Інавацыі – у адукацыйную практыку педагогаў

25.03.2019
З мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў праз развіццё інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя, рэалізацыі сучасных дыдактычных падыходаў у выкладанні вучэбных прадметаў і арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, распаўсюджвання эфектыўнай адукацыйнай практыкі ў нашай гімназіі прайшоў метадычны тыдзень, прысвечаны вопыту і перспектывам інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі.

Тэма тыдня была выбрана невыпадкова. Сёлета ў гімназіі завяршаецца рэалізацыя інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў шляхам узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі, сям’і і соцыуму. Удзел у мерапрыемствах метадычнага тыдня дазволіў педагогам паказаць і прааналізаваць назапашаны вопыт работы па фарміраванні навыкаў усвядомленага адукацыйнага і прафесійнага выбару вучняў з улікам іх індывідуальных магчымасцей і патрэб, акрэсліць шляхі далейшай дзейнасці.

Метадычны тыдзень праходзіў у форме фестывалю міні-груп з ліку педагогаў, якія на працягу 3 гадоў працавалі над рэалізацыяй праекта. У першы дзень адбыліся прэзентацыі групы “Чалавек – вобраз” і групы маніторынгу, а таксама вопыту работы іх членаў па тэмах “Фарміраванне прафесійнай кампетэнцыі вучняў праз работу аб’яднання па інтарэсах “Акцёрскае майстэрства” і “Праектна-даследчая дзейнасць як сродак фарміравання сацыяльна значных асобасных якасцей вучняў”.

У другі дзень кіраўнікі групы “Чалавек – прырода” і групы псіхалагічнага забеспячэння падзяліліся цікавымі напрацоўкамі. Акрамя таго, была прэзентавана эфектыўная адукацыйная практыка па тэмах “Выкарыстанне вучэбных і творчых заданняў прафарыентацыйнай накіраванасці на ўроках біялогіі” і “Псіхолага-педагагічны аспект прафесійнага самавызначэння як фактар паспяховай сацыялізацыі асобы вучня”.

У трэці дзень члены групы “Чалавек – знак” паказалі работу віртуальнага кабінета, а члены групы інфармавання расказалі пра эфектыўныя формы і метады арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў.

У пяты дзень адбыліся прэзентацыі групы “Чалавек – тэхніка” і групы супрацоўніцтва, дзе быў паказаны вопыт работы па тэмах “Навучанне выбару прафесіі як фактар вызначэння жыццёвай пазіцыі” і “Арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў шляхам узаемадзеяння з соцыумам”.

У шосты дзень кіраўнікі групы “Чалавек – чалавек” і групы тэхналагічнага забеспячэння прэзентавалі напрацоўкі па тэмах “Удасканаленне прафесійнай кампетэнцыі вучняў на вучэбных занятках па англійскай мове і ў пазаўрочнай дзейнасці” і “Ранняя прафарыентацыя школьнікаў праз арганізацыю адпачынкавай і даследчай дзейнасці”.

У рамках тыдня прайшоў майстар-клас па арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў сродкамі прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Даволі цікавымі атрымаліся адкрытыя вучэбныя заняткі і пазаўрочныя мерапрыемствы прафарыентацыйнай накіраванасці. З мэтай абмену вопытам было арганізавана ўзаеманаведванне ўсіх мерапрыемстваў. Педагогі высока ацанілі работу калег.

З мэтай выяўлення і падтрымкі творчых педагогаў, распаўсюджвання эфектыўнай адукацыйнай практыкі адбыліся конкурс метадычных распрацовак “Мае лепшыя профільныя і дапрофільныя заняткі” і педагагічныя чытанні “Вопыт і перспектывы інавацыйнай дзейнасці”, а таксама была арганізавана выстава тэматычных матэрыялаў.

Падводзячы вынікі метадычнага тыдня, удзельнікі адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі вучэбных заняткаў, пазаўрочных і метадычных мерапрыемстваў, што сведчыць пра пастаянную работу педагогаў над павышэннем якасці адукацыі і прафесійнага майстэрства.

Лілія ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі.