Адпачынак па-армейску

29.7.2013

У Брэсцкім гарнізоне маладое папаўненне. Але не з ліку навабранцаў. Гэта школьнікі, якім педагогі прапанавалі цікавы і карысны адпачынак у армейскім асяроддзі.

Старшакласнікаў з Жабінкаўскага раёна прыняў 48-ы асобны батальён радыёэлектроннай барацьбы, што дыслакуецца ў Чырвоным Двары Брэста. У вайсковую часць прыйшлі 90 школьнікаў. Сумаваць юнакам не давялося. За час работы лагера яны вывучылі аўтамат Калашнікава, асвоілі асновы абароны ад зброі масавага паражэння (спецкасцюмы і процівагаз) і атрымалі шмат інфармацыі аб праходжанні тэрміновай службы і парадку паступлення ў Ваенную акадэмію Беларусі. Не абышлося і без выканання нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы.

- Узаемадзеянне з падшэфнымі школамі не абмяжоўваецца толькі заняткамі па дапрызыўнай падрыхтоўцы, - расказаў намеснік камандзіра 48-га асобнага батальёна радыёэлектроннай барацьбы Аляксандр Курган. – Камандаванне на працягу года плануе і праводзіць разам з адміністрацыяй падшэфных школ цэлы комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку і “Урокі мужнасці”. Вайскоўцы батальёна, выступаючы перад школьнікамі, расказваюць пра ўмовы службы ў часці, яе традыцыях і службе ў арміі ўвогуле. У сваю чаргу навучэнцы прыязджаюць да салдат з канцэртамі ў святочныя дні.

Пасля таго як закончылася змена ў “радыёэлектронным” батальёне, для школьнікаў Брэсцкага раёна быў адкрыты лагер на базе аднаго з дывізіёнаў 115-га зенітнага ракетнага палка. Каля 30 цяжкіх падлеткаў знаходзяцца пад пільным кантролем начальніка летніка, спартсмена, чэмпіёна свету па гіравым спорце Андрэя Шумовіча.

Часць прадаставіла юнакам не толькі казарму, пакой адпачынку, спартыўны гарадок і цір, але і магчымасць азнаёміцца з баявой тэхнікай – знакамітымі ракетнымі комплексамі С-300. Рэжым дня, па словах камандзіра 115-га зенітнага ракетнага палка Алега Канавалава, максімальна набліжаны да армейскага: пад’ём, прыбіранне казармы і прылеглай тэрыторыі, снеданне, работа з псіхолагам і г.д. Кожны дзень надзвычай насычаны: спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, розныя экскурсіі.

Школьнікі прызнаюцца, што гэта куды цікавей, чым без мэты бадзяцца па гарадскіх дварах ды сельскіх клубах.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.