Школа аграгарадка – школа выхавання дзелавой ініцыятывы, гаспадарлівасці, беражлівасці

31.1.2014

Так называўся V Абласны конкурс-прэзентацыя сельскіх школ, вынікі якога былі падведзены ў Доме культуры аграгарадка Хідрынскі Кобрынскага раёна. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ІРА.

- Мы павінны рабіць усё магчымае, каб захаваць прыродныя багацці роднай краіны, бо ад гэтага залежыць тое, як будуць жыць нашы дзеці, - адзначыла намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. – Беражлівасць – важная якасць, якая характарызуе клапатлівыя адносіны людзей да матэрыяльных і духоўных набыткаў. Гэта не толькі станоўчая рыса характару кожнага чалавека, але і манера яго паводзін у дачыненні да жыццёвых каштоўнасцей. Імкнуцца да беражлівасці – дастойная мэта. Каб дасягнуць яе, неабходна сур’ёзна працаваць над сабой.

Мэта абласнога конкурсу-прэзентацыі, прымеркаванага да Года беражлівасці, заключалася ў выяўленні і прапагандзе сістэмы работы школ аграгарадкоў па эфектыўным і рацыянальным выкарыстанні матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, выхаванні ў навучэнцаў гаспадарлівасці, адказнасці і беражлівых адносін да прыродных і энергетычных запасаў.

У фінал конкурсу выйшлі 6 сельскіх навучальных устаноў: Крытышынская сярэдняя школа Іванаўскага раёна (дырэктар Ю.М.Саўчук), Сігневіцкі яслі-сад – сярэдняя школа Бярозаўскага раёна (дырэктар В.М.Шаўчэнка), Кукаўская сярэдняя школа Ганцавіцкага раёна (дырэктар В.І.Бабко), Турнянская сярэдняя школа Камянецкага раёна (дырэктар Я.К.Вамбольд), Кляпацкая сярэдняя школа Пружанскага раёна (дырэктар С.М.Асіпук) і Церабяжоўская сярэдняя школа Столінскага раёна (дырэктар Л.Л.Цупа).

У аснове работы Крытышынскай сярэдняй школы ляжаць такія прынцыпы, як працавітасць і беражлівасць, лідарства і гаспадарлівасць. У навучальнай установе створана цэласная сістэма работы па выхаванні сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі. Тут лічаць, што ўсе складаныя праблемы калісьці былі простымі, а ўсе вялікія справы пачынаюцца з малых.

У школе рэалізуецца шэраг праектаў: “Экалогія – беражлівасць – умова паспяховай будучыні”, “Дамо адходам другі шанс”, “Паспяховая будучыня – у нашых руках”, “Эканомград”, “Прырода. Радзіма. Мы” і “Энергазберажэнне як лад жыцця кожнага сучаснага чалавека”. Цэнтрам прапагандысцкай работы ў навучальнай установе з’яўляецца куток па энергазберажэнні, створаны дзецьмі. У ім размешчаны дэманстрацыйныя экспанаты. Школьнікаў вучаць зарабляць, у тым ліку інтэлектуальнай працай.

Дэвіз педкалектыву Сігневіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы: “Хто, калі не мы! Калі, як не цяпер!” Ва ўстанове паспяхова рэалізуецца праграма “Школа дзелавой ініцыятывы: доўгатэрміновы ўклад у будучыню”, якая ўключае шмат розных мерапрыемстваў. Так, толькі за 3 апошнія гады навучэнцы пасадзілі 12 гектараў лесу. Па ініцыятыве старшакласнікаў выпускаецца газета “ШкоДень.Ву”, дзе адлюстравана работа школы ў Год беражлівасці.

У Кукаўскай сярэдняй школе назапашаны вялікі практычны вопыт рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, паспяхова вырашаюцца задачы эканамічнай і экалагічнай адукацыі. У навучальнай установе дзейнічае закон: зламаў – выправі, разбіў – адрамантуй.

Школа арганізавала конкурс “Чысты аграгарадок – чыстая планета”, які прыцягнуў увагу мясцовых жыхароў да праблемы бытавых адходаў, паказаў ім магчымасці выкарыстання другаснай сыравіны, а таксама заклікаў да вырашэння экалагічных праблем у канкрэтным населеным пункце. Акрамя таго, навучэнцы вядуць пошукавую работу “Крыніцы – нашы вытокі”. У рамках гэтай работы былі знойдзены і добраўпарадкаваны дзве крыніцы.

Дзейнасць Турнянскай сярэдняй школы скіравана на тое, каб кожны яе выпускнік усведамляў, што ён грамадзянін як сённяшняга, так і будучага свету. З першага класа дзяцей вучаць успрымаць прыроду як свой дом, берагчы і рацыянальна выкарыстоўваць яе багацці. Акрамя таго, у навучальнай установе даюць эканамічныя веды, вучаць беражліваму стаўленню да рэсурсаў навакольнага асяроддзя – рыхтуюць сацыяльна-актыўную асобу.

У школе не толькі праводзяцца акцыі, конкурсы, гульні-падарожжы, рэйды, працоўныя дэсанты, але і ажыццяўляецца маніторынг прыроднага асяроддзя на прышкольнай тэрыторыі. Навучэнцы далучаюцца да практычнай прыродаахоўнай дзейнасці і дзякуючы эколага-гістарычнай сцяжыне “Маўклівыя сведкі мінулага”.

Адной з асноўных задач Кляпацкай сярэдняй школы з’яўляецца фарміраванне ў моладзі эканамічнай свядомасці. Работа па выкананні рэжыму эканоміі і беражлівасці знайшла сярод школьнікаў шмат прыхільнікаў. У навучальнай установе дзейнічае клуб фінансавай граматнасці.

Юнакі і дзяўчаты не толькі малююць плакаты, распрацоўваюць і рэалізуюць розныя праекты, але і здымаюць відэаролікі. Асветніцкая і прапагандысцкая работа па эфектыўным і рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў праводзіцца і праз школьны сайт.

У аснову дзейнасці Церабяжоўскай сярэдняй школы закладзена цэласная сістэма ўзаемазвязаных мер, дзеянняў і мерапрыемстваў, скіраваных на выхаванне беражлівых адносін да рэсурсаў планеты. У навучальнай установе арганізаваны розныя віды дзейнасці па выхаванні грамадзянскай пазіцыі, экалагічнай культуры і навыкаў беражлівасці. Асаблівае месца займае агітацыйная і інфармацыйная работа. Значную ролю ў прапагандзе ідэй рэсурса- і энергазберажэння адыгрывае школьная агітбрыгада. Навучэнцы – актыўныя ўдзельнікі, прызёры і пераможцы сельскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Пра эфектыўнасць работы школы яскрава сведчаць і лічбы эканоміі энергарэсурсаў.

Падводзячы выніку конкурсу, старшыня журы І.В.Чоўжык адзначыла, што каманды школ прадэманстравалі не толькі розныя формы, але і змястоўнасць работы па эканоміі і беражлівасці. Кіраўнікі навучальных устаноў аграгарадкоў добра разумеюць і паспяхова вырашаюць задачы, якія стаяць перад імі.

Першае месца заняў калектыў Крытышынскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна. На другім месцы – прадстаўнікі Церабяжоўскай сярэдняй школы Столінскага раёна, на трэцім – педагогі і навучэнцы Кляпацкай сярэдняй школы Пружанскага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.