Рэстаран на… агародзе

23.11.2013

На Брэстчыне падвялі вынікі шэрагу абласных конкурсаў экалагічнага кірунку сярод школьнікаў. Арганізатарамі спаборніцтваў выступалі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў.

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Зямлі роднай – наш клопат” праводзіўся з мэтай выхавання экалагічнай культуры ў дзяцей, выяўлення і падтрымкі навучэнцаў, якія цікавяцца даследчай, вопытніцкай і практычнай работай, дэманстрацыі дасягненняў у галіне раслінаводства, кветкаводства і экалогіі, развіцця творчых здольнасцей школьнікаў.

На конкурс у дзвюх завочных намінацыях (“Юннат – 2013” і “Сцежкамі прыроды”) было прадстаўлена 45 работ. Найбольшую актыўнасць праявілі навучэнцы школ Брэсцкага, Бярозаўскага, Драгічынскага, Маларыцкага, Пінскага раёна і Брэста, а таксама выхаванцы Эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч і Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва.

Творчыя справаздачы школьнікаў змяшчалі вынікі вопытніцкай і даследчай работы з палявымі, садавіннымі, пладова-ягаднымі і кветкава-дэкаратыўнымі культурамі, а таксама відэаматэрыялы з інтэрактыўнымі віртуальнымі экскурсіямі па вучэбных эколага-біялагічных комплексах і экалагічных сцяжынах.

Пераможцамі конкурсу сталі навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах “Юныя садаводы” з Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва, “Экажурналістыка”, “Здравушка” і “Арніталогія” з Эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч, а таксама творчая група “Зялёны дэсант” з брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава.

***

Абласны конкурс па зборы макулатуры сярод устаноў адукацыі “Захавай дрэва – здай макулатуру” ладзіўся з мэтай рацыянальнага выкарыстання другаснай сыравіны. Навучэнцы сабралі і здалі каля 403,5 тоны макулатуры на суму 162,4 мільёна рублёў.

Найбольшага выніку ў зборы макулатуры дасягнулі ўстановы адукацыі Баранавіч (амаль 70 тон), Бярозаўскага (каля 36,5 тоны), Кобрынскага (амаль 30 тон) і Івацэвіцкага (24,8 тоны) раёнаў. Навучэнцы ПТНУ сабралі каля 39,3 тоны другаснай сыравіны.

У конкурсе перамаглі Замшанскі дзіцячы сад – базавая школа Маларыцкага раёна, В.Радавецкая базавая школа Драгічынскага раёна, Падкраіцкая базавая школа Бярозаўскага раёна, Моўчадская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна, Дастоеўская сярэдняя школа імя Ф.М.Дастаеўскага Іванаўскага раёна, Малоткавіцкая сярэдняя школа Пінскага раёна, дзіцячы сад – школа № 5 Брэста, сярэдняя школа № 2 Ляхавіч, гімназія Пружан, гімназіі №№ 1 і 2, сярэдняя школа № 21 Баранавіч, Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту, Белаазёрскі дзяржаўны ПТК электратэхнікі і Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй мэблевай вытворчасці і аўтамабільнага транспарту.

***

У абласным аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні і азеляненні школьных тэрыторый “Куток родной зямлі”, які праводзіўся з мэтай фарміравання экалагічнай культуры і беражлівых адносін навучэнскай моладзі да прыроды, навядзення парадку на зямлі і стварэння сучасных азеляняльных комплексаў, прынялі ўдзел 146 устаноў адукацыі.

Спаборніцтва праходзіла сярод сельскіх і гарадскіх школ, устаноў дадатковай адукацыі і ПТНУ ў 4 намінацыях. Конкурс паказаў, што калектывы многіх устаноў творча падыходзяць да афармлення тэрыторыі з улікам заканамернасцей ландшафтнага дызайну.

Лепшымі аказаліся Навасёлкаўская сярэдняя школа Кобрынскага раёна, Агароднікаўская сярэдняя школа Бярозаўскага раёна, гімназія Іванава і Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці.

***

На абласны этап рэспубліканскага конкурсу экалагічнай экспедыцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”, які праходзіў у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, было прадстаўлена 45 работ у 4 намінацыях (“Багацце расліннага свету”, “Багацце жывёльнага свету”, “Глебазнаўства” і “Водны свет”).

Удзельнікі прадэманстравалі вынікі экалагічных экспедыцый па даследаванні біялагічных і экалагічных асаблівасцей расліннасці, фаўністыкі і экалогіі розных сістэматычных груп жывёл, паводзін пазваночных і беспазваночных. У справаздачных матэрыялах апісаны склад, будова, фізічныя, хімічныя і біялагічныя асаблівасці глебы, прааналізавана антрапагеннае забруджанне, падведзены вынікі даследавання азёр, рэк, крыніц і іншых водных аб’ектаў.

Дыпломы І ступені ў розных намінацыях атрымалі Іван Юрчук, Мікіта Макейчык, Ірына Тарасевіч і Вольга Трапачка з аб’яднання па інтарэсах “Юны заолаг” Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Пінска (“Іхтыяфаўна вадасховішча Пагост”, кіраўнік В.А.Удод), Яраслаў Туранскі, Аляксандр Арлоў, Таццяна Карват і Вольга Карніловіч з гімназіі № 1 Брэста (“Ацэнка глебавага кампанента, як адной з экалагічных умоў росту папаратніку каралеўскага”, кіраўнік А.А.Сакалоўская), Юлія Пашкевіч з Экалагічнага цэнтра Белаазёрска (“Куточак зямлі роднай. Расліны”, кіраўнік В.М.Лютыч) і Вікторыя Артысюк з Немяржанскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна (“Птушкі роднага краю”, кіраўнік І.В.Артысюк). Акрамя таго, было адзначана комплекснае даследаванне “Экалагічная сцяжына “Гузнянка” Дзмітрыя Кобзева і Міхаіла Камолава з сярэдняй школы № 9 Брэста (кіраўнік В.М.Голуб).

***

У абласным этапе рэспубліканскага конкурсу праектаў кветнікаў “Кветкавы стыль” удзельнічалі 56 работ. Спаборніцтва праходзіла ў 5 намінацыях: “Усё вышэй і вышэй…”, “Патыа”, “Ці то ў садзе, ці то ў агародзе”, “Садовая скульптура” і “Магія водару”.

Канкурсанты паказвалі творчыя справаздачы з тэарэтычным апісаннем ідэі праекта, этапаў яго рэалізацыі і вынікаў работы. Так, у намінацыі “Усё вышэй і вышэй…” удзельнікі прадстаўлялі матэрыялы па азеляненні тэрыторыі раслінамі, якія ўюцца (кустоўі, травяністыя шматгадовікі і аднагадовікі), з выкарыстаннем розных апор – сцен будынкаў, альтанак, арак, пергол і садовых збудаванняў.

Праекты ў намінацыі “Патыа” ўялялі сабой распрацоўкі ўчасткаў кантэйнернага азелянення з выкарыстаннем аднагадовых і шматгадовых кветкава-дэкаратыўных раслін, лісцевых і хваёвых драўнінна-кустовых і пакаёвых раслін. Участкі афармляліся як зоны адпачынку.

У намінацыі “Ці то ў садзе, ці то ў агародзе” былі прадстаўлены дэкаратыўныя агароды ў рэгулярным стылі з выкарыстаннем садавінных, вастраводарных і кветкавых культур, у намінацыі “Садовая скульптура” – фотаздымкі паэтапнага вырабу малых архітэктурных форм і іх усталявання на тэрыторыі ўстановы адукацыі, а ў намінацыі “Магія водару” – кветнікі з пахучых раслін у пейзажным стылі.

Лепшымі прызнаны творчы калектыў навучэнцаў гімназіі № 1 Брэста з праектам “Экасад”, выхаванцы Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва з праектамі “Утульны дворык”, “Рэстаран на агародзе” і “Лясны госць”, а таксама навучэнцы Эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч з праектам “Магія водару”.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.