Эканамічныя спецыяльнасці пазіцыі не здаюць
16.8.2013Ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны завяршылася ўступная кампанія. Цяпер ва УВА падводзяцца і аналізуюцца яе вынікі. Аб ходзе сёлетняй уступнай кампаніі ў чатырох універсітэтах Брэстчыны нашай газеце расказалі ў прыёмных камісіях.
У найстарэйшай УВА вобласці, Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна, абітурыентам было з чаго выбіраць. 10 факультэтаў прапаноўвалі амаль 60 спецыяльнасцей. Сярод іх – дзве новыя: “Практычная псіхалогія” і “Гісторыя рэлігій”. Трэба сказаць, што яны прыцягнулі ўвагу ўчарашніх школьнікаў. Конкурс на гэтыя спецыяльнасці склаў 2,3 і 1,9 заявы на месца адпаведна.
Як паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ імя А.С.Пушкіна Святлана Мікалаеўна Ткач, сёлета на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 457 абітурыентаў пры плане 510, на завочную – 116 пры плане 140. Найбольшай папулярнасцю ва ўніверсітэце карысталіся спецыяльнасці “Правазнаўства” – 18,3 заявы на месца (тры бюджэтныя месцы), “Біялогія” – 4,6 (пяць бюджэтных месцаў) і “Бізнес-адміністраванне” – 4,2 (дзесяць бюджэтных месцаў).
Найменшыя конкурсы назіраліся на фізіка-матэматычных спецыяльнасцях. Так, на спецыяльнасці “Матэматыка і інфарматыка” і “Фізіка і інфарматыка” конкурс склаў 0,6 заявы на месца. А вось на спецыяльнасці “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)” і “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)” увогуле не было пададзена ніводнай заявы. Звязана гэта з тым, патлумачыла Святлана Мікалаеўна, што сучасная моладзь больш прагматычна і рацыянальна падыходзіць да выбару будучай прафесіі. Тыя, хто са школы сябруюць з фізікай і матэматыкай, хутчэй аддадуць перавагу ІТ-галіне, чым выкладанню, бо пасля заканчэння ўніверсітэта такім спецыялістам лягчэй знайсці высокааплатнае месца работы.
С.М.Ткач прызналася, што сёння ва ўніверсітэт прыходзяць менш падрыхтаваныя абітурыенты, чым, скажам, 5 гадоў назад. Сярэдні конкурс на дзённую бюджэтную форму навучання склаў 1,8 заявы на месца. Прахадны бал вагаўся ад 115 (“Матэматыка і інфарматыка”) да 281 (“Правазнаўства”).
У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце праблем з наборам студэнтаў няма. Сёлета на дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 455 чалавек (план выкананы), на завочную – 122 пры плане 125.
- Выканаць план удалося дзякуючы не толькі актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, якую ўніверсітэт праводзіў на працягу ўсяго навучальнага года ў школах і прафесійна-тэхнічных каледжах, але і факультэцкім конкурсам, - расказаў намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БрДТУ Алег Паўлавіч Мешык. – Такія конкурсы практыкаваліся ва ўніверсітэце некалькі гадоў назад. Сёлета яны праходзілі на чатырох факультэтах – будаўнічым, водазабеспячэння і гідрамеліярацыі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым. Падаючы туды дакументы, абітурыенты маглі ўказаць у заяве не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Падобныя ўмовы, з аднаго боку, дазволілі ўніверсітэту адабраць лепшых, а з другога – далі ўчарашнім школьнікам больш магчымасцей паступіць ва УВА. Калі абітурыент не праходзіў на больш прэстыжную (на яго думку) спецыяльнасць, то мог прэтэндаваць на іншую – з меншым прахадным балам.
Сярэдні конкурс у БрДТУ стабільны на працягу многіх гадоў. Сёлета на дзённай бюджэтнай форме навучання ён склаў 1,7 заявы на месца. Конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць вызначаўся планам набору, у выніку чаго абмежаваная колькасць бюджэтных месцаў спараджала вялікія конкурсы. Набор вёўся на 7 факультэтаў па 27 спецыяльнасцях. Сёлета абітурыентам была прапанавана новая спецыяльнасць “Лагістыка” – 2,6 заявы на месца.
Ужо некалькі апошніх гадоў ва ўніверсітэце назіраецца ўстойлівы інтарэс абітурыентаў да будаўнічых спецыяльнасцей. Моладзь пачала ўлічваць кан’юнктуру рынку працы. Тым не менш з году ў год не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей: “Камерцыйная дзейнасць” – 6 заяў на месца (тры бюджэтныя месцы), “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” – 4, “Маркетынг” і “Фінансы і крэдыт” – 3,3, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” – 3. Невысокія конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях машынабудаўнічага факультэта і факультэта водазабеспячэння і гідрамеліярацыі.
Найбольшай папулярнасцю карысталіся такія спецыяльнасці, як “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”, “Экспертыза кіравання нерухомасцю”, “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя, ахова паветранага басейна” і “Аўтасэрвіс”. Самы высокі прахадны бал быў на эканамічным факультэце (350), самы нізкі (164) – на машынабудаўнічым.
У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Мікалай Мікалаевіч Чмыр, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца добрым попытам: да нядаўняга часу УВА знаходзілася пад патранатам Нацыянальнага банка Беларусі. Самай папулярнай сярод учарашніх школьнікаў была спецыяльнасць “Банкаўская справа” – 1,8 заявы на месца. Найменшы конкурс назіраўся на спецыяльнасць “Садова-паркавае будаўніцтва” – 0,8 заявы на месца. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,7 заявы на месца.
Сёлета ва ўніверсітэце з’явіліся тры новыя спецыяльнасці (адна на дзённай форме навучання, а дзве – на завочнай на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі): “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” – 1,3 заявы на месца, “Маркетынг” – 3,6 і “Турызм і гасціннасць” – 1,7.
У ПалДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на чатыры факультэты (банкаўскі, эканамічны, біятэхналагічны і факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 19 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 421 чалавек пры плане 425, на завочную – 72 пры плане 74.
На працягу апошніх гадоў самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце застаецца “Правазнаўства” – 8 заяў на месца. Эканамічныя спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваныя ў абітурыентаў (“Маркетынг” – 4 заявы на месца, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” – 3,2). Добры конкурс склаўся на спецыяльнасцях “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” (на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі) – 3,8 заявы на месца і “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” – 4,9.
Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Аграномія” (на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі) і “Абслуговая праца і прадпрымальніцтва” – 0,3 заявы на месца.
Сярод трох новых спецыяльнасцей найбольшую ўвагу абітурыентаў прыцягнула “Замежная мова (англійская мова)” – 1,9 заявы на месца. На астатніх (“Абслуговая праца і прадпрымальніцтва” і “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”) конкурс склаў 0,3 і 0,6 заявы адпаведна.
Прахадныя балы ў залежнасці ад спецыяльнасці вагаліся ад 127 (“Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”) да 275 (“Правазнаўства”).
Адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ Наталля Аляксандраўна Клімко расказала, што набор ва ўніверсітэт вёўся на чатыры факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 23 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 341 чалавек пры плане 390, на завочную – 138 пры плане 160.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.