Да зімы падрыхтаваліся, вынікі летняй аздараўленчай кампаніі падвялі

9.10.2013

Адбылося чарговае пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні, што тычыліся падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да работы ў зімовых умовах і энергазберажэння, арганізацыі бяспечнага падвозу школьнікаў да месцаў вучобы і прафілактыкі дзіцячага дарожнага траўматызму, а таксама вынікаў летняй аздараўленчай кампаніі.

Намеснік начальніка аддзела тэхнічнага нагляду за капітальным рамонтам, утрыманнем і эксплуатацыяй будынкаў і збудаванняў пры абласным упраўленні адукацыі А.М.Дзямчук расказала, што для забеспячэння ўстойлівай і бесперабойнай дзейнасці аб’ектаў адукацыі ў ацяпляльны перыяд 2013/2014 года завяршаюцца неабходныя перадзімовыя падрыхтоўчыя работы. На падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона і выкананне мерапрыемстваў па энергазберажэнні выдаткавана каля 20 мільярдаў рублёў.

На балансе ўстаноў адукацыі знаходзіцца 244 кацельні. Сёлета быў выкананы капітальны рамонт у 14 з іх, бягучы – у 102. Завяршаецца работа па назапашванні ў кацельнях запасаў паліва. Падпісваюцца пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цяпла да пачатку ацяпляльнага сезона.

Вялікая ўвага надаецца энергазберажэнню. Добрых вынікаў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў дасягнулі ў аддзелах адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага, Івацэвіцкага і Пінскага раёнаў, Маскоўскага раёна Брэста, а таксама абласнога цэнтра. Адваротная сітуацыя назіраецца ў Жабінкаўскім, Камянецкім і Лунінецкім раёнах, а таксама Ленінскім раёне Брэста.

Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк паведаміў, што сёння ў падвозе дзяцей да месцаў вучобы задзейнічаны 287 аўтобусаў (238 з іх эксплуатуюцца не больш за 10 гадоў, 49 падлягаюць спісанню ці капітальнаму рамонту). Сёлета было закуплена 16 аўтобусаў. Арганізаваным падвозам ахоплена каля 15,2 тысячы дзяцей.

Асноўнымі праблемамі ў арганізацыі падвозу дзяцей з’яўляюцца падбор вадзіцельскіх кадраў і іх цякучасць у аддаленых сельскіх раёнах з-за невялікага заробку, наяўнасць рэзервнага транспарту і яго належны рамонт.

Што тычыцца прафілактыкі дзіцячага дарожнага траўматызму, то гэтая работа ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з супрацоўнікамі ДАІ. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца інфармацыйна-асветніцкія і арганізацыйныя мерапрыемствы прафілактычнага характару. Актыўна развіваецца юіраўскі рух.

М.К.Тарасюк прызнаўся, што прафілактычныя меры дазволілі зменшыць колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, але лічбы статыстыкі па-ранейшаму застаюцца вялікімі. Адна з прычын гэтага – недапрацоўкі ўстаноў адукацыі.

- Каб дзеці выконвалі правілы дарожнага руху, неабходны станоўчы прыклад дарослых – бацькоў і педагогаў. Выхаваннем у гэтым кірунку варта займацца ўжо змалку. Патрэбна правесці рэвізію дарожных пляцовак ва ўстановах адукацыі, якія валодаюць добрым прафілактычным патэнцыялам, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

Галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама А.У.Сянькевіч паведаміла пра вынікі сёлетняй летняй аздараўленчай кампаніі. Па словах Алы Уладзіміраўны, на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона было выдаткавана амаль 9 мільярдаў рублёў. Аддзелы адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў распрацавалі рэгіянальныя праграмы “Канікулы – 2013”, якія прадугледжвалі розныя віды і формы аздараўлення, арганізацыі вольнага часу і занятасці непаўналетніх, у тым ліку ў лагерах працы і адпачынку.

З мэтай удасканалення сістэмы падрыхтоўкі арганізатараў летняга адпачынку дзяцей, вывучэння прафесійных праблем кіраўнікоў і педагогаў лагераў у Брэсцкім абласным ІРА была праведзена вялікая работа. Курсавая падрыхтоўка арганізоўвалася з улікам дыферэнцаванага падыходу ў навучанні педработнікаў аздараўленчых летнікаў рознага тыпу – дзённых (прышкольных), загарадных стацыянарных і профільных (дзевяцідзённых).

Маніторынг прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў паказаў, што ў іх маюцца праблемы ў рабоце па нарматыўным і прававым забеспячэнні аздараўленчага лагера, псіхолага-педагагічным суправаджэнні дзяцей і падлеткаў (у тым ліку з нядобранадзейных сем’яў), абавязках старшага выхавальніка ў арганізацыі бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей, профільнай дзейнасці і інш. На жаль, толькі 65% педагогаў, якія прайшлі курсавую падрыхтоўку ў БрАІРА, выкарыстоўваюць на практыцы атрыманыя веды і ўменні. Астатнія не задзейнічаны ў летняй аздараўленчай кампаніі.

Выхаваўчая работа ў летніках уключала розныя мерапрыемствы: інтэлектуальна-пазнавальныя турніры, творчыя конкурсныя праграмы, этычныя гутаркі, калектыўныя творчыя справы, экскурсіі на прыроду, фізкультурна-спартыўныя спаборніцтвы.

А.У.Сянькевіч засяродзіла ўвагу і на праблемах. Так, пры арганізацыі лагераў працы і адпачынку вялікія надзеі ўскладаліся на ПТНУ. Аднак, сутыкнуўшыся з адмовамі прадпрыемстваў і арганізацый заключаць дагаворы і браць на сябе адказнасць за знаходжанне непаўналетніх на небяспечных аб’ектах, працоўныя летнікі былі створаны толькі ў 5 (з 29) ПТНУ. Аддзелы адукацыі, спорту і турызму арганізавалі работу 166 лагераў працы і адпачынку. Заробак дзяцей у такіх летніках склаў ад 120 тысяч да 1,5 мільёна рублёў.

Акрамя таго, пры фарміраванні лагераў працы і адпачынку вялікай перашкодай сталі адсутнасць неабходнай нарматыўнай і прававой базы, высокі кошт пуцёвак і, як вынік, нізкі заробак навучэнцаў, адсутнасць прадпрыемстваў і арганізацый каля стацыянарных загарадных летнікаў, гатовых прадаставіць дзецям работу, і інш. Праблемным пытаннем было і камплектаванне аздараўленчых лагераў кадрамі, што звязана з нізкім заробкам. Актуальнай застаецца праблема павышэння якасці падрыхтоўкі і правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў у летніках.

Па словах А.У.Сянькевіч, сёлета ў вобласці было арганізавана 990 аздараўленчых лагераў усіх тыпаў, дзе аздароўлена амаль 62 тысячы дзяцей.Для арганізацыі кругласутачнага аздараўлення выкарыстоўвалася база 22 стацыянарных лагераў. Акрамя лагераў працы і адпачынку і профільных летнікаў, працавалі школьныя лясніцтвы, вучнёўскія вытворчыя і рамонтныя брыгады, агародніцкія звёны, атрады па добраўпарадкаванні і азеляненні, экалагічныя атрады і інш. Асаблівая ўвага надавалася арганізаванаму адпачынку і занятасці цяжкіх падлеткаў. Для іх арганізоўваліся спартыўна- і абаронча-патрыятычныя летнікі на базе воінскіх часцей, часцей МНС і пагранкамітэта.

Летняя аздараўленчая кампанія, прызналася А.У.Сянькевіч, прайшла без сур’ёзных парушэнняў і заўваг, за выключэннем трох выпадкаў траўміравання дзяцей у сярэдняй школе № 33, яслях-садах №№ 54 і 72 Брэста.

Нядаўна былі падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыях “Лепшы лагер у рэалізацыі праграмы выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні” і “Лепшы лагер працы і адпачынку”. Па выніках спаборніцтва дыпломы І ступені атрымалі праект-сацыяльна-педагагічная праграма “Мы – будучыня Беларусі” выхаваўча-аздараўленчай установы адукацыі “Зорачка” ААТ “Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод”, творча-гульнявыя праекты “Хэпінг на лясной палянцы” лагера з дзённым знаходжаннем сярэдняй школы № 3 Бярозы і “Універ” лагера з дзённым знаходжаннем Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы, а таксама праекты летніх лагераў працы і адпачынку “Летнія пчолкі-2013” Кіселявецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Кобрынскага раёна і “Дрогіч” гімназіі Драгічына.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.