Калі гісторыя ажывае…

11.7.2013

У Брэсцкім абласным ІРА адбыўся пяцідзённы семінар “Мой край: зберажэнне прыроды і гісторыі, развіццё лакальнай культуры з удзелам мясцовай супольнасці”. Арганізатарамі мерапрыемства, скіраванага на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці работнікаў сацыяльных, адукацыйных, культурных устаноў і грамадскіх арганізацый, пашырэнне інавацыйных падыходаў у выкарыстанні вуснай гісторыі і культуры ў развіцці самабытных тэрыторый, выступілі Брэсцкі абласны ІРА і прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларусі.

- Семінар праходзіў у рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Жывая гісторыя майго краю”, разлічанага на 2012 – 2014 гады, - расказаў першы прарэктар БрАІРА С.Р.Рачэўскі. – Мэта праекта – развіццё сельскіх рэгіёнаў праз выкарыстанне элементаў мясцовай культуры, гісторыі і прыроднага патэнцыялу, падтрымка мясцовых гісторыка-культурных ініцыятыў. У кожнай вобласці вызначаны пілотныя рэгіёны па ажыццяўленні праекта, які рэалізоўваецца з удзелам абласных інстытутаў развіцця адукацыі. Такім рэгіёнам на Брэстчыне стала вёска Выганашчы Івацэвіцкага раёна. Але праект не абмяжоўваецца толькі гэтым населеным пунктам. Вызначаны таксама іншыя самабытныя сельскія тэрыторыі ў розных раёнах вобласці.

Праект прадугледжвае распрацоўку трох навучальных курсаў для работы ў мясцовых супольнасцях (“Вусная гісторыя і лакальная культура”, “Выкарыстанне прыроднага патэнцыялу і ландшафтаў у развіцці сельскіх тэрыторый” і “Работа з інфармацыяй і развіццё мясцовай супольнасці”), правядзенне двух цыклаў семінараў для пілотных рэгіёнаў на падставе распрацаваных навучальных курсаў, рэалізацыю ў гэтых рэгіёнах мадэльных праектаў, правядзенне адкрытага конкурсу міні-праектаў у сельскіх рэгіёнах і малых населеных пунктах, стварэнне на базе абласных ІРА кансультацыйных пунктаў з мэтай распаўсюджвання інавацыйных падыходаў у дзейнасці рэгіянальных устаноў, распрацоўку і выданне дапаможніка “Гісторыя і культура ў сельскім развіцці”, стварэнне інтэрнэт-партала “На прасторы жывых вёсак” для прэзентацыі матэрыялаў праекта і правядзенне заключнага міжнароднага фестывалю.

Навучанне ўдзельнікаў семінара было арыентавана на пашырэнне іх ведаў пра прыроду, гісторыю і лакальную культуру Брэстчыны і асноўныя спосабы іх выкарыстання пры распрацоўцы праектаў, скіраваных на захаванне і развіццё самабытных тэрыторый. На мерапрыемства з’ехаліся прадстаўнікі раённых аддзелаў адукацыі, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пошукавых клубаў, устаноў дадатковай адукацыі, валанцёрскіх атрадаў і школьных лясніцтваў.

Перад удзельнікамі семінара выступілі навукоўцы БрДУ імя А.С.Пушкіна і Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі, метадысты абласнога ІРА, прадстаўнікі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў і педагогі школ. Тэматыка іх выступленняў была даволі разнастайнай: “Малыя гарады і мястэчкі Берасцейшчыны як асяродкі беларускай гісторыі і культуры”, “Духоўныя каштоўнасці краю: гаворкі Брэсцка-Пінскага Палесся”, “Дэндралагічны код палескага фальклору”, “Праблемы зберажэння біялагічнай разнастайнасці і прыроднага генафонду Брэсцкай вобласці”, “Школьнікі Берасцейшчыны на экалагічных сцежках краю”, “Народнае мастацтва і яго выяўленне ў рэпертуары мастацкіх калектываў і народных умельцаў Брэстчыны”, “Літаратурная спадчына Берасцейшчыны і праблема яе зберажэння намаганнямі ўстаноў адукацыі і культуры”, “Роля настаўнікаў у захаванні культурна-гістарычнай адметнасці вёскі Моталь Іванаўскага раёна” і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.