Забараніць ці прапанаваць альтэрнатыву?

25.03.2019
Мабільныя тэлефоны і розныя гаджэты суправаджаюць нас паўсюль: у грамадскім транспарце і кафэ, дома, на рабоце ці вучобе. Нават пры сустрэчах з сябрамі мы часта заглядваем у свае мабільныя тэлефоны, каб праверыць, ці не прапусцілі званок, паведамленне і г.д.

З мэтай прыцягнення ўвагі дзяцей і іх бацькоў да праблемы інтэрнэт-залежнасці, фарміравання здаровага ладу жыцця педагогі нашай школы правялі тыдзень валеалогіі. Яго неабходнасць паказалі вынікі анкетавання вучняў 4 – 9 класаў: 15% школьнікаў пастаянна гуляюць у камп’ютарныя гульні, 20% адчуваюць дыскамфорт, калі няма інтэрнэту, бо не ведаюць, чым заняцца. Вучні 4 – 6 класаў аддаюць перавагу гульням у мабільным тэлефоне, падлеткі – сацыяльным сеткам. 85% школьнікаў ведаюць пра шкоду, якую можа нанесці іх здароўю мабільны тэлефон ці камп’ютар. 19% апытаных прызналіся, што адчуваюць залежнасць ад віртуальных зносін і гульняў.

У пачатку тэматычнага тыдня вучні азнаёміліся з прадметам вывучэння валеалогіі, паглядзелі відэаролікі пра камп’ютарную і тэлефонную залежнасць. Дзеці вельмі здзівіліся, калі даведаліся, што ў сучасным свеце (паводле даследаванняў) самай распаўсюджанай фобіяй з’яўляецца страх застацца без мабільнага тэлефона ці аказацца далёка ад яго.

Школьны бібліятэкар А.А.Шышчыц аформіла пазнавальную кніжную выставу “У дарогу збірайся, па здароўе адпраўляйся”.

На працягу тыдня ў кожным класе проходзілі цікавыя і захапляльныя мерапрыемствы: “Калейдаскоп любімых гульняў”, гутаркі “Лекавыя расліны нашага парка” і “Здаровым будзеш – усё здабудзеш”, віктарыны “Што я ведаю пра сваё здароўе” і “Па здароўе да прыроды”, малюнкі на асфальце “Мы са спортам сябруем”, інтэрактыўныя гульні “Падарожжа за здароўем”, прафілактычная праграма “Інтэрнэт-залежнасць”, брэйн-рынг “Лекавыя расліны ў народнай медыцыне” і “Экалогія і здароўе”.

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя В.К.Іванюк і У.М.Краўцоў арганізавалі спартландыю “Хутчэй, вышэй, мацней” сярод першакласнікаў, эстафету “Вясёлыя старты” сярод другакласнікаў, спартыўнае свята “Вясёлая спартландыя” з удзелам вучняў 3 – 4 класаў і спаборніцтвы па баскетболе сярод юнакоў 7 – 9 класаў.

Вучні 7 – 11 класаў з ліку дзяўчат сустрэліся з акушэркай мясцовай амбулаторыі К.Я.Лойкуц, якая правяла з імі гутарку “Паміж намі, дзяўчынкамі”.

На працягу тыдня школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе калажаў “Здаровы лад жыцця”, конкурсе на лепшы слоган на тэму здароўя і выставе сямейных фотаздымкаў “Мы за здаровы лад жыцця”.

У якасці альтэрнатывы мабільным тэлефонам на перапынках вучням прапаноўваліся конкурсы і спаборніцтвы па дартсе, армрэстлінгу, скачках са скакалкай, шашках і настольным тэнісе.

У нашай установе штодзень праводзіцца пяціхвілінная зарадка перад пачаткам вучэбных заняткаў. У рамках тэматычнага тыдня яна прайшла ў форме музычнага флэшмобу “Каб быць здаровым”, падрыхтаванага малодшымі школьнікамі. Мерапрыемства зарадзіла бадзёрасцю і пазітывам усіх вучняў на ўвесь дзень.

У рамках тыдня адбылася акцыя “Дзень без мабільнага тэлефона”. Спачатку старшакласнікі хваляваліся, што могуць прапусціць важныя званкі і паведамленні, але па выніках дня многія ўбачылі, што ніякіх прапушчаных званкоў і паведамленняў у іх тэлефонах не было. Вучні ўпэўніліся, што могуць спакойна абыходзіцца і без мабільнага тэлефона. А мерапрыемствы, арганізаваныя ў рамках тыдня валеалогіі, паказалі дзецям, якім чынам можна правесці вольны час з карысцю і без шкоды для здароўя.

Галоўным узорам для падражання школьнікі лічаць сваіх бацькоў. Дзецям хацелася б, каб яны менш захапляліся сацыяльнымі сеткамі і гаджэтамі, а больш увагі ўдзялялі ім.

Марына КУР’ЯНОВІЧ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.