Нават неперспектыўная школа павінна выглядаць прывабна

17.8.2013

На гадзінніку 8.30. Ад будынка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму ад’язджае старэнькі “ПАЗ”. У аўтобусе – намеснік начальніка па вучэбна-выхаваўчай рабоце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сцяпан Сцяпанавіч Гучык, спецыялісты аддзела па розных напрамках дзейнасці, прадстаўнікі энергаінспекцыі, санітарнай службы, аддзела па надзвычайных сітуацыях і ЖКГ. План работы – наведаць 17 устаноў адукацыі, большасць з якіх размешчаны ў найбольш аддаленых месцах ад райцэнтра. Гэта тыповыя сельскія школы і дзіцячыя садкі.

Пакуль аўтобус няспешна едзе па двухпалоснай асфальтоўцы, якая раз-пораз пераходзіць у гравійку, С.С.Гучык расказвае:

- У раёне дзейнічае 76 устаноў адукацыі. Сёлета былі закрыты Аніскавіцкая сярэдняя школа, Глінянскі яслі-сад і вячэрняя школа Кобрына. Осаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа рэарганізаваны ў дзіцячы сад – базавую школу, Верхалеская сярэдняя школа – у яслі-сад – сярэднюю школу, Патрыкавіцкі дзіцячы сад – пачатковая школа – у яслі-сад, а Корчыцкі яслі-сад і Корчыцкая базавая школа аб’яднаны ў яслі-сад – базавую школу. Звязана гэта з неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыяй у аддаленых сельскіх рэгіёнах. Закрыццё і рэарганізацыя неперспектыўных устаноў адукацыі будзе працягвацца і далей.

Штогод на падрыхтоўку школ і дзіцячых садкоў да пачатку 1 верасня выдаткоўваюцца фінансавыя сродкі. На дадзены момант асвоена каля 10,6 мільярда рублёў. Грошы пайшлі на капітальныя (аздараўленчы лагер “Хваля”, Патрыкавіцкі яслі-сад, сярэдняя школа № 8 і яслі-сад № 16 Кобрына, Верхалескі яслі-сад – сярэдняя школа) і бягучыя рамонты. Зразумела, што выдзеленых сродкаў недастаткова. Гэта пацвярджае стан шэрагу ўстаноў адукацыі раёна, дзе летнія будаўнічыя работы вядуцца пераважна за кошт пазабюджэтнай дзейнасці, спонсарскай і бацькоўскай дапамогі, а таксама высілкаў педагогаў. У такой сітуацыі магчымы толькі штогадовы касметычны рамонт. Аддзел адукацыі, спорту і турызму дапамагае ўстановам, зыходзячы з фінансавых магчымасцей і мэтазгоднасці, бо, напрыклад, укладваць значныя грашовыя сродкі ў неперспектыўныя школы і дзіцячыя садкі, якія закрыюцца праз год-два, не мае сэнсу.

Так атрымалася, што ў плане работы камісіі ў першы дзень праверкі было пазначана шмат устаноў адукацыі, асуджаных на паступовае закрыццё. І гэта зусім не радавала. С.С.Гучык запэўніў, што пакуль удаецца знаходзіць вызваленым педагогам і тэхперсаналу новае месца работы. Застаецца спадзявацца, што вопытныя кадры ў далейшым таксама не застануцца, як кажуць, на вуліцы.

Тым часам аўтобус пад’ехаў да першага пункта прыпынку – вёскі Навасёлкі, заснаванай 450 гадоў назад. Мясцовы яслі-сад, размешчаны ў будынку 35-гадовай даўнасці, наведвае 23 дзіцяці. Гэта сціплая цагляная пабудова з уласнай кацельняй і акуратнай прылеглай тэрыторыяй. Загадчыца ўстановы Наталля Дзям’янаўна Анцута расказала, што летам у садку быў праведзены касметычны рамонт – пафарбавана падлога ў групавых памяшканнях і калідорах. Усё рабілася ўласнымі сіламі.

Тэрыторыя Навасёлкаўскай сярэдняй школы радуе вока рознакаляровымі кветнікамі і малымі архітэктурнымі формамі. Установу, пабудаваную ў далёкім 1968 годзе, наведвае 121 навучэнец. Акрамя традыцыйнай штогадовай афарбоўкі сцен і падлогі, як паведаміла дырэктар Святлана Мікалаеўна Шаўцова, сёлета на адным з паверхаў школы быў створаны “рэлаксацыйны” зялёны куток з крынічкай, а на вуліцы (пад разгалістымі клёнамі) дабудавана зона адпачынку з утульнымі рубленымі альтанкамі, столікамі і крэсламі ў выглядзе стылізаваных пнёў і нават мангалам. На гэтым месцы базіруецца палатачны лагер, ладзяцца розныя мерапрыемствы. Ва ўсім відаць дбайнае вока кіраўніка і педагогаў.

Нельга абмінуць увагай і школьны гісторыка-краязнаўчы музей, які знаходзіцца ў старой сялянскай хаце. Там можна пазнаёміцца з вельмі цікавымі экспанатамі, сабранымі намаганнямі навучэнцаў пад кіраўніцтвам неўтаймоўнага настаўніка гісторыі Аляксандра Вячаслававіча Дронца. Музейная калекцыя пастаянна папаўняецца.

Бельскую базавую школу, узведзеную 27 гадоў назад, наведвае ўсяго 52 навучэнцы. Перспектыў ва ўстановы, прызналася яе дырэктар Ларыса Міхайлаўна Кароль, няма. Тым не менш летам у школе былі пафарбаваны вокны, перакрыты дах, у сталовай і санвузлах заменена сантэхнічнае абсталяванне. Касметычныя работы ажыццяўляліся намаганнямі педагогаў і бацькоў.

У савецкі час пасёлак Арэхаўскі быў даволі перспектыўным, дзякуючы моцнай базавай гаспадарцы – ферме па развядзенні аленяў і мясаперапрацоўчаму заводу. У цэнтры населенага пункта, які ўяўляе сабой комплекс розных сацыяльна-культурных і гаспадарчых аб’ектаў, узвышаюцца трох- і чатырохпавярховыя жылыя дамы. У цэнтры размешчаны і яслі-сад з сярэдняй школай. З заняпадам гаспадаркі жыхары пасёлка пачалі раз’язджацца, што паўплывала на перспектыўную напаўняльнасць тутэйшых устаноў адукацыі

Яслі-сад, які ўзначальвае Валянціна Васільеўна Дуда, наведвае 50 дзяцей, хаця разлічаны ён на колькасць удвая большую. Ва ўстанове, пабудаванай у “залаты” для арэхаўчан 1983 год, сёлета быў праведзены касметычны рамонт. У вочы кідаліся свежапафарбаванае дваровае абсталяванне, дагледжаныя клумбы. Праўда, патрабуе яшчэ ўвагі фасад садка. У рамонтных работах былі задзейнічаны спонсары і аддзел адукацыі, спорту і турызму.

У мясцовай школе 1 верасня сядуць за парты 82 навучэнцы (у лепшыя часы яе наведвала каля 400 дзяцей). Дырэктар установы Іван Канстанцінавіч Бурштын расказаў, што асноўным сёлетнім дасягненнем стала доўгачаканая замена ўсіх санвузлоў. Касметычны рамонт праводзіўся з удзелам спонсарскіх сродкаў. Бацькоўскай дапамогай кіраўнік не злоўжывае.

Павіццеўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа, узведзены амаль 50 гадоў назад, выглядае “свежым”, дзякуючы капітальнаму рамонту 2010 года. Плануецца, што па веды ў верасні прыйдзе каля 200 дзяцей. Садок наведвае 28 малышоў. Рамонтнымі работамі ва ўстанове займаецца тэхперсанал.

Тэрыторыя Лелікаўскай сярэдняй школы імя У.Шапецюка, аддаленай ад райцэнтра на 50 кіламетраў, здольна ўразіць кожнага. За “архаічным” драўляным плотам гасцей сустракаюць дзіўныя істоты і звыклыя прадметы ў адметным выкананні. Сярод іх – аднаколавы веласіпед, аздоблены кветкамі, конік, гружаны возам з кветкамі, вулей з пластыкавымі пчоламі-“бутэлечкамі”, вялікі Змей Гарыныч з пакрыўленага дрэва, Ён і Яна ў выглядзе двух смеццевых кантэйнераў з кветкамі і нават пальма з… гітарай.

Дырэктар школы Таццяна Мікалаеўна Сакадын расказала, што ва ўстанове за 42 гады існавання маштабны капітальны рамонт не праводзіўся, акрамя рамонту спартыўнай залы і даху. З году ў год даводзіцца абмяжоўвацца касметычнымі работамі. На дапамогу прыходзяць бацькі і спонсары. Далейшае існаванне школы малаверагоднае – яе наведваюць 66 навучэнцаў.

А вось у сяле Дзівін тамашнім яслям-садзе і сярэдняй школе закрыццё дакладна не пагражае. Колькасць дзяцей у дашкольнай установе, якой кіруе Наталля Уладзіміраўна Кавалевіч, не змяншаецца (сёлета іх 89). Азмрочвае іншае: у 40-гадовым будынку садка з 1986 года не было капітальнага рамонту.

Дзівінская сярэдняя школа з’яўляецца самай буйной сярод сельскіх устаноў Кобрыншчыны. У школе вучыцца 405 дзяцей. І іх колькасць таксама не змяншаецца. З капітальным рамонтам школе, у адрозненне ад садка, пашанцавала. Яго правялі 5 гадоў назад.

У Дзівіне працягвае работу міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат. Закрываць яго не плануецца, бо ён запатрабаваны. ВВК “абслугоўвае” некалькі суседніх вёсак. У камбінаце старшакласнікі асвойваюць прафесіі трактарыста, швачкі, краўца, сакратара-машыніста з веданнем персанальнага камп’ютара. ВВК наведвае каля 170 школьнікаў.

Наўрад ці выратуе ад будучага закрыцця сёлетняя рэарганізацыя Осаўскага дзіцячага сада – базавай школы. Установу наведваюць 13 малышоў і 47 навучэнцаў. Дзяцей у аграгарадку мала, гаворыць дырэктар Святлана Мікалаеўна Якушык, ды і мясцовая гаспадарка слабая. Асаблівага будаўнічага “ўмяшальніцтва” ўстанова не патрабуе. 7 гадоў назад у ёй быў праведзены капітальны рамонт. Тэрыторыя добраўпарадкавана належным чынам, у класах чысціня і парадак.

У Хабовіцкай сярэдняй школе, якая вядзе “летапіс” з 1999 года, атрымлівае веды 93 навучэнцы. Летам тут былі добра адрамантаваны два калідоры. Работы вяліся за кошт пазабюджэтных сродкаў, бацькоўскай падтрымкі і дапамогі аддзела адукацыі, спорту і турызму.

У аднапавярховым невялікім Хабовіцкім яслях-садзе ўсяго 16 дзяцей. Хутчэй за ўсё ўстанова ў перспектыве будзе далучана да мясцовай школы.

У Барысаўскай пачатковай школе праблем з напаўняльнасцю няма. Установа, якую наведвае 47 навучэнцаў, уяўляе сабой утульны аднапавярховы будынак накшталт вялікага жылога дома з па-гаспадарску дагледжанай тэрыторыяй. Школа, гісторыя якой пачалася 112 гадоў назад, знаходзіцца з 1951 года ў новым будынку. У 1996-м адбыўся капітальны рамонт. З таго часу ва ўстанове праводзяцца толькі касметычныя рамонты. Дырэктар школы Наталля Пятроўна Ігнацюк прызналася, што бацькі хацелі б бачыць замест пачатковай базавую школу.

Апошні пункт візіту – яслі-сад № 20 Кобрына. Гэтая ўстанова з’яўляецца ўзорнай у многім. У вочы кідаюцца абноўленае гульнёвае абсталяванне на дзіцячых пляцоўках, адрамантаваныя веранды. У астатнім – усё тое ж касметычнае прыхарошванне. Басейн патрабуе рамонту, бо ствараўся каля 30 гадоў назад. Надзвычай удала аформлены асфальтавыя дарожкі. У кожнай дробязі адчуваецца клапатлівая рука педкалектыву на чале з Раісай Іванаўнай Саўчук.

Калі ў сельскай мясцовасці існуюць праблемы з напаўняльнасцю дзіцячых садкоў, то ў райцэнтры такой праблемы не існуе. Яслі-сад № 20 наведвае 270 дзяцей. Горад мае патрэбу ў яшчэ адной дашкольнай установе.

… Да будынка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму аўтобус вярнуўся ў 18.20.

***

Падчас наведвання неперспектыўных школ і садкоў адчуваўся лёгкі сум ад дотыку да “зніклай натуры”. А шкадаваць-сумаваць ёсць чаму. Месцазнаходжанне ўстаноў адукацыі ў вёсках, у адрозненне ад іншых аб’ектаў, пазнаеш здалёку – газоны акуратна пакошаны, бардзюры пабелены, клумбы літаральна зіхацяць ад розных кветак пад промнямі сонца, дарожкі падмецены, паўсюль чыста. А за ўсім гэтым парадкам і дамашняй утульнасцю стаіць тытанічная праца сціплых, добрых і неабыякавых людзей. Педагогаў Кобрыншчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКАХ: дырэктар Навасёлкаўскай сярэдняй школы С.М.Шаўцова паказвае зялёнок куток з крынічкай; так выглядае тэрыторыя Навасёлкаўскай сярэдняй школы; фантазіі педагогаў Лелікаўскай сярэдняй школы межаў няма; дваровая тэрыторыя ясляў-сада № 20 Кобрына.

Фота аўтара.