Юныя даследчыкі вызначылі лепшых

4.3.2014

На базе сярэдняй школы № 2 Камянца адбылася VІІІ Абласная канферэнцыя даследчых работ навучэнцаў “З навукай у будучыню”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.

- На канферэнцыю запрашаліся навучэнцы 4, 7 – 11 класаў школ і 1 – 2 курсаў ПТНУ, якія займаюцца даследчай дзейнасцю, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага аддзела агульнаадукацыйных вучэбных прадметаў Брэсцкага абласнога ІРА С.М.Саяпіна. – У адборачным этапе ўдзельнічала 365 работ, да абароны дапушчана 220. Канферэнцыя не толькі садзейнічае ўдасканаленню культуры навуковых даследаванняў, але і стварае ўмовы для далучэння здольных дзяцей да інтэлектуальнай і творчай дзейнасці, фарміруе культуру вядзення навуковай дыскусіі.

Адкрываючы канферэнцыю, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук расказаў пра важнасць даследчай дзейнасці школьнікаў, заклікаў юных даследчыкаў не спыняцца на дасягнутых выніках, пажадаў поспехаў і новых адметных адкрыццяў.

Канферэнцыя праходзіла ў 16 секцыях. Работы навучэнцаў разглядала журы з ліку супрацоўнікаў Брэсцкага абласнога ІРА і выкладчыкаў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ. Пры ацэньванні звярталася ўвага на ступень самастойнасці даследаванняў, іх грамадска карыснае і практычнае значэнне, творчы характар, абгрунтаванасць, дакладнасць, лаканічнасць і лагічнасць выкладання матэрыялу, уменне данесці яго змест да слухачоў і інш.

Сярод даследаванняў, адзначаных дыпломам І ступені, можна вылучыць работы дзесяцікласнікаў Ільі Рамасюка і Яўгена Шульжыка з сярэдняй школы № 15 Пінска “Устойлівасць туману” (кіраўнік М.М.Некрашэвіч), васьмікласніцы Ірыны Чарняк з Лагішынскай сярэдняй школы Пінскага раёна “Малітва як паэтычны жанр у творчасці сучасных беларускіх паэтаў” (кіраўнік І.М.Юшкевіч), дзевяцікласніцы Кацярыны Міхайлавай з сярэдняй школы № 5 Брэста “Вывучэнне блузавых тканін для летняга перыяду рознага валакністага складу па паказаннях гігіенічных уласцівасцей” (кіраўнік А.Э.Міхайлава), дзевяцікласніка Уладзіміра Гангалы з сярэдняй школы № 6 Кобрына “Праектаванне інфармацыйных рэсурсаў па гісторыі і краязнаўстве” (кіраўнік В.Я.Лагвіновіч), дзесяцікласніц Юліі Галімскай і Ірыны Шпакоўскай з сярэдняй школы № 16 Пінска “Аналіз уздзеяння прамысловых прадпрыемстваў на навакольнае асяроддзе Пінска” (кіраўнік Ж.М.Клеўжыц), дзевяцікласніка Яўгена Занько з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч “Кіслотна-шчолачны баланс воднага асяроддзя Ганцавіччыны” (кіраўнік Г.Я.Няхаева), адзінаццацікласніцы Лізаветы Каданавай з гімназіі № 5 Баранавіч “Эколага-марфалагічная ацэнка стану драўнінных насаджэнняў Баранавіч” (кіраўнік Д.К.Гаўрыльчык), дзесяцікласнікаў Святланы Лазіцкай і Аляксандра Гарбунова з сярэдняй школы № 16 Пінска “Фотаздымкі як крыніца па гісторыі Пінска ў гады Першай сусветнай вайны” (кіраўнік А.У.Ярашук), адзінаццацікласніцы Паліны Гурыновіч з Белавежскай сярэдняй школы Камянецкага раёна “Інвалід. Адносіны грамадства да людзей з абмежаванымі магчымасцямі” (кіраўнік Л.М.Гурыновіч), чацвёртакласніцы Ангеліны Сімаковіч з Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна “Ці можа смецце быць карысным?” (кіраўнік А.А.Бубек) і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.