Павышаць якасць алімпіяднай работы ў рэгіёнах

12.6.2013

На ім разглядаліся пытанні, звязаныя з вынікамі ўдзелу каманды вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, работай устаноў спецыяльнай адукацыі Брэста па рэалізацыі правоў асоб з АПФР і дзейнасцю органаў апекі і СПЦ па стварэнні і суправаджэнні прыёмных сем’яў і дамоў сямейнага тыпу.

Начальнік аддзела вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі П.І.Валынец расказаў, што падрыхтоўка навучэнцаў да алімпіяд рознага ўзроўню ўключае работу міжшкольных прадметных факультатываў, індывідуальнае кансультаванне школьнікаў, вучэбна-трэніровачныя зборы ў рэгіёнах, дзейнасць профільных аздараўленчых летнікаў, а таксама ўдзел у дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах. Да работы з алімпіяднікамі актыўна прыцягваюцца выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, БарДУ, БДПУ імя Максіма Танка, БНТУ і БДУ.

Станоўчы вопыт у падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд назапашаны ў Баранавічах. Штогод на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава працуе профільны летнік для адораных дзяцей. Наладжана сістэма павышэння кваліфікацыі і падрыхтоўкі педкадраў для работы з таленавітымі навучэнцамі. Так, у вобласці ўкараняюцца ў практыку эфектыўныя аўтарскія методыкі настаўнікаў і выкладчыкаў УВА. У абласным ІРА арганізоўваюцца спецыяльныя курсы, трэнінгі, практычныя заняткі па рашэнні алімпіядных заданняў, абмен вопытам работы.

Заслугоўвае ўвагі вопыт работы брэсцкіх педагогаў – настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Г.У.Ныч з гімназіі № 6 і Ж.М.Казак з гімназіі № 1, настаўнікаў хіміі Г.І.Праневіч і С.С.Мелехавец з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, настаўнікаў біялогіі І.Н.Богдан з абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і В.Я.Сітдзікавай з гімназіі № 1, настаўніка рускай мовы і літаратуры І.М.Пархуціча з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і настаўніцы працоўнага навучання А.С.Завадскай з сярэдняй школы № 18.

Летась на базе абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава быў створаны рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы навучэнцаў да рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. У цэнтры праводзяцца заняткі з навучэнцамі 9 – 11 класаў па 13 прадметах. На базе ліцэяў і гімназій шэрагу раёнаў дзейнічаюць кансультацыйныя пункты (рэсурсныя цэнтры) па рабоце з адоранымі дзецьмі.

У мінулым навучальным годзе 168 школьнікаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. З 2006 года больш за 600 педагогаў і іх выхаванцаў адзначаны прэміямі аблвыканкама.

Нягледзячы на рэсурснае забеспячэнне і матэрыяльнае заахвочванне алімпіяднай работы, яе выніковасць па-ранейшаму засмучае. Сёлета ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды навучэнцы Брэстчыны атрымалі ўсяго 56 дыпломаў (летась 68). Традыцыйна сярод пераможцаў больш за ўсё прадстаўнікоў Брэста, Баранавіч і Пінска. За некалькі апошніх гадоў ніводнага “рэспубліканскага” дыплома не атрымалі навучэнцы Івацэвіцкага, Ляхавіцкага, Пружанскага і Баранавіцкага раёнаў.

Алімпіяднікі навучаюцца пераважна ў гімназіях і ліцэях. Тым не менш 5 гадоў запар няма вынікаў у гімназіях №№ 3 і 4 Брэста, гімназіях Драгічына, Камянца, Пружан і Іванава, што ставіць пад сумненне якасць алімпіяднай работы ў гэтых установах.

- Няўдалае выступленне каманды Брэстчыны звязана з недастатковай работай па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд у рэгіёнах і адсутнасцю комплекснай сістэмы падрыхтоўкі адораных навучэнцаў ад школьнага да абласнога ўзроўняў, - адзначыў П.І.Валынец. – Так, недастаткова выкарыстоўваецца патэнцыял алімпіяд для малодшых школьнікаў у Драгічынскім і Ляхавіцкім раёнах, не праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы да трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды ў Брэсце, Брэсцкім, Бярозаўскім, Ганцавіцкім і Пружанскім раёнах. Не было профільных летнікаў у Кобрынскім раёне. Амаль не прыцягвалі да работы з алімпіяднікамі выкладчыкаў УВА ў Брэсцкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім, Кобрынскім, Пружанскім, Ганцавіцкім, Столінскім і Камянецкім раёнах.

Важнае месца ў алімпіяднай рабоце займае абласны ІРА. На базе інстытута арганізоўваюцца абласныя завочныя школы па вучэбных прадметах, кансультаванне педагогаў, на сайце ўстановы размяшчаюцца і абнаўляюцца заданні па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд.

- Неабходна павышаць якасць алімпіяднай работы, - падкрэсліў П.І.Валынец. – Трэба развіваць дзейнасць міжшкольных факультатываў і профільных летнікаў. Варта больш эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял вучэбна-трэніровачных збораў. У планах – правядзенне семінараў-практыкумаў для педагогаў з запрашэннем аўтараў алімпіядных заданняў. Абласны ІРА павінен быць каардынатарам работы з адоранымі дзецьмі і педагогамі, якія займаюцца іх падрыхтоўкай. Неабходна больш дасканала прадумваць формы гэтай работы. Заняткі з навучэнцамі павінны мець сістэмны, а не эпізадычны ці кансультацыйны характар. На базе школ трэба больш актыўна ствараць рэсурсныя цэнтры.

Дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук расказала пра рэалізацыю правоў асоб з АПФР на прыкладзе ЦКРНіР “Веда” і “Стымул” Брэста. У горадзе зарэгістравана каля 1,9 тысячы “асаблівых” дзяцей. Амаль усе яны ахоплены карэкцыйна-педагагічнай дапамогай і спецыяльнай адукацыяй. Тым не менш у некаторых навучальных установах назіраюцца выпадкі, калі такія дзеці застаюцца па-за ўвагай педагогаў. Адчуваецца істотны дэфіцыт настаўнікаў-дэфектолагаў.

Адным з асноўных напрамкаў работы ЦКРНіР з’яўляецца дыягнастычная дзейнасць. У цэлым матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў спецыяльнай адукацыі Брэста дазваляе паспяхова вырашаць неабходныя задачы. Асаблівая ўвага ў цэнтрах удзяляецца арганізацыі дадатковай адукацыі з навучэнцамі спецкласаў. Так, у цэнтры “Веда” пры падтрымцы гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі і абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці ў другую палову дня дзейнічаюць 6 аб’яднанняў па інтарэсах. Акрамя таго, у “Ведзе” адкрыты 5 спецыяльных дашкольных груп, якія наведваюць дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця. Усе групы перапоўнены.

У цэнтры “Стымул” ажыццяўляецца работа па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя. У ЦКРНіР дзейнічаюць 4 спецкласы і адна спецыяльная дашкольная група, якая перапоўнена больш як у два разы.

У ЦКРНіР Брэста наладжана добрая работа з сем’ямі, дзе выхоўваюцца “асаблівыя” дзеці. У цэнтрах дзейнічаюць бацькоўскія клубы “Садружнасць” і “Дэльфін”.

Т.В.Жук прааналізавала якасць спецыяльнай адукацыі ў дашкольных і сярэдніх агульнаадукацыйных установах Брэста. У шэрагу дзіцячых садкоў і школ маюцца праблемы ў арганізацыі інтэграванага навучання і камплектаванні спецкласаў (дзіцячы сад № 19, яслі-сады №№ 64 і 65, сярэдняя школа № 28).

Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык засяродзіла ўвагу на рабоце органаў апекі і СПЦ па стварэнні і суправаджэнні прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. На пачатак 2013 года ў вобласці пражывала амаль 2,9 тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У сем’і ўладкаваны каля 2,2 тысячы. Сёння на Брэстчыне налічваецца 975 апякунскіх і 530 прыёмных сем’яў. 90 дзяцей усыноўлены грамадзянамі Беларусі і 13 – замежнікамі. Найбольшая колькасць усыноўленых дзяцей у Маскоўскім раёне Брэста (31). Ніводнага дзіцяці не ўсыноўлена на Іванаўшчыне.

Штогод памяншаецца колькасць дзяцей у інтэрнатных установах. Так, на пачатак красавіка ў іх пражывала 430 чалавек, у дапаможных і спецыяльных школах – 221. Найбольшая колькасць дзяцей паступае ў інтэрнаты з Брэста, Маларыцкага, Камянецкага, Баранавіцкага і Жабінкаўскага раёнаў. Толькі 13% дзяцей, якія пражываюць у замяшчальных сем’ях, з’яўляюцца сіротамі.

У вобласці працуе 26 дамоў сямейнага тыпу, дзе знайшлі прытулак 175 дзяцей. Сёлета плануецца пабудаваць 4 аднакватэрныя жылыя дамы для прыёмных сем’яў у Баранавіцкім, Іванаўскім і Пінскім раёнах, а таксама ў Брэсце. Актуальнай праблемай застаецца падбор сем’яў для работы ў такіх дамах. Так, амаль паўгода з-за гэтага не заселены дом сямейнага тыпу ў Пінску. Такая сітуацыя ў шэрагу выпадкаў звязана з тым, што ў раёнах (у тым ліку на сайтах устаноў) адсутнічае належнае інфармаванне патэнцыяльных бацькоў аб формах уладкавання дзяцей і працэдуры стварэння замяшчальных сем’яў.

Адным з важных напрамкаў работы застаецца якасны падбор кандыдатаў у прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі, а таксама іх навучанне. У раёнах вобласці для гэтага створаны клубы прыёмных бацькоў (“Пад бацькоўскім крылом” на Пружаншчыне, “Прамень надзеі” на Кобрыншчыне). Прыёмныя бацькі павышаюць кваліфікацыю і на базе абласнога ІРА.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.