Быць патрэбным там, дзе нарадзіўся
3.6.2013У Баранавіцкім раёне прайшоў двухдзённы абласны семінар дырэктараў базавых школ, прысвечаны кіраванню якасцю прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Удзельнікі семінара наведалі шэраг устаноў адукацыі рэгіёна, дзе азнаёміліся з цікавымі напрацоўкамі педагогаў.>
- Сям’я і школа адыгрываюць важную ролю ў сацыялізацыі дзяцей, - адзначыла начальнік раённага аддзела адукацыі Н.С.Навумчык. – Ад іх узаемадзеяння залежыць усвядомлены выбар любімай прафесіі, выхаванне добрых сем’янінаў і годных грамадзян. Супрацоўніцтва з сям’ёй пачынаецца ўжо з дзіцячага садка, калі выяўляюцца інтарэсы, схільнасці і здольнасці выхаванцаў праз розныя віды матывацыі. Тут жа адбываецца і першае знаёмства са светам прафесій. У кожнай дашкольнай установе раёна назапашаны станоўчы вопыт гэтай работы. Так, у Гарадзішчанскім яслях-садзе паспяхова вядзецца інавацыйная дзейнасць па ўкараненні каштоўнасна-нарматыўнай мадэлі прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Гэты праект дапамагае кожнаму выхавальніку сфарміраваць прафесійную індывідуальнасць і культуру, садзейнічае асобаснаму развіццю і ўдасканаленню, а таксама задавальняе запыты бацькоў і дзяцей.
Вопыт рэалізацыі праектаў азелянення прышкольных тэрыторый, наяўнасць малых архітэктурных форм адлюстраваны на прысядзібных участках жыхароў, што сведчыць пра многае. Пашырае плённае ўзаемадзеянне педагогаў, бацькоў і дзяцей адзіная інфармацыйная прастора. Так, тэматычныя стэнды “Для вас, бацькі”, “Бацькі – перадавікі вытворчасці” і “Мы ганарымся імі” ўмацоўваюць сямейныя каштоўнасці, дапамагаюць убачыць ролю ведаў і ўменняў ва ўсвядомленым выбары прафесіі.
На сайтах школ бацькі могуць атрымаць карысныя парады псіхолага, сацыяльнага педагога, класнага кіраўніка і работніка праваахоўных органаў, а таксама пазнаёміцца з анонсам мерапрыемстваў, работай гурткоў і секцый у суботу.
Штогод пад кіраўніцтвам вучэбна-метадычнага кабінета вывучаецца, абагульняецца і ўкараняецца вопыт супрацоўніцтва школы і сям’і. Так, сацыяльна-педагагічны цэнтр выкарыстоўвае ў рабоце шведскі вопыт па правядзенні трэнінгавых заняткаў “Паспяховае бацькоўства”. Сацыяльны педагог цэнтра распрацавала праект, скіраваны на фарміраванне прававой культуры, культуры сямейных адносінаў і прафілактыку суіцыдальных паводзін. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца праект псіхолага па прафарыентацыі “Прынясі карысць свайму рэгіёну”, арыентаваны на ўсвядомлены выбар прафесій, запатрабаваных па месцы жыхарства.
Н.С.Навумчык расказала, што падрыхтоўка навучэнцаў да сямейнага жыцця адбываецца падчас клубнай работы і рэалізацыі сацыяльных праектаў “Вясёлка зносін”, “Бацька вачыма дзіцяці” і “Быць шчаслівым”. Перад бацькамі часта выступаюць свяшчэннікі, якія знаёмяць іх з духоўна-маральнымі традыцыямі сямейнага выхавання. Ва ўсіх школах запатрабаваны факультатыў “Біблія як помнік гісторыі і літаратуры”.
Установы адукацыі цесна супрацоўнічаюць з Чырвоным Крыжам. Дзякуючы гэтаму, развіваецца валанцёрскі рух, скіраваны на аказанне дапамогі адзінокім старым, прафілактыку ВІЧ-інфекцыі і туберкулёзу, супрацьдзеянне гандлю людзьмі. У Гарадзішчанскай сярэдняй школе была створана першая ў краіне інавацыйная пляцоўка па распаўсюджванні ведаў аб міжнародным гуманітарным праве. Гэты праект сёння рэалізоўваецца ва ўсіх школах раёна.
- Ва ўмовах сельскага рэгіёна школа з’яўляецца сацыякультурным цэнтрам вёскі, - адзначыла Н.С.Навумчык. – Сацыяльная сфера ў аграгарадках не такая разнастайная, як у горадзе, але яе лакальнае размяшчэнне дазваляе больш цесна супрацоўнічаць установам адукацыі з Дамамі культуры, бібліятэкамі, музычнымі школамі, амбулаторыямі, праваахоўнымі органамі і сельсаветамі. Усё гэта займае важнае месца ў прафарыентацыйнай рабоце. Педагогі раёна працуюць па прынцыпе “Ад творчасці настаўніка да творчасці навучэнца”. Школы ўзаемадзейнічаюць з УВА па падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд, распрацоўваюць тэматыку факультатыўных заняткаў, арыентаваную на далейшы працяг адукацыі і ўсвядомлены выбар прафесіі, прапаноўваюць навучэнцам індывідуальныя заняткі, розныя конкурсы, канферэнцыі, канцэрты і спаборніцтвы.
Для азнаямлення з прафесіямі, запатрабаванымі ў рэгіёне, ладзяцца экскурсіі на прадпрыемствы, у арганізацыі і дзяржаўныя ўстановы. Бацькі і дзеці рэгулярна інфармуюцца аб сітуацыі на рынку працы, паслугах, якія аказвае цэнтр занятасці, запатрабаваных прафесіях, арганізацыі часовага працаўладкавання школьнікаў у вольны час.
У школах праводзіцца анкетаванне і тэсціраванне навучэнцаў для выяўлення іх схільнасцей да пэўнага віду дзейнасці. Па выніках гэтых працэдур даюцца адпаведныя рэкамендацыі. Акрамя таго, у школах арганізоўваюцца дні прафесійнага кансультавання, трэнінгавыя заняткі, лекцыі, семінары, псіхолага-педагагічныя кансіліумы і індывідуальныя кансультацыі. Праходзяць бацькоўскія лекторыі па прафарыентацыі, дыспуты па прафесійным і асобасным самавызначэнні з удзелам бацькоў і выкладчыкаў ПТНУ, ССНУ і УВА.
У Ніжнечэрніхаўскай базавай школе, як расказала яе дырэктар М.М.Палуянчык, педагогі арыентуюць дзяцей на паступленне ў ПТНУ і ССНУ. Школьнікі вывучаюць прафесіі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў мясцовасці, дзе пражываюць (механізатары і вадзіцелі, урачы і настаўнікі, паштальёны і прадаўцы, інжынеры і аграномы, ветэрынары і аператары машыннага даення, клубныя работнікі і работнікі сельсавета).
Першую школу працоўнай падрыхтоўкі дзеці атрымліваюць на прышкольным вопытным участку і падчас добраўпарадкавання ўстановы. Да гэтай работы далучаюцца ўжо з 3 класа. Зразумела, што атрыманыя працоўныя навыкі спатрэбяцца ў любой сферы дзейнасці.
Знаёмства з прафесіямі бацькоў адбываецца ў гульнёвай дзейнасці, на ўроках чытання, выяўленчага мастацтва, музыкі і працоўнага навучання. Дзеці прыглядваюцца да розных прафесій і выбіраюць з іх найбольшую цікавую. Малодшыя школьнікі наведваюць пажарную часць у вёсцы Савічы, мясцовую ферму і краму, удзельнічаюць у прафарыентацыйных конкурсах малюнкаў, вершаў і сачыненняў “Кім працуе мая мама/мой тата”, “Самая цікавая прафесія” і “Калі я вырасту, буду працаваць…”. Вясеннія работы і летняя працоўная практыка дазваляюць дзецям ацаніць фізічную працу і паспрабаваць сябе ў ролі садаводаў і ландшафтных дызайнераў.
Дзевяцікласнікі сустракаюцца з прадстаўнікамі ССНУ. Надзвычай цесныя сувязі наладжаны з Жыровіцкім дзяржаўным агратэхнічным каледжам. У школьнай бібліятэцы ладзяцца выставы кніг аб розных прафесіях. Вынікам сістэмнай работы з’яўляецца тое, што ўсе дзевяцікласнікі вызначаюцца да заканчэння школы з прафесіяй.
Дырэктар Сеўрукоўскай базавай школы Л.У.Клімянчэнка засяродзіла ўвагу на ролі супрацоўніцтва навучальнай установы і базавых прадпрыемстваў у прафесійным самавызначэнні дзевяцікласнікаў. Так, школа цесна ўзаемадзейнічае з птушкафабрыкай “Дружба” і яе філіялам “Цяпліводы”, дзе працуе 80% бацькоў навучэнцаў. Гэтая акалічнасць станоўча ўплывае на выніковасць прафарыентацыйнай работы і папулярнасць рабочых прафесій.
Для школьнікаў арганізоўваюцца экскурсіі на прадпрыемствы, сустрэчы з іх кіраўніцтвам і работнікамі. Неад’емнай часткай прафесійнага выхавання навучэнцаў з’яўляецца сумесная дзейнасць з супрацоўнікамі базавага прадпрыемства “Цяпліводы”, якая ўключае абнаўленне музейнага пакоя “Беларуская хата”, загатоўку садавіны для школьнай сталовай, уборку бульбы, будаўнічыя работы і работы па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі і вёскі, а таксама тэатралізаваныя мерапрыемствы.
Большасць выпускнікоў застаюцца працаваць на базавых прадпрыемствах, бо яшчэ ў школе пераконваюцца, што там іх чакае стабільная работа (сёння на прадпрыемстве “Цяпліводы” працуюць 60 выхаванцаў школы).
Падчас семінара вопытам прафарыентацыйнай работы падзяліліся таксама дырэктар Арабаўшчынскай базавай школы А.М.Шылава і загадчыца Арабаўшчынскага дзіцячага сада Г.М.Адаменка.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.