Навука і вытворчасць: працаваць на апярэджанне

12.12.2013

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар сустрэўся ў Палескім дзяржаўным універсітэце з кіраўнікамі і студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі вобласці. На сустрэчы ішла размова пра ролю УВА ў сацыяльна-эканамічным развіцці Брэстчыны, падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для сучаснага рынку працы, мадэрнізацыю эканомікі і практычнае прымяненне навуковых распрацовак.

К.А.Сумар адзначыў, што ўніверсітэты, якія з’явіліся ў Баранавічах і Пінску за апошняе дзесяцігоддзе, з’яўляюцца не толькі добрымі памочнікамі ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і дадатковым імпульсам для развіцця гэтых гарадоў. Так, у буйных райцэнтрах пашырылася сфера занятасці, пачалі будавацца новыя інтэрнаты, вучэбныя корпусы, спартыўныя аб’екты і аб’екты вольнага часу для студэнтаў (толькі ў матэрыяльную базу ПалесДУ дзяржава ўклала каля 300 мільёнаў долараў ЗША). Заўважны прыток маладых спецыялістаў адчулі многія мясцовыя прадпрыемствы, сацыяльна-культурныя ўстановы і гандлёвыя арганізацыі. Важна, што навуковы і адукацыйна-культурны патэнцыял універсітэтаў пачаў працаваць на рэалізацыю планаў па развіцці Баранавіч і Пінска.

Сёння ва УВА вобласці навучаецца больш за 31 тысячу студэнтаў. Упершыню за ўсю гісторыю Брэстчыны, як заўважыў К.А.Сумар, можна гаварыць пра самазабеспячэнне кваліфікаванымі кадрамі па асноўных галінах эканомікі, а таксама пра магчымасць выкарыстання навуковага патэнцыялу УВА ў рашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці.

Старшыня аблвыканкама азнаёміў прадстаўнікоў універсітэтаў з асноўнымі эканамічнымі паказчыкамі Брэстчыны і адзначыў, што нашым прадпрыемствам даводзіцца працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на знешніх рынках. Таму цалкам заканамерна, што рашаць складаныя эканамічныя задачы будзе па сілах толькі высокакваліфікаваным спецыялістам, якіх павінны рыхтаваць установы адукацыі, у тым ліку і ўніверсітэты. Прычым рыхтаваць так, каб веды выпускнікоў былі максімальна набліжаны да рэальнай вытворчасці. У сувязі з гэтым ва ўніверсітэтах на першы план павінны выходзіць стажыроўкі на вытворчасці і ў навукова-даследчых арганізацыях.

К.А.Сумар нацэліў кіраўнікоў УВА на паглыбленне сувязей універсітэтаў з базавымі прадпрыемствамі, якія павінны стаць пляцоўкамі для выканання канкрэтных навукова-практычных распрацовак для патрэб рэгіёнаў. На жаль, заўважыў кіраўнік вобласці, ні ва ўстановах адукацыі, ні на прадпрыемствах няма асаблівай зацікаўленасці ў тым, каб зрабіць практыку больш прадуктыўнай.

- Сёння больш актуальным з’яўляецца не павелічэнне часу практыкі, а павышэнне адказнасці за яе з боку куратараў на прадпрыемствах, - адзначыў К.А.Сумар. – Думаю, ёсць прыклады, прычым неадзінкавыя, калі даводзіцца чуць: давай падпішу справаздачу па практыцы, толькі не блытайся пад нагамі. А менавіта на прадпрыемстве павінны разумець, што добрага спецыяліста неабходна вучыць і расціць разам з універсітэтам. Так, сёлета ў БрДТУ паступіла толькі адна заяўка (ад прадпрыемства “Санта-Імпэкс”) з просьбай аб праходжанні ў іх вытворчай практыкі 13 студэнтаў. Дзе астатнія прадпрыемствы? Гэтую сітуацыю мы абавязкова прааналізуем і выправім з іх кіраўнікамі. Радуе, што БрДУ імя А.С.Пушкіна адкрывае філіял адной з кафедраў у Парку высокіх тэхналогій, бо на яго базе будзе праходзіць вытворчая практыка студэнтаў, якія змогуць атрымаць першы прафесійны вопыт.

Падчас сустрэчы было закранута і пытанне пра дзейнасць міжуніверсітэцкага савета, які ствараўся якраз з мэтай кансалідацыі намаганняў навукоўцаў вобласці для павышэння эфектыўнасці работы шэрагу прадпрыемстваў, вырашэння асобных праблем развіцця народнагаспадарчага комплексу Брэстчыны. Дасягнуць гэтага, пагадзіліся ўдзельнікі сустрэчы, можна толькі пры аб’яднанні адукацыі і навукі з рэальнай вытворчасцю і яе інавацыйным развіццём.

- Навуковы падыход сёння патрабуецца ў развіцці прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, энергазберажэння, прыродакарыстання, турызму і многіх іншых сфер, - адзначыў К.А.Сумар. – Так, у сельскай гаспадарцы мы чакаем навукова-даследчых распрацовак, якія тычацца паляпшэння племянной работы, вывучэння генетычных захворванняў скаціны і іншых напрамкаў. Гэта з’яўляецца ўмовай павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўчай галіны і сельскай гаспадаркі ў цэлым. Значнасць такой навуковай работы цяжка пераацаніць, бо для нашай аграрнай вобласці прадукцыя сельскай гаспадаркі і яе перапрацоўкі – галоўны экспартны рэсурс.

Радуе, што сёння ёсць упэўненасць у тым, што новыя навуковыя распрацоўкі не прымусяць сябе доўга чакаць. Так, у БрДТУ завершаны і знаходзіцца на этапе ўкаранення праект, які дазваляе прагназаваць паводку. У БарДУ закончаны праект, звязаны з вырабам нажоў для сячэння трэскі і асваеннем іх вытворчасці. Гэты праект прайшоў паспяховыя вытворчыя выпрабаванні на прадпрыемствах “Лагуна” і “Баранавічыдрэў”, дазволіўшы атрымаць гадавы эканамічны эфект на агульную суму каля 140 мільёнаў рублёў. У БрДУ імя А.С.Пушкіна распрацаваны турыстычны маршрут “Заказнік Сярэдняя Прыпяць”, па якім ужо падарожнічаюць турысты. Не адстае і ПалесДУ. Навукоўцы ўніверсітэта даследавалі асновы эканамічнага механізму, здольнага забяспечваць устойлівае функцыянаванне прамысловага і аграпрамысловага комплексу на ўзроўні рэгіёна. Акрамя таго, навукоўцы правялі таксама комплексную ацэнку сельскіх тэрыторый і выпрацавалі рэкамендацыі, якія дазваляюць вызначыць месцы агратурыстычнага развіцця.

- Навуковыя распрацоўкі павінны быць найперш карыснымі для рэальнага сектара эканомікі Брэстчыны, - падкрэсліў К.А.Сумар. – Адукацыя сёння не можа стаяць убаку ад рэальных запытаў сацыяльна-эканамічнага комплексу. Гэта патрэба часу, дзе прайграе той, хто не працуе на апярэджанне, не адкрывае і аператыўна не ўкараняе новае, хто адстае на рынку ідэй і іх прамысловага ўвасаблення, а значыць – у атрыманні даходу.

Падчас наведвання ПалесДУ старшыня аблвыканкама ўзнагародзіў пераможцаў абласной спартакіяды, якая праходзіла на базе ўніверсітэта. Каля 500 самых спартыўных студэнтаў УВА вобласці спаборнічалі ў плаванні, валейболе і баскетболе. У валейболе і баскетболе мацнейшымі аказаліся каманды БрДТУ, а ў плаванні – прадстаўнікі БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.