежных студэнтаў да культурнай дзейнасці ў вольны час”, “Прынцып партнёрства ў сістэме арт-тэрапеўтычных заняткаў валанцёраў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі”, “Валанцёрства як від маладзёжнай сучаснай субкультуры”, “Уплыў аўдыявізуальных медыятэкстаў на агрэсіўныя паводзіны моладзі ў соцыуме”, “Праблема насілля над дзецьмі ў кібепрасторы”, “Стэрэатыпізацыя светапогляду пад уплывам камп’ютарных гульняў”, “Студэнцкая газета – інструмент фарміравання карпаратыўнай культуры, іміджу ўніверсітэта і пляцоўка для самарэалізацыі студэнтаў” і інш.

У другі дзень канферэнцыі яе ўдзельнікі прэзентавалі шэраг інавацыйных напрацовак па розных напрамках выхаваўчай дзейнасці і падвялі вынікі насычанага мерапрыемства.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.